Больш за 30 пэнсіянэраў з чырвона-зялёнымі сьцягамі сабраліся на мітынг ля консульства Літвы ў Горадні 3 верасьня.
Яны трымалі плякаты «Сьвятлану Ціханоўскую ў прэзыдэнты Літвы», «Мы супраць санкцый», «Не патрэбныя нам вашыя парады», «Не дамо разваліць Беларусь», «Не дуры нам галавы». Скандавалі «За Беларусь», «За бацьку», «Сьвета, смаж катлеты».
Удзельнікі мітынгу абураліся дзеяньнямі Літвы, умяшаньнем яе ў жыцьцё Беларусі, пералічвалі хібы ў жыцьці краіны-суседкі, нават гукалі, каб да іх выйшаў консул Літвы ў Беларусі. Паўтаралі, што на выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка. Заяўлялі, што яны мірныя людзі, і ня хочуць вайны, і не дадуць падзяліць Беларусь. Самадзейны паэт прачытаў зьедлівы верш пра бел-чырвона-белы фарс і катлеты Ціханоўскай.
«Горадзенская вобласьць — смачны кавалак, вядома, яны хочуць яе адцяць», — выказваліся пра паўночных суседзяў удзельнікі мітынгу.
Калі гарадзенка, што праяжджала міма, ветліва запыталася, ці ёсьць дазвол на мітынг, сабраныя абурыліся. У яе перапытвалі, што ёй не падабаецца, прасілі паказаць нібыта польскі пашпарт, пыталіся, колькі ёй заплацілі. Урэшце назвалі яе правакатаркай і вырашылі разысьціся. Мітынг ішоў менш за гадзіну.