У Менску ва Ўруччы затрымалі чалавека ў касьцюме панды, піша #МотолькоПомоги. З чым зьвязанае затрыманьне, невядома, але ўчора вобраз панды выкарыстоўвалі на акцыях салідарнасьці некаторыя «айцішнікі» — на знак падтрымкі кампаніі PandaDoc, дзе ішлі ператрусы
Журналісту паламалі рукі пасьля затрыманьня 11 жніўня. ВІДЭА
Рэпартэра Hrodna.Life Руслана Кулевіча затрымалі разам з жонкай ўвечары 11 жніўня. Ён працаваў на вулічнай акцыі. Яму далі сем сутак арышту, але ўвечары 13 жніўня адпусцілі без тлумачэньня прычын.
Пасьля вызваленьня Кулевіч наведаў шпіталь з скаргамі на моцныя болі ў руках. Абследаваньне паказала, што абедзьве рукі зламаныя. Руслан і яго жонка Тацяна распавялі, што пры затрыманьні іх моцна білі, зьбівалі і ў ізалятары.
Вольгу Кавалькову абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 23 жніўня
Аднавіўся суд над Вольгай Кавальковай. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле у несанкцыянаваным мітынгу 23 жніўня. Паводле матэрыялаў справы, яна выступала на пляцоўцы каля гатэлю «Плянэта» «з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры». У якасьці доказаў у матэрыялах справы выкарыстаныя скрыншоты з парталу Tut.by і сайту газэты «Новы час».
23 жніўня ў Менску прайшоў «Марш за новую Беларусь». У ім узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Людзі сабраліся каля Дому ўраду ў Менску, а адтуль па праспэкце Незалежнасьці рушылі на праспэкт Пераможцаў. Марш завершыўся каля Палаца незалежнасьці ў Менску. Менавіта ў той дзень зьявіліся кадры Аляксандра Лукашэнкі з аўтаматам і Мікалая Лукашэнкі ў вайсковай форме.
«Ідзе вайна з уласным народам», — пісьменьніца Натальля Батракова патлумачыла, чаму не паедзе на Дзень пісьменства
Пісьменьніца Натальля Батракова патлумачыла на сваёй старонцы ў Facebook, чаму яна не будзе браць удзелу ў Дні беларускага пісьменства на сваёй малой радзіме ў Бялынічах.
«Ідзе вайна з уласным народам, паляваньне на „ведзьмаў“, шэрагі якіх можа папоўніць любы, хто адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю, нягледзячы на ўзрост, заслугі, стан здароўя», — напісала пісьменьніца.
6 верасьня ў Бялынічах мае прайсьці Дзень беларускага пісьменства.
«Бялынічы — мая малая радзіма. Я там нарадзілася, там прайшло маё дзяцінства, станаўленьне сьветапогляду, выпрабаваныя першыя перамогі і паразы. Мяне там любяць, мною ганарацца. Гэтак жа як я люблю родны горад, ганаруся сваімі землякамі... Але ў цяперашняй сытуацыі маё сумленьне не дазваляе мне прысутнічаць на мерапрыемстве, дзе старанна будуць рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца... Дарагія землякі, дарагія чытачы! Я хачу быць сумленнай перад вамі і перад сабой... Прабачце, але ў гэтую нядзелю мы з вамі не ўбачымся. У маёй душы няма сьвята. Пакуль няма. Але я веру, што яно будзе, і мы абавязкова сустрэнемся!» ❤️, — напісала Натальля Батракова.
«Я не рэвалюцыянерка па характары, але гэта мая пазыцыя, я не хачу хлусіць сама сабе!», — так пісьменьніца патлумачыла Свабодзе сваё рашэньне і публічны допіс пра яго ў Facebook.
Натальля Батракова — беларуская расейскамоўная пісьменьніца, адна з найбольш папулярных у Беларусі, калі меркаваць паводле накладаў яе кніг. Сярод іншага, выдала раманы «Территория души» (2001), «Площадь согласия» (2005), «Миг бесконечности» (2012); зборнікі паэзіі «Состояния души» (2000), «Я играю не по правилам...» (2009), «Экстрасистолы любви» (2014) ды іншыя.
Аляксей Марачкін прэзэнтуе юбілейную выставу «Армагедон»
3 верасьня ў Палацы мастацтва пачынае працаваць юбілейная выстава «Армагедон» сябра творчай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна
Яна прымеркаваная да 80-годзьдзя мастака. Юбілейная экспазыцыя дазволіць прасачыць працэс творчага станаўленьня Аляксея Марачкіна ад студэнцкіх работ да вялікіх жывапісных палотнаў, многія зь якіх сталі клясыкай беларускага жывапісу. Сярод іх — «Вітаўт», «Мікола Гусоўскі», «Алаіза Пашкевіч», «Максім і Вераніка» ды іншыя.
Назва «Армагедон» адпавядае актыўнай грамадзянскай пазыцыі аўтара, пра якую ён пасьлядоўна заяўляе ў сваёй творчасьці. Пра гэта сьведчаць працы розных гадоў — «Сьцяна» (2001), «Плошча» (2010), «Пераможцы» (2010), «Навала» (2013), «Рыцар на ўсе часы» (2014), сэрыя карцін «Дровы» (2010–2019) ды іншыя
Улады Беларусі рыхтуюцца да затрымак з выплатай заробкаў
Яны распрацоўваюць захады сацыяльнай падтрымкі працоўных грамадзян на выпадак затрымак з выплатай заробкаў.
Як вынікае з падрыхтаванага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны праекту ўказу прэзыдэнта Беларусі, «у выпадку затрымкі выплаты заработнай платы на тэрмін больш за 15 каляндарных дзён работнік мае права, апавясьціўшы наймальніка ў пісьмовай форме за адзін дзень, прыпыніць працу на ўвесь пэрыяд да выплаты заработнай платы».
Пры гэтым работнік мае права адсутнічаць на працоўным месцы ў пэрыяд прыпыненьня працы, але сярэдні заробак за ім не захоўваецца. Акрамя таго, у пэрыяд прыпыненьня працы работнікам дазволяць працаваць поўны дзень па сумяшчальніцтве
Лідэр страйкаму МЗКЦ Аляксандар Лаўрыновіч выйшаў на волю пасьля 10 дзён арышту
Тым часам невядомы лёс сябра стачкаму «Беларуськалію» Паўла Рамузоўскага — учора яго выклікалі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, а што зь ім цяпер, паплечнікі са страйкаму ня ведаюць
Паляваньне на знакавых людзей. Піша Валер Карбалевіч
Палітычныя рэпрэсіі разгортваюцца ўсё маштабней, і найперш іх ахвярамі становяцца знакавыя людзі. Вось затрымалі двух тэлевядоўцаў, звольненых за свае выказваньні — Дзмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага. Раней быў затрыманы вядомы спартовы камэнтатар Уладзіслаў Татур. Працягваюцца расправы над чальцамі Каардынацыйнай рады Ліліяй Уласавай, Вольгай Кавальковай і Сяргееем Дылеўскім. Выкінулі за мяжу нават кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў.
Справа ня толькі ў помсьце. Хоць вядома, што Лукашэнка — чалавек помсьлівы і нікому не даруе выступ супраць яго.
Але тут ёсьць і палітычны разьлік. Гэта спосаб застрашэньня ўсіх іншых. Удар па знакавых фігурах павіннен нагнаць страху на шараговых удзельнікаў пратэстаў. Маўляў, калі ўжо зь вядомымі людзьмі так распраўляюцца, то што казаць пра нікому не вядомых грамадзян.
Гэта таксама тлумачыць, чаму за час поствыбарчых пратэстаў так і не зьявіўся відавочны лідэр. Бо ён стаў бы галоўным і першачарговым кандыдатам на пасадку
Дзярждэпартамэнт прыгразіў Расеі наступствамі пры прымяненьні сілы ў Беларусі
Амэрыканскі бок «таксама даў ясна зразумець», што АБСЭ зьяўляецца «натуральным пасярэднікам» паміж беларускімі ўладамі і апазыцыяй, адзначыў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент, паведамляе ТАСС.
Кавалькова ў судзе заявіла пра катаваньні
У Кавальковай скончыўся тэрмін утрымання пад вартай сёньня аб 11:12. Яна прасіла суд вызваліць яе, пасьля чаго на сёньняшняе пасяджаньне абяцала прыехаць сама з Акрэсьціна. Судьдзя адмовіла. Знаёміцца з акалічнасьцямі справы Кавальковай давялося з адвакатам праз скайп.
У судзе Кавалькова заявіла пра пра катаваньні і запатрабавала мэдычнай дапамогі.
«Гэта проста катаванні, што адбываецца са мной. Я некалькі дзён ня спала нармальна, сёння ўначы я спала толькі адну гадзіну. Мне моцна баліць жывот цяпер, я не магу сядзець. Я маю патрэбу ў мэдычнай дапамозе», — сказала Кавалькова.
Лукашэнка памяняў кіраўнікоў КДБ, Саўбезу і КДК
3 верасьня Аляксандар Лукашэнка памяняў кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Савету бясьпекі і Камітэту дзяржаўнага кантролю, паведаміла БелТА.
Замест Валерыя Вакульчыка старшынёй КДБ прызначаны Іван Тэртэль.
Замест Андрэя Раўкова дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі стаў Валеры Вакульчык.
Замест Івана Тэртэля кіраваць КДК будзе Васіль Герасімаў у якасьці выканальніка абавязкаў старшыні.
МУС: Учора на акцыях у Беларусі затрымалі 24 чалавекі
Як сьцьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў, 2 верасьня ў 8 гарадах у пратэставых акцыях удзельнічала толькі тысяча чалавек. Затрымалі 24 чалавекі, зь іх тры студэнты. Пакінулі за кратамі 16 чалавек
Супраць топ-мэнэджара кампаніі PandaDoc завялі крымінальную справу
Віктара Куўшынава, аднаго з топ-мэнэджараў кампаніі PandaDoc, абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры.
Гэта 4 частка 210 артыкулу Крымінальнага кодэксу, пакараньне паводле якой — ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня. Пра выстаўленьне абвінавачаньня паведаміла жонка Аляксандра Дзікан у сацыяльных сетках.
2 верасьня ў кватэры Віктара Куўшынава і менскім офісе кампаніі PandaDoc правялі ператрус.
Раней кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада запусьціў ініцыятыву дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінуць службу. На гэты момант апрацавалі больш за 300 заявак і ўхвалілі паўсотні выплат.
Віктар Куўшынаў дапамагаў падаць заявы ў праваахоўныя органы пэдагогам, якія былі сябрамі камісіі і сталі сьведкамі фальсыфікацыі выбараў. Таксама спрыяў з пошукам працы ў выпадку звальненьня.
У ліпені яго затрымалі байцы АМАП на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, калі спрабаваў падаць скаргу ў ЦВК на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Пазьней апынуўся ў адным аўтазаку з родным братам, таксама айцішнікам. Суд тады прызначыў абодвум адміністрацыйны арышт.
Сяброў Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага зноў будуць судзіць
Сяброў Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага зноў будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу). Сёньня іх меліся вызваліць зь ЦІП на Акрэсьціна пасьля адбываньня адміністрацыйнага арышту. У чым абвінавачваюць сяброў рады, пакуль невядома.
Кавалькову і Дылеўскага затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ і асудзілі на 10-дзённы адміністрацыйны арышт праз абвінавачаньне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Пампэо запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць затрыманага паліттэхноляга Шклярава
Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэо запатрабаваў неадкладна спыніць гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў і вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку грамадзяніна Злучаных Штатаў Амэрыкі Віталя Шклярава.
Пра гэта гаворыцца на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.
Пампэо заявіў, што ЗША ўважліва сочаць за сытуацыяй у Беларусі: «Беларусы заслугоўваюць права выбіраць сваіх лідэраў шляхам сапраўды свабодных і справядлівых выбараў».
Дзяржсакратар паведаміў, што ЗША цесна каардынуюць свае дзеяньні з эўрапейскімі партнэрамі і разам разглядаюць сур’ёзныя адрасныя санкцыі супраць усіх, хто мае дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій у Беларусі.
Як расейская прапаганда захапіла БТ і пры чым тут журналісты з Расеі
Мова беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня радыкальна зьмянілася пасьля выбараў 9 жніўня, якія, як сьцьвярджае ЦВК, выйграў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер на ім гучаць словы «Майдан» і «падзел Беларусі», а таксама палохаюць украінскім сцэнарам беспарадкаў. Перамены невыпадковыя. Лукашэнка пацьвердзіў, што запрасіў на Беларускае тэлебачаньне журналістаў з Расеі, а па дадзеных расейскага агенцтва РБК, у Менск прыехалі брыгады расейскага тэлеканала RT: іх жа журналісты зьявіліся ў пуле Лукашэнкі, які асьвятляе паездкі прэзыдэнта па краіне. Расейцы занялі месцы супрацоўнікаў, якія падтрымалі пратэсты і звольніліся самі або былі звольненыя.
Тэлевядоўцу Кахно затрымлівала ўзброеная група захопу. Ён і Дудзінскі правялі ноч у ізалятары
2 верасьня зьявілася інфармацыя пра затрыманьне вядоўцаў Дзьмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага, якія страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля таго, як выказаліся супраць гвалту сілавікоў над мірнымі людзьмі. Раніцай 3 верасьня жонкі тэлевядоўцаў пацьвердзілі, што Дудзінскі і Кахно за кратамі.
«Мой муж з таварышам правёў ноч „на ператрымцы“ на Акрэсьціна, мы з Надзяй Кахно (жонка Дзьмітрыя Кахно. — Рэд.) ад 9:00 раніцы і ўвесь дзень плянуем чакаць каля суду Цэнтральнага раёну (папярэдняя інфармацыя!) вестак пра пасяджэньне, каб сачыць за навінамі», — напісала ў Instagram жонка Дзяніса Дудзінскага Кацярына Раецкая.
Надзея Кахно апублікавала відэа затрыманьня ейнага мужа. Па яго прыехала ўзброеная група захопу. «Вось як гэта было: з крыкамі „тварам у падлогу“ і далей паводле сцэнару», — напісала яна.
«Хачу, каб мая краіна не ператваралася ў Паўночную Карэю». Мікіта Мікада пра ператрусы ў менскім офісе PandaDoc
У менскі офіс IT-кампаніі PandaDoc 2 верасьня прыехалі зь ператрусам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
Раней Мікіта Мікада запусьціў ініцыятыву дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінуць службу. На гэты момант апрацавалі больш за 300 заявак і ўхвалілі паўсотні выплат.
У інтэрвію каналу «Настоящее время» Мікіта Мікада расказаў, з чым зьвязвае перасьлед.
Каардынацыйная рада спрабавала зьвязацца з паслом Расеі, але безвынікова
Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі спрабавала зьвязацца з паслом Расеі Дзьмітрыем Мезенцавым, каб данесьці сваю пазыцыю, але адказу пакуль не атрымала. Пра гэта прадстаўніца Рады Марыя Калесьнікава расказала ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».
«Мы некалькі разоў рабілі спробы зьвязацца з паслом РФ у Беларусі. Мы пакуль не атрымалі ніякага адказу. Але мы чакаем». Яна дадала, што мае інфармацыю, што «нашыя пасланьні дайшлі і неўзабаве будзе адказ».
Што да магчымага «абмену» Лукашэнкам сувэрэнітэту на ўладу, Калесьнікава сказала:
«Ён абавязаны весьці перамовы з намі, зь беларусамі, а ня з Пуціным. Мы на гэтым настойваем. Ён абавязаны весьці перамовы з сваім народам. Ён абавязаны выконваць патрабаваньні свайго народу. Ён аслаб не таму, што мы яго аслабілі. У той момант, калі ён начапіў на сябе аўтамат, атачыў сябе амапаўцамі і калючым дротам — увесь сьвет пабачыў, што ён аслаб».