Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску
Пратэст студэнтаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску

26-ы дзень пратэстаў. Лукашэнка замяніў сілавікоў. Арышты тэлевядоўцаў. Журналісты ў няволі. Студэнты пагражаюць страйкам

Што адбываецца ў Беларусі на 26-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

16:46 3.9.2020

У Горадні пэнсіянэры зладзілі пад літоўскім консульствам мітынг «за Лукашэнку». Фота

Больш за 30 пэнсіянэраў з чырвона-зялёнымі сьцягамі сабраліся на мітынг ля консульства Літвы ў Горадні 3 верасьня.

Яны трымалі плякаты «Сьвятлану Ціханоўскую ў прэзыдэнты Літвы», «Мы супраць санкцый», «Не патрэбныя нам вашыя парады», «Не дамо разваліць Беларусь», «Не дуры нам галавы». Скандавалі «За Беларусь», «За бацьку», «Сьвета, смаж катлеты».

Мітынг прыхільнікаў Лукашэнкі пад літоўскім консульствам у Горадні

Удзельнікі мітынгу абураліся дзеяньнямі Літвы, умяшаньнем яе ў жыцьцё Беларусі, пералічвалі хібы ў жыцьці краіны-суседкі, нават гукалі, каб да іх выйшаў консул Літвы ў Беларусі. Паўтаралі, што на выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка. Заяўлялі, што яны мірныя людзі, і ня хочуць вайны, і не дадуць падзяліць Беларусь. Самадзейны паэт прачытаў зьедлівы верш пра бел-чырвона-белы фарс і катлеты Ціханоўскай.

«Горадзенская вобласьць — смачны кавалак, вядома, яны хочуць яе адцяць», — выказваліся пра паўночных суседзяў удзельнікі мітынгу.

Калі гарадзенка, што праяжджала міма, ветліва запыталася, ці ёсьць дазвол на мітынг, сабраныя абурыліся. У яе перапытвалі, што ёй не падабаецца, прасілі паказаць нібыта польскі пашпарт, пыталіся, колькі ёй заплацілі. Урэшце назвалі яе правакатаркай і вырашылі разысьціся. Мітынг ішоў менш за гадзіну.

Больш фота.

16:46 3.9.2020

Кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структурах сьведчаць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў, — меркаваньне аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка

Нягледзячы на рэзка адмоўнае ўспрыманьне дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў як беларускім грамадзтвам, так і міжнароднай супольнасьцю, Аляксандар Лукашэнка, мяркуючы па сёньняшнім прызначэньням, палічыў іх недастаткова жорсткімі.

Найперш гэта тычыцца былога сакратара Рады бясьпекі Раўкова, які, паводле пасады, мусіў каардынаваць дзейнасьці сілавікоў. Людзі, якія добра ведаюць Раўкова яшчэ да прызначэньня міністрам абароны, ацэньваюць яго як чалавека разважлівага і ня здольнага ісьці на празьмерна жорсткія крокі. Цяпер гэтая функцыя аддадзеная колішняму старшыні КДБ Вакульчыку.

Ёсьць сьведчаньні, што на Акрэсьціна брутальнымі дзеяньнямі АМАПу кіравалі афіцэры КДБ.

Пасаду кіраўніка КДБ зойме генэрал Тэртэль, які вяртаецца ў «роднае» ведамства, дзе яшчэ тры месяцы таму ён быў намесьнікам старшыні, з пасады старшыні Камітэту дзяржкантролю.

Тэртэля ацэньваюць як кіраўніка жорсткага і схільнага да сілавых і рэпрэсіўных мэтадаў. Паводле дыпляматаў, якія прысутнічалі на сустрэчы зь Тэртэлем у МЗС у чэрвені, ён размаўляў зь імі як сьледчы з падазраванымі.

Гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка пацьвярджае абраны ім курс на «завінчваньне гаек», у якім няма месца дыялёгу з грамадзтвам, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

16:34 3.9.2020

Праваабаронцы патрабуюць у ААН расьсьледаваць сыстэматычнае прымяненьне катаваньняў у Беларусі

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі Камітэт накіравалі ў інтарэсах 47 пацярпелых на мірных акцыях пратэсту зварот у Камітэт супраць катаваньняў ААН аб правядзеньні расьсьледаваньня па факце сыстэматычнага прымяненьня катаваньняў на тэрыторыі Беларусі, інфармуе сайт «Вясны».

Заяўнікамі Камітэту прадстаўленыя доказы, што на працягу некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, па ўсёй краіне супрацоўнікамі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь у розных установах праваахоўнай сыстэмы (як у ходзе затрыманьня, так і ў пэрыяд утрыманьня затрыманых грамадзян) рабіліся дзеяньні, якімі грамадзянам наўмысна прычыняўся моцны боль, а таксама фізычныя і маральныя пакуты, што выявілася ў прычыненьні цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці і нанясеньні псыхалягічных траўмаў.

Праваабаронцы і пацярпелыя просяць Камітэт разгледзець зварот у максымальна апэратыўныя тэрміны, бо ў краіне працягваюцца сыстэматычныя затрыманьні ўдзельнікаў мірных пратэстаў, іх незаконнае і неналежнае ўтрыманьне ў месцах ізаляцыі.

16:09 3.9.2020

«Заставацца дома стала небясьпечна». Вакалістка гурту Shuma Руся зьехала ва Ўкраіну

«Я зьехала з Аей у Кіеў, заставацца дома для нас стала небясьпечна. Сёньня я пачынаю сустракацца з мэдыя і фондамі, у мяне цяпер разьвязаныя рукі і вяртаецца прадуктыўнасьць. Не сакрэт, што я ўжо шмат гадоў працую з НДА, якія зьвязаныя з правамі чалавека, дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьцю, палітыкай і культурай».

16:09 3.9.2020

Зьбітага падлетка, які быў у коме, хочуць дапытаць у крымінальнай справе аб масавых беспарадках

16-гадовага Цімура М., якога прывезьлі ў 3-ю дзіцячую лякарню Менску з Партызанскага РУУС 13 жніўня, а 12 жніўня затрымалі ў раёне Каменнай Горкі, даставілі ў гарадзкую ўправу Сьледчага камітэту.

Як расказаў яго адвакат Станіслаў Абразей са спасылкай на словы сябра старэйшай сястры Цімура, падлетка затрымалі сёньня раніцай і адвезьлі на допыт у рамках артыкулу 293 КК (масавыя беспарадкі), паведамляе Tut.by.

Больш ніякіх абставінаў справы Станіслаў Абразей на гэты момант ня ведае, ён тэрмінова выехаў у Менск да свайго падабароннага.

15:35 3.9.2020

Сябру Каардынацыйнай рады Сяргею Дылеўскаму прысудзілі 15 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю» (ч.1 арт.23.34 КаАП РБ). Судзьдзя Вікторыя Шабуня

15:35 3.9.2020

Тэлевядоўцу Дзянісу Дудзінскаму прысудзілі 10 сутак арышту

3 верасьня тэлевядоўцу Дзянісу Дудзінскаму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Такое рашэньне прыняла судзьдзя Анастасія Ляйкоўская ў судзе Першамайскага раёну Менску.

Дзяніса Дудзінскага судзілі без адвакатаў. Пра гэта паведамілі ягоныя абаронцы. Таксама нікому не паведамілі, што суд адбудзецца ў Першамайскім раёне. Раней жонцы Дудзінскага казалі, што ягоную справу будуць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну, дзе яго чакалі адвакаты, жонка і сябры.

Тэлевядоўцу Дзьмітрыя Кахно будуць судзіць у 15.40 у судзе Першамайскага раёну Менску. Судьдзя Максім Трусевіч.

2 верасьня зьявілася інфармацыя пра затрыманьне вядоўцаў Дзьмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага, якія страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля таго, як выказаліся супраць гвалту сілавікоў над мірнымі людзьмі. Раніцай 3 верасьня жонкі тэлевядоўцаў пацьвердзілі, што Дудзінскі і Кахно за кратамі.

15:31 3.9.2020

«Заставацца дома стала небясьпечна». Вакалістка гурту Shuma Руся зьехала ва Ўкраіну

Вакалістка гурту Shuma Руся пакінула Беларусь. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facabook.

«Я зьехала з Аяй у Кіеў, заставацца дома для нас стала небясьпечна. Сёньня я пачынаю сустракацца з мэдыя і фондамі, у мяне цяпер разьвязаныя рукі і вяртаецца прадуктыўнасьць. Не сакрэт, што я ўжо шмат гадоў працую з НДА, якія зьвязаныя з правамі чалавека, дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьцю, палітыкай і культурай».

15:08 3.9.2020

«Неабходна цалкам выключыць вонкавае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі», — прэмʼер-міністар Расеі

«Перш за ўсё хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць важнасьць забесьпячэньня незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі. Перакананыя, што ў цяперашняй сытуацыі неабходна дзейнічаць строга ў прававым полі, цалкам выключыць вонкавае ўмяшаньне ва ўнутраныя палітычныя працэсы Беларусі, адмовіцца ад усякага роду пагроз, прымяненьня аднабаковых санкцый і іншых нелегітымных абмежавальных захадаў», — перадае БелТА словы прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна на перамовах беларускай і расейскай урадавых дэлегацый у Менску.

15:07 3.9.2020

Студэнты МДЛУ зьбіраюць подпісы пад зваротам да рэктара, пагражаюць пачаць страйк

У фае Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту сёньня зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй да рэктара Натальлі Баранавай. Пазьней у студэнтаў адбылася сустрэча з прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ўладзімерам Пашкевічам.

У пэтыцыі студэнты і супрацоўнікі ўнівэрсытэту патрабуюць ад рэктара ў сувязі з парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў «выступіць з адназначнай заявай» у падтрымку шэрагу патрабаваньняў да ўладаў:

  • адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі;
  • спыненьня гвалту і пакараньня вінаватых у катаваньнях;
  • неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў;
  • адстаўкі Цэнтарвыбаркаму;
  • правядзеньня паўторных выбараў.

Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, студэнты пагражаюць пачаць страйк.

Падчас сустрэчы з прарэктарам Уладзімерам Пашкевічам студэнты патрабавалі таксама тлумачэньняў наконт учорашніх затрыманьняў.

15:05 3.9.2020

Дакумэнты ў справе шасьці затрыманых журналістаў у суд пакуль не паступілі

2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. На 14 гадзін 3 верасьня іх спраў у канцылярыі суду Кастрычніцкага раёну Менску няма.

Пасьля разгону студэнцкай акцыі 1 верасьня былі затрыманыя журналісты Надзея Калініна, Аляксей Суднікаў (Tut.by), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН), Марыя Эляшэвіч, Сяргей Шчогалеў, Мікіта Дубалека («Камсамольская праўда» ў Беларусі)

15:02 3.9.2020

Лукашэнка падзякаваў Расеі, якая «падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла «сур’ёзна стабілізавацца»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разьлічвае канчаткова вырашыць «балючыя і адчувальныя» пытаньні двухбаковых адносінаў.

«Канчаткова расставім усе кропкі над „i“ у тых пытаньнях, якія найбольш адчувальныя і хваравітыя для дзьвюх дзяржаў», — заявіў ён на перамовах з кіраўніком ураду Расеі Міхаілам Мішусьціным.

Як перадае БелТА, у Лукашэнкі і Пуціна ёсьць дамоўленасьць, што пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў і прыезду ў кіраўніка ўраду ў Маскве пройдзе сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У Менску гэта ацэньваюць як найбліжэйшую пэрспэктыву.

А пакуль што Лукашэнка падзякаваў Мішусьціну за «братэрскую дапамогу». Па яго словах, Расея падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла «сур’ёзна стабілізавацца ў эканоміцы».

«У розумах людзей адбыўся пераварот, што Расея як братэрская краіна, асноўны наш эканамічны партнэр і рынак збыту — амаль палову ўсяго мы прадаем туды — ад нас не адвярнулася ў гэтыя цяжкія часы», — заявіў Лукашэнка.

У сваю чаргу Міхаіл Мішусьцін запэўніў, што Расея цалкам падтрымлівае сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. Праўда, і паглыбленую інтэграцыю ніхто не адмяняў.

«Справа ня толькі ў гістарычных, моўных, духоўных сувязях. Але і ў сотнях, тысячах ці мільёнах грамадзян, якія фактычна зьяўляюцца адным народам. У нас па многіх пытаньнях прагрэс, у тым ліку па будучым саюзнай дзяржавы, якое заснавана на абсалютна незалежнай пазыцыі нашых краін, але з адпаведнымі мерапрыемствамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся», — нагадаў Міхаіл Мішусьцін.

15:00 3.9.2020

Ва ўкраінскім парлямэнце ў закрытым рэжыме вырашалі, якой будзе пазыцыя Ўкраіны да падзей у Беларусі

Ва ўкраінскім парлямэнце ў закрытым рэжыме вырашалі, якой будзе пазыцыя Ўкраіны да падзей у Беларусі

«Спадзяёмся, што заўтра заяву разгледзяць на пасяджэньні парлямэнту», — сказала Саламія Баброўская, якая ўваходзіць у склад міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».

Паводле яе, пасяджэньне камітэту адбывалася пры ўдзеле ўкраінскага амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма, выкліканага для кансультацый ў Кіеў, а таксама прадстаўнікоў ўкраінскай вонкавай выведкі і Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Усе заявы досыць мяккія. У іх адзначаецца, што выбары прайшлі несвабодна і недэмакратычна, але няма прамога непрызнаньня вынікаў выбараў, як гэта прапанавала аб’яднаньне „За дэмакратычную Беларусь“. Я спадзяюся, што заўтра пытаньне будзе на парадку дня і адбудзецца галасаваньне. Але я думаю, што ў залі будзе вельмі горача пры абмеркаваньні гэтай заявы», — мяркуе Саламія Баброўская.

Дэпутатка дадала, што фракцыя «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» увогуле настойвае на тым, каб парлямэнт Украіны асудзіў дзеяньні ўдзельнікаў акцый пратэсту. Партыю «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», якая мае ў Вярхоўнай Радзе сваю фракцыю, узначальвае кум расейскага прэзыдэнта Віктар Медзьвядчук

14:59 3.9.2020

Лукашэнка «абвяргае» атручэньне Навальнага, Мішусьцін заяўляе пра «адзін народ» — такія папярэднія публічныя вынікі візыту прэмʼера РФ у Беларусь

Піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

Візыт Міхаіла Мішусьціна ў Менск — гэта падрыхтоўка да сустрэчы ў Маскве кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі ў Ўладзіміра Пуціна. Аднак функцыі візыту ня толькі тэхнічныя. Мішусьцін узяў у паездку палову складу расейскага ўраду. Пажаданьні Расеі былі выкладзеныя ва ўчорашнім рэдакцыйным артыкуле беларускай рэдакцыі «Спутника», сярод іх — згода на паглыбленьне інтэграцыі (пераважна ў эканамічнай сфэры) і расейская вайсковая база.

Лукашэнка, які сам сабе пазбавіў альтэрнатывы, паспрабаваў падыграць Крамлю ў яго глябальнай гульні ў сувязі са справай аб атручэньні Навальнага. Паводле яго, беларуская выведка перахапіла гутарку Бэрліну і Варшавы, зь якой нібыта вынікае, што інфармацыя пра атручэньне расейскага апазыцыянэра — фэйк, прыдуманы для таго, каб адбіць ахвоту ў Расеі лезьці ў Беларусь.

Сапраўднасьць гэтага «выкрыцьця» выклікае вялікія сумневы, але зразумелы сэнс пасланьня: я падтрымліваю Расею на міжнароднай арэне, ня цісьніце мяне інтэграцыяй і «бухгальтарскімі» разьлікамі, а рабіце па-братэрску.

Мішусьцін рыторыку ахвотна падтрымаў, прыгадаў і паўтарыў словы пра «адзін народ». Але Масква ў асобе прэмʼера ловіць Лукашэнку на яго словах. Адзін народ — значыць, шмат чаго адзінага ў яго павінна быць. Мішусьцін сказаў пра будучыню саюзнай дзяржавы, «якая будзе заснаваная на абсалютна незалежнай пазыцыі нашых дзяржаў, але з адпаведнымі мерапрыемствамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся». А мерапрыемствы эканамічнага характару — гэта 30 «дарожных мапаў» інтэграцыі.

І ніякай пэўнасьці наконт мільярду даляраў, які Расея, па словах Лукашэнкі, сказаных некалькі дзён таму, ужо выдзяляе Беларусі на пакрыцьцё доўгу перад Расеяй жа. Паводле Лукашэнкі выдзяляе. А расейскі прэмʼер маўчыць. І ніякага «дзякуй» за дапамогу ў справе Навальнага. Відаць, не каштуе гэта мільярду, адзначае аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

14:56 3.9.2020

«Кадравы ператрус у сілавых структурах сьведчыць пра пачатак браджэньня ў гэтых органах»

Піша Валер Карбалевіч

У момант вострага палітычнага крызісу ператрус сілавых структур ня робяць. А Лукашэнка ў разгар пратэстаў прыбірае з адказных пасад дзяржсакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова і старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка. Праўда, апошняга прызначае якраз на пасаду Раўкова. Аднак у беларускім рэальным табэлі аб рангах старшыня КДБ мае большую палітычную вагу, чым дзяржсакратар Савету бясьпекі.

Таму гэта замаскаваная адстаўка Вакульчыка. Апошнім часам хадзілі чуткі, што нібыта Вакульчык прапанаваў Лукашэнку пачаць перамовы з пратэстоўцамі і таму трапіў у апалу. Так гэта ці не, невядома. Але ўсе зьвярнулі ўвагу, што апошнім часам Вакульчык зьнік з інфармацыйнага экрана. Шмат даваў інтэрвію і камэнтаваў апошнія падзеі міністар унутраных спраў Юрый Караеў. Актыўна шчыраваў міністар абароны Віктар Хрэнін. Той жа Андрэй Раўкоў ставіў свае пасты ў Фэйсбуку. А Вакульчык дзіўна маўчаў. Таму атрымаў ганаровую адстаўку.

Незразумела, чым правініўся Раўкоў. Магчыма, таксама быў не такім рашучым у задушэньні пратэстаў, як іншыя сілавікі.

А новы старшыня КДБ Іван Тэртэль добра зарэкамэндоўваў сябе перад Лукашэнкам у «справе Бабарыкі». Таму і пайшоў на павышэньне.

Але ў любым выпадку гэта сымптом браджэньня ў сілавых структурах.

14:36 3.9.2020

Вольгу Кавалькову асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту

Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў мітынгу каля гатэлю «Плянэта» 23 жніўня. Кавалькова віны не прызнала.

13:56 3.9.2020

Хакеісты фінскага «Ёкерыта» байкатавалі матч зь менскім «Дынама»

Хакейны клюб з Хэльсынкі «Ёкерыт» не адляцеў у Менск на матч з «Дынама», паведамляе выданьне IltaLehti.

Першая гульня новага сэзону ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе павінна была стартаваць у 18:10 у «Менск-Арэне».

Раней фіны спрабавалі перанесьці матч на больш позьні тэрмін празь нестабільную сытуацыю ў Беларусі, аднак гаспадары ў такой просьбе адмовілі.

У сваю чаргу фан-клюб «Ёкерыта» прыгразіў байкотам камандзе, калі гульня зь менскім «Дынама» адбудзецца.

«Праз масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі мы ня можам пагадзіцца на матч у Менску», — было сказана ў заяве заўзятараў.

Фанаты адзначалі, што гатовыя перажыць тэхнічную паразу, але не зьбіраюцца мірыцца зь беззаконьнем, якое дэманструе беларускі рэжым.

Дырэктарат падтрымаў заўзятараў, аднак клюбам валодаюць расейскія бізнэсоўцы, якія пацьвердзілі гатоўнасьць выступаць у Менску. Чаму быў адменены рэйс Finnair у Менск, пакуль не ўдакладняецца. Прынамсі а 13-й у аэрапорце Хэльсынкі каманда так і не зьявілася.

Пазьней інфармацыю пра адмену матчу ў Менску пацьвердзілі на афіцыйным сайце КХЛ.

13:49 3.9.2020

«Мы перахапілі цікавую размову». Лукашэнка назваў інфармацыю аб атручэньні Навальнага фальсыфікацыяй

«Я заўважыў, назіраючы за расейскімі падзеямі, у іх — Захаду — новая фішка зьявілася. Зноў «Навічок», зноў атручэньне. Так я вам павінен сказаць, што ўчора, ці пазаўчора, я дакладна не памятаю, да выступу Мэркель (яна заявіла, што яму — Навальнаму — хацелі закрыць рот) мы перахапілі размову.

Мы так разумеем, Варшава размаўляе з Бэрлінам. Два абанэнты на сувязі. Перахапіла наша радыёэлектронная вайсковая выведка. Паколькі там (на заходніх рубяжах Беларусі — БелТА) разгорнутыя часткі, і мы, вядома, вядзем і ў радыёсфэры проціборства з натаўцамі. І мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна кажа пра тое, што гэта фальсыфікацыя. Ніякага атручэньня Навальнага не было», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

13:46 3.9.2020

Мінабароны Літвы запэўніла Беларусь: вайсковыя вучэньні не накіраваныя супраць якой-небудзь краіны

Прадстаўнікі Міністэрства абароны Літвы запэўнілі прадстаўнікоў Беларусі, што найбуйнейшыя традыцыйныя вайсковыя вучэньні, якія праводзяцца восеньню, не накіраваныя супраць якой-небудзь дзяржавы, уключна зь Беларусьсю.

Як паведаміла Міністэрства абароны Літвы, пра гэта кіраўнік Групы міжнародных сувязяў і апэрацый міністэрства Кароліс Алексас у сераду на сустрэчы інфармаваў беларускага вайсковага аташэ ў Літве Юрыя Харына.

«Прадстаўнік Мінабароны падкрэсьліў, што вучэньні ў краіне маюць абарончы характар і не накіраваныя супраць якой-небудзь дзяржавы, уключна зь Беларусьсю. Таксама было падкрэсьлена, што, інфармуючы аб вайсковых вучэньнях, Літва дэманструе празрыстасьць і чакае таго ж ад сваіх суседзяў», — сьцьвярджае Мінабароны Літвы.

13:45 3.9.2020

Супраць сябра Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай завялі крымінальную справу

У дачыненьні да чальца Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай пачатая крымінальная справа паводле арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»), паведамляе прэс-служба гэтай грамадзянскай плятформы. Згодна са сьледзтвам, сума шкоды перавышае 600 тысяч рублёў.

Санкцыі прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі. У справе праходзіць таксама яе сын Барыс, заснавальнік турыстычнай кампаніі «Мерлінтур».

Уласаву затрымалі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю 31 жніўня. Да яе дадому прыйшлі зь ператрусам, супрацоўнікі ведамства канфіскавалі цьвёрды дыск кампутара Ўласавай, ноўтбук яе мужа і некалькі флэшак.

Таксама ператрусы адбыліся ў офісе і кватэрах супрацоўнікаў турыстычнай фірмы «Мерлінтур». Барыс Уласаў разглядае гэтую акалічнасьць як «узяцьце бізнэсу ў закладнікі» дзеля ціску на яго маці.

Лілія Ўласава — дырэктарка юрыдычнай кампаніі «Уласава, Міхель і партнэры». Запрошаная ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады як прафэсійная перамоўніца і мэдыятарка.

Рада стварыла пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць Лілію Ўласаву, пад ёй падпісаліся ўжо больш за 2 тысячы чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG