«Не падтрымліваць дыктатара» — чаму выкладчыца ангельскай мовы выйшла на адзіночны пікет да амбасады Расеі ў Менску
У дзень візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна выкладчыца ангельскай мовы Валянціна Голубева выйшла да амбасады РФ з плякатам «Найлепшая дапамога РФ РБ — не падтрымліваць дыктатара». Яе затрымалі, і 3 гадзіны яна правяла ў РУУС Цэнтральнага раёну.
«Гэта быў зручны момант заявіць пра настроі беларусаў, — тлумачыць Валянціна свой учынак.
Валянціна кажа, што выхад на адзіночны пікет — гэта «не спантанны ўсплёск эмоцый», ён тлумачыцца кантэкстам усяго, што адбываецца ў краіне.
«Людзі ў Беларусі насьцярожана назіраюць за любымі дзеяньнямі Лукашэнкі і Пуціна і іх функцыянэраў. Трэба ведаць нашых людзей, — кажа Валянціна. — Тут маўчаньне — зусім ня знак згоды. Людзі проста замерлі ў чаканьні пэўнай інфармацыі пра пляны Лукашэнкі і маральна рыхтуюцца адстойваць наш сувэрэнітэт любымі спосабамі».
Чытаць далей.
Рэктар МДЛУ патлумачыла затрыманьні ва ўнівэрсытэце «несанкцыянаванай акцыяй» зь «лёзунгамі і недзяржаўнай сымболікай»
У адмысловым відэазвароце рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) Натальля Баранава назвала сёньняшнія затрыманьні студэнтаў «беспрэцэдэнтнай падзеяй».
Пасьля таго, як студэнты прасьпявалі ў фае ўнівэрсытэту гімн Францускай Рэспублікі «Марсэльезу», у якім ёсьць словы пра змаганьне з тыраніяй, у будынак заскочылі сілавікі і жорстка затрымалі пяць студэнтаў.
Натальля Баранава запэўніла, што адміністрацыя ўстановы ня ведала пра прыбыцьцё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх дзеяньняў. Са спасылкай на МУС рэктарка МДЛУ назвала прычынай затрыманьняў «несанкцыянаваную акцыю ў сьценах унівэрсытэта».
«Студэнты плянавалі сьпяваць песьні ў фае ўнівэрсытэту. Для дыялёгу зь імі былі накіраваныя дэканы факультэтаў. Падчас выкананьня песень мерапрыемства набыло палітызаваны характар. Прагучалі лёзунгі, зьявілася недзяржаўная сымболіка. А далей адбылося тое, што адбылося», — сказала Баранава.
Зьвяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, яна заявіла пра «недапушчальнасьць арганізацыі і правядзеньня ва ўнівэрсытэце несанкцыянаваных мерапрыемстваў».
Удзельнікі акцыі салідарнасьці пакідаюць плошчу Незалежнасьці, узяўшыся за рукі
Раней людзі сьпявалі песьню «Муры».
Як на праспэкце сустрэліся калёны за і супраць Лукашэнкі
«Мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасьці»
Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў Беларусі, заявіў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, выступаючы 4 верасьня перад Радай Бясьпекі ААН.
«Ахвяры сьведчаць, што катаваньні насілі масавы і сыстэмны характар і выкарыстоўваліся як палітычна матываванае пакараньне грамадзян за выказваньне сваёй думкі і ўдзел у антыўрадавых пратэстах. Мы можам дакладна сказаць, што мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасьці, якія ня маюць тэрміну даўнасьці ў нашым нацыянальным заканадаўстве. Аднак цяпер пракуратура і Сьледчы камітэт не распачалі крымінальных спраў на гэтых падставах».
Паводле яго, увесь сьвет «павінен быць занепакоены беспрэцэдэнтным парушэньнем правоў чалавека і ўласных законаў цяперашнім урадам Беларусі».
Афіцыйны Менск лічыць сустрэчу Рады бясьпекі ААН нелегітымнай
Нефармальная сустрэча Рады бясьпекі ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі, праведзеная «паводле формулы Арыя», ёсьць нелегітымнай і супярэчыць Статуту сусьветнай арганізацыі. Пра гэта ў пятніцу заявіў на пасяджэньні рады сталы прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН Валянцін Рыбакоў.
«Будучы адкрытымі для інклюзіўнага і канструктыўнага дыялёгу, мы ніколі не прымем спробаў іншых краін сяброў [ААН] злоўжываць РБ ААН, у тым ліку праводзячы такія сустрэчы, як сёньня, для таго каб набіраць палітычныя пункты, ужываючы выбіральныя падыходы, — сказаў Рыбакоў. — Гэткія спробы супярэчаць палажэньням Статуту ААН, паколькі пытаньні парушэньня правоў чалавека павінны разглядацца адпаведнымі органамі ААН, якія маюць вельмі відавочны і празрысты мандат на ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці».
Затрыманьні на праспэкце Пераможцаў сёньня ўвечары
Акцыя салідарнасьці ў Горадні ідзе праз стары горад
Менск. Шэсьце ідзе да праспэкту Незалежнасьці
Выпускніца МДЛУ пранікнёна выступіла ў падтрымку сёньняшніх студэнтаў
Пампэо ў гутарцы пра Беларусь згадаў пра Бога
ЗША разам з Эўразьвязам працуюць над забесьпячэньнем абароны правоў і свабодаў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. Пра гэта дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо паведаміў у пятніцу ў інтэрвію амэрыканскаму радыёвядоўцу Г'ю Гʼюіту.
«Мы ясна далі зразумець, што гэтыя выбары не былі сапраўднымі выбарамі. Яны былі сфальсыфікаваныя. Яны не былі справядлівымі», — сказаў Пампэо, адказваючы на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў.
«Мы зараз пачалі працу з нашымі партнэрамі з Эўразьвязу над забесьпячэньнем таго, у імя чаго ўсе гэтыя людзі выйшлі на вуліцы, ахвяравалі сваім жыцьцём і трапілі ў турму — толькі за патрабаваньне паважаць асноўныя свабоды, падараваныя прыродай кожнаму чалавеку, створанаму на вобраз і падабенства Бога. Мы хочам, каб беларускі народ гэта меў, і мы гэтага даможамся», — заявіў дзяржсакратар ЗША.
У раёне стэлы ў Менску пачаліся затрыманьні
Пра гэта паведамляе «Наша Ніва». Раней каля стэлы, дзе вайскоўцы выставілі агароджу, сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.
БАЖ: прыраўноўваньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «топча нормы права»
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выказала пратэст у сувязі з арыштамі і абвінаваўчымі пастановамі суду ў дачыненьні да журналістаў.
4 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску вынес пастановы аб адміністрацыйным арышце на трое сутак шасьці журналістаў, затрыманых 1 верасьня пры выкананьні імі прафэсійных і службовых абавязкаў.
У асацыяцыі адзначаюць:
- Судовыя працэсы прайшлі з поўным ігнараваньнем стандартаў справядлівага судовага разбору».
- Прыраўноўваньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «недапушчальнае і топча нормы права».
- Журналісты маюць права знаходзіцца на масавых мерапрыемствах паводле законаў «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
- Словы кіраўніка МУС Юрыя Караева аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў працу журналістаў «альбо ігнаруюцца, альбо не адпавядаюць рэальным указаньням асабоваму складу».
БАЖ патрабуе спыніць парушэньні правоў журналістаў і СМІ, перагледзець судовыя пастановы і пакараць асоб, якія перашкаджалі журналісцкай дзейнасьці.
Рэклямшчыка Аляксандра Васілевіча і ягоную жонку вінавацяць у крымінальным злачынстве
Уласьніку галерэі «Ў» і рэклямнага агенцтва Vondel / Hepta Аляксандру Васілевічу і ягонай жонцы, уласьніцы агенцтва Red Graphic Надзеі Зелянковай, выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Зелянкова цяпер на сёмым месяцы цяжарнасьці.
У чым абвінавачваюць сужэнцаў, невядома: адвакатка Алена Дзеніс дала падпіску аб неразгалошваньні. Васілевіч будзе пад вартай.
Аляксандра Васілевіча арыштавалі 27 жніўня. Надзея Зелянкова на волі.
«Спыніце ціск на СМІ! Свабоду журналістам!»
Партал Tut.by абнавіў уласны лягатып на галоўнай старонцы. Цяпер замест літары U — твар з заклееным ротам. Яго суправаджае надпіс: «Спыніце ціск на СМІ! Свабоду журналістам!»
Падобным чынам абнавіў, але толькі ў сацыяльных сетках, свой лягатып Onliner.by.
Ланцуг салідарнасьці каля ПВТ разагнаў АМАП
Як піша Tut.by, да ланцуга пад'ехаў аўтобус зь сілавікамі, удзельнікі акцыі разьбегліся. «Белсат» перадае, што там затрымалі іх карэспандэнтку Любоў Лунёву і апэратара Зьмітра Буянава. Пасьля праверкі дакумэнтаў іх адпусьцілі.
Вось як выглядала акцыя да разгону.
Ва Ўкраіну за два тыдні пераехалі каля 300 беларускіх ІТ-шнікаў
Міністэрства лічбавай трансфармацыі Ўкраіны стварыла адмысловы партал, які ў кругласутачным рэжыме дапамагае супрацоўнікам беларускіх ІТ-кампаній пераехаць для працы ва Ўкраіну.
Прадстаўнікі рэсурсу belarustoukraine.com дапамагаюць беларускім ІТ-спэцыялістам афіцыйна працаўладкавацца ва Ўкраіне і атрымаць від на жыхарства.
Паводле намесьніка міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Аляксандра Барнякова, за два апошнія тыдні ва Ўкраіну ўехалі больш як 4,5 тысячы грамадзян Беларусі. Зь іх каля 300 прадстаўнікоў ІТ-індустрыі.
Што сказала Ціханоўская на паседжаньні Рады бясьпекі ААН
«У 1945 годзе Беларусь была адной з заснавальніц ААН. Цяпер нам, беларускаму народу, патрэбная дапамога Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб спыніць грубыя парушэньні правоў чалавека і цынічную непавагу да чалавечай годнасьці ў цэнтры Эўропы.
- Мы просім Арганізацыю Аб’яднаных Нацый асудзіць ужываньне празьмернай сілы беларускімі спэцслужбамі супраць пратэстоўцаў;
- мы прапануем склікаць спэцыяльную сэсію Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
- мы заклікаем ААН накіраваць у Беларусь неадкладную міжнародную маніторынгавую місію для дакумэнтаваньня сытуацыі на месцах;
- мы патрабуем дазволу на ўезд і свабоднае перамяшчэньне спэцыяльнаму дакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
- мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх адвольна затрыманых палітзьняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Міколы Статкевіча і дзясяткаў іншых арыштаваных лідэраў грамадзянскай супольнасьці»
Польшча хоча даць права нашчадкам жыхароў Рэчы Паспалітай прасьцей пераяжджаць у краіну
Польскі ўрад пачаў працу над зьменамі ў законах, якія дазволяць нашчадкам жыхароў І Рэчы Паспалітай і ІІ Рэчы Паспалітай (1918–1939), якія дэкляруюць адносіны з Польшчай, пераехаць у Польшчу. Пра гэта паведаміў у пятніцу кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра краіны Міхал Дворчык.
I Рэччу Паспалітай у Польшчы называюць супольную дзяржаву Кароны Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якая была канчаткова ліквідаваная ў выніку трох падзелаў. Апошні адбыўся ў 1795 годзе. У розныя пэрыяды ў склад гэтай дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі ўсёй сучаснай Рэспублікі Беларусь. У склад міжваеннай Польшчы ўваходзіла сучасная заходняя частка Беларусі
СК не пабачыў масавых катаваньняў у Беларусі
Сьледчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі звароту грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» па факце масавых катаваньняў людзей
Гэта вынікае з адказу, які паступіў са Сьледчага камітэту ў БХК. Праваабаронцы патрабавалі ад СК расьсьледаваць катаваньні, а вінаватых — прыцягнуць да адказнасьці.
У звароце Беларускага Хэльсынскага камітэту гаварылася аб непрапарцыйным ужываньні сілы і спэцсродкаў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, а таксама аб масавых зьбіваньнях і катаваньнях затрыманых.
«Паколькі ў Вашым звароце адсутнічаюць зьвесткі аб канкрэтных злачынствах і іншых абставінах, падстаў для правядзеньня Сьледчым камітэтам праверкі непасрэдна па гэтым звароце і прыняцьця рашэньняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма», — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарату СК Сяргея Цішука.