Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны пачалося з флэшмобу дэпутатаў у падтрымку беларускага народу
Новая Баравая. Новы дзень, новы сьцяг
Фота і відэа чытачоў
Die Welt: Лукашэнкі ня будзе ў санкцыйным спісе ЭЗ, бо супраць Нямеччына, Францыя і Італія
Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, паведаміла нямецкае выданьне Die Welt са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле інфармацыі Die Welt, за гэта, у прыватнасьці, выступіла Нямеччына, якую падтрымалі Францыя і Італія.
Падчас дыскусіяў Бэрлін і Парыж сьцьвярджалі, што каналы сувязі з Лукашэнкам павінны быць адкрытымі пры ўсякіх абставінах. Уключэньне яго ў санкцыйны сьпіс перашкодзіла б гэтаму. Некалькі дзяржаваў Эўразьвязу, найперш краіны Балтыі і Польшча, ня згодныя з гэтым і прасілі ўнесьці імя Лукашэнкі ў сьпіс, піша Die Welt.
Як Крэмль пашырае антырасейскія настроі ў Беларусі
«Для Расеі выгаднейшы зацяжны грамадзянскі канфлікт беларускіх грамадзянаў з дыктатарам, чым відавочная пераарыентацыя беларусаў у заходнім кірунку», — піша ў сваім блогу на Свабодзе Севярын Квяткоўскі.
Адвакатаў пусьцілі да затрыманых 1 верасьня журналістаў. Раніцай чакаюць судоў
Позна вечарам 3 верасьня адвакатаў пусьцілі да затрыманых 1 верасьня журналістаў, якіх да суду трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.
Супрацоўнік МУС, які суправаджаў адвакатаў у ІЧУ, сказаў, што матэрыялы справы паступяць у суд а 9-й раніцы.
Ужо пайшлі трэція содні, як затрыманыя журналісты за кратамі.
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 каля стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».
Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны рэпрэзэнтуюць.
На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае кару ў выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту.
2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў з Кастрычніцкага РУУС перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. 3 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску іхныя справы не разглядаў.
Славаччына вылучыць 250 тысяч эўра на падтрымку беларусаў, якія сталі ахвярам рэпрэсіяў
Славаччына створыць фонд для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці пасьля несвабодных, недэмакратычных і сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, паведаміў Nový Čas.
На падтрымку беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў, плянуюць вылучыць 250 тысяч эўраў.
У якасьці адной з формаў падтрымкі мяркуюць выдаць да 20 дадатковых стыпэндыяў беларускім студэнтам для вучобы ў Славаччыне. Цяпер у Славаччыне на дзяржаўнай стыпэндыі вучацца 2 беларусы.