Сяброў Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага зноў будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу). Сёньня іх меліся вызваліць зь ЦІП на Акрэсьціна пасьля адбываньня адміністрацыйнага арышту. У чым абвінавачваюць сяброў рады, пакуль невядома.
Кавалькову і Дылеўскага затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ і асудзілі на 10-дзённы адміністрацыйны арышт праз абвінавачаньне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Кавалькова ў судзе заявіла пра катаваньні
У Кавальковай скончыўся тэрмін утрымання пад вартай сёньня аб 11:12. Яна прасіла суд вызваліць яе, пасьля чаго на сёньняшняе пасяджаньне абяцала прыехаць сама з Акрэсьціна. Судьдзя адмовіла. Знаёміцца з акалічнасьцямі справы Кавальковай давялося з адвакатам праз скайп.
У судзе Кавалькова заявіла пра пра катаваньні і запатрабавала мэдычнай дапамогі.
«Гэта проста катаванні, што адбываецца са мной. Я некалькі дзён ня спала нармальна, сёння ўначы я спала толькі адну гадзіну. Мне моцна баліць жывот цяпер, я не магу сядзець. Я маю патрэбу ў мэдычнай дапамозе», — сказала Кавалькова.
Вольгу Кавалькову абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 23 жніўня
Аднавіўся суд над Вольгай Кавальковай. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле у несанкцыянаваным мітынгу 23 жніўня. Паводле матэрыялаў справы, яна выступала на пляцоўцы каля гатэлю «Плянэта» «з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры». У якасьці доказаў у матэрыялах справы выкарыстаныя скрыншоты з парталу Tut.by і сайту газэты «Новы час».
23 жніўня ў Менску прайшоў «Марш за новую Беларусь». У ім узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Людзі сабраліся каля Дому ўраду ў Менску, а адтуль па праспэкце Незалежнасьці рушылі на праспэкт Пераможцаў. Марш завершыўся каля Палаца незалежнасьці ў Менску. Менавіта ў той дзень зьявіліся кадры Аляксандра Лукашэнкі з аўтаматам і Мікалая Лукашэнкі ў вайсковай форме.