Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай Беларусь вырашыць, хто яна — „зялёны чалавечак“ ці незалежная дзяржава», — Ландсбергіс


Вітаўтас Ландсбергіс
Вітаўтас Ландсбергіс

Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс у інтэрвію Свабодзе заявіў, што калі Беларусь хоча быць сапраўды незалежнай дзяржавай, то павінна адмовіцца ад АЭС, якую ён называе «цалкам крамлёўскім праектам».

«Беларусь робіць нам сьвінства. Каля самай нашай мяжы. Гэтая мяжа ў выпадку аварыі ня спыніць радыянуклідаў, яны пойдуць у наш бок. Таму мы стварылі гэты Рух, каб нас пачулі беларусы. Гэта не антыбеларускі рух, мы жадаем росквіту і посьпехаў нашым суседзям. Мы разьлічваем на тое, што Беларусь нарэшце прачнецца і загаворыць сама». — сказаў Ландсбергіс.

У нядзелю літоўскі палітык прыняў удзел у першым зьезьдзе Руху супраць Беларускай АЭС. Яго стварылі літоўскія кансэрватары, лібэралы і грамадзкія дзеячы. На першым зьезьдзе, які адбыўся ў нядзелю, перад прысутнымі выступілі і беларускія апазыцыянэры: Анатоль Лябедзька, Зьміцер Кучук і Павал Севярынец. Праз тэлефон удзельнікаў прывітала Сьвятлана Алексіевіч. Рух пазыцыянуе сябе як арганізацыю шырокага спэктру палітычных сілаў, якая будзе дамагацца закрыцьця станцыі ў Астраўцы.

«Гэта пытаньне волі Беларусі. Ці мае яна нейкае права голасу? Яна павінна сама вырашыць, кім яна хоча быць — незалежнай краінай ці калёніяй. Хай Беларусь нарэшце вырашыць, хто яна — зялёны чалавечак ці незалежная дзяржава. Яна павінна прамовіць сваім языком, чаго яна хоча. Спадар Лукашэнка павінен вырашыць, ці ён самастойны лідэр, ці падпарадкоўваецца царку ў Маскве».

Сход праігнаравала Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя. Яна сьцьвярджае, што гэта выключна палітычны праект кансэрватараў пад выбары. Ландсбергіс моцна раскрытыкаваў палітыкаў левага крыла.

«Пра палітычнае выкарыстаньне гэтага пытаньня кажуць тыя, хто нічога іншага ня можа, акрамя як ляпаць языком. Сацыял-дэмакраты нічога не змаглі зрабіць супраць будаўніцтва БелАЭС. Іх перамовы зь Менскам вынікаў не даюць, бо ініцыятар АЭС сядзіць ня ў Менску, а ў Маскве. Гэты ініцыятар спрабуе нават разьбіць салідарнасьць балтыйскіх краін у гэтым пытаньні, спрабуючы падкупіць палітыкаў», — лічыць Вітаўтас Ландсбергіс.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG