Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбергіс: «Лукашэнку трэба было б пакінуць на гадзіну з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі яго памагатыя»


Першы кіраўнік Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці і прафэсійны музыка Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што Лукашэнку варта было б пакінуць з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі ягоныя памагатыя.

Такую думку ён выказаў у інтэрвію журналістцы расейскай службы Свабоды Алене Палякоўскай.

25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў

— Сёньня адна зь лідэраў апазыцыі ў Беларусі, дзе працягваецца супрацьстаяньне паміж рэжымам Лукашэнкі і апазыцыяй, Марыя Калесьнікава — прафэсійная музыка, флейтыстка. Выкарыстоўваючы свой досьвед, што б вы пажадалі альбо параілі ёй?

— Я б параіў ёй зьвярнуцца да сёньняшняга кіраўніка Беларусі з прапановай зайграць яму на флейце. Калі ён ашалее, гэта пацьвердзіць, што ён ужо не чалавек. А калі зацікавіцца: «З чаго раптам яна вырашыла граць мне на флейце? Ну добра, паслухаем, што яна там зайграе?» — гэта будзе прарыў.

— Музыка павінен ня толькі добра граць, але і ўмець прымусіць слухаць іншых. Вам гэта ўменьне дапамагала ў палітыцы?

— Гэта якраз агульная рыса музыкі і палітыка! Цябе альбо слухаюць, альбо не. Калі ў цябе ёсьць здольнасьць закрануць слухача, значыць, ты ўжо робіш сваю справу. Калі ты палітык, то тваё прызваньне — знайсьці слухачоў. Гэта бывае, але часам і вар’ят можа супакоіцца ад гуку флейты. Такія цуды таксама здараюцца.

— Вы верыце ў цуды? У той, што таго ж Лукашэнку можна пераканаць не забіваць і ня біць свой народ?

— Ужо згаданы намі Шэксьпір казаў: «Ёсьць шмат чаго на сьвеце, сябра Гарацыё, што і не сьнілася нашым мудрацам». Можа быць, мудрацам ня сьнілася, што Лукашэнка можа празрэць, адчуць або расплакацца. Як у фільме Фэліні «Дарога», калі страшная істота плача ў канцы. І гэта выкупленьне, гэта хрысьціянскае разуменьне чалавека. Ён заплакаў — значыць, ён уратаваны! Вось калі Лукашэнка заплача...

Яго б на пару гадзін пакінуць з маладымі людзьмі, якіх забілі яго падручныя. І хай ён паглядзіць на іх ня пяць хвілін, адмахваючыся рукой, а паўгадзіны ці гадзіну і падумае пра іх маці. Можа быць, нешта ў яго варухнецца. Я ня ведаю, маю я рацыю ці не, але калі ўсё ж маю рацыю, то гэта шмат што можа зьмяніць.

Цалкам гутарку можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG