Вядомыя беларускія спартоўцы заклікалі калегаў аб’яднацца і падтрымаць пратэсты
Вядомыя беларускія спартоўцы зьвярнуліся да сваіх калегаў з просьбай абʼяднацца і падтрымаць сваёй пазыцыяй акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія апошнія 3 тыдні праходзяць па ўсёй краіне.
Дзяржсакратар ЗША заклікаў беларускія ўлады пусьціць мітрапаліта Кандрусевіча на радзіму
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэа заклікаў беларускія ўлады дазволіць вярнуцца ў Беларусь кіраўніку беларускіх каталікоў Тадэвушу Кандрусевічу.
«Беларускія ўлады павінны дазволіць вярнуцца арцыбіскупу Кандрусевічу, каб ён мог падтрымліваць сваю паству падчас пратэстаў, якія працягваюцца. Яму і ўсяму беларускаму народу павінна быць дазволена ажыцьцяўляць свае асноўныя свабоды, у тым ліку свабоду веравызнаньня», — напісаў Пампэа.
Некалькі дзясяткаў журналістаў у Менску стаяць каля будынка Кастрычніцкага РУУС, дзе правялі ноч іх калегі
Больш за 1100 работнікаў чыгункі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў
Работнікі Беларускай чыгункі напісалі калектыўны зварот, у якім сярод іншага заяўляюць пра тое, што лічаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі, патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, асуджаюць гвалт сілавікоў да мірных грамадзянаў, паведаміў Tut.by.
Суд над журналістамі пачнецца не раней за 14-ю гадзіну
Пра гэта паведаміў адвакат Андрэй Мачалаў
Ландсбергіс: Лукашэнку трэба было б пакінуць на гадзіну з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі яго памагатыя...
Першы кіраўнік Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці і прафэсійны музыка Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што Лукашэнку варта пакінуць з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі ягоныя памагатыя.
Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію журналістцы расейскай службы Свабоды Алене Палякоўскай.
Падтрымаць журналістаў прыехала сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава
Лёнданскую фондавую біржу заклікалі выключыць з абароту беларускія аблігацыі на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў
Ініцыятары закліку да Лёнданскай фондавай біржы адмовіцца ад абарачэньня беларускіх аблігацый на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў спасылаюцца на меркаваную фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах на карысьць дзейнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, піша брытанскі партал CITYA.M.
У чэрвені сёлета ўрад Беларусі ўпершыню разьмясціў аблігацыі на суму 1,25 млрд даляраў (930 млрд фунтаў) на Лёнданскай фондавай біржы.
Група беларускіх эмігрантаў, аб'яднаных у групу «Надзея», у чацьвер правядзе акцыю пратэсту каля фондавай біржы ў лёнданскім Сіці, патрабуючы выключэньня аблігацый. Група сьцьвярджае, што аблігацыі «ў канчатковым выніку фінансуюць тэрарыстычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі»
Андрэй Дзьмітрыеў, кандыдат у прэзыдэнты на мінулых выбарах і лідэр «Гавары праўду», прыйшоў пад РУУС у Менску, дзе трымаюць журналістаў
Актор Віктар Манаеў іншыя зоркі сышлі з Купалаўскага тэатру
Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў звольніўся з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, паведамілі Свабодзе ў прэс-службе тэатру.
«З Купалаўскага тэатра звольніўся Віктар Манаеў. Таксама на знак салідарнасьці з калегамі сышлі народны артыст Аляксандр Падабед, Яўген Адаменка, Марта Голубева, Дыяна Камінская і Мікалай Кучыц», — распавялі ў прэс-службе.
Усяго пасьля звальненьня з пасады геэеральнага дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі заявы аб звальненні напісалі 42 актора і іншыя супрацоўнікі тэатру. Па стане на 2 верасьня ў трупе найстарэйшага тэатру Беларусі засталося 15 чалавек.
Купалаўскі тэатар адмяніў паказы ўсіх спэктакляў да канца лістапада
Паводле прэс-службы, максымальна можна знаходзіцца на прастоі паўгода. Пасьля гэтага нічога не застанецца, як шукаць новага дырэктара, мастацкага кіраўніка і трупу.
Ператрус у кампаніі Мікіты Мікады. Ён прапанаваў дапамогу сілавікам, якія пакінуць службу
У менскі офіс IT-кампаніі PandaDoc 2 верасьня прыехалі зь ператрусам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
Раней Мікіта Мікада запусьціў ініцыятыву дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінуць службу. На гэты момант апрацавалі больш за 300 заявак і ўхвалілі паўсотні выплат.
Большасьць супрацоўнікаў кампаніі цяпер працуе з дому, таму ў офісе амаль нікога не было. Але «забралі дырэктара», удакладніў Мікіта Мікада парталу Onliner.by.
Іншы супрацоўнік кампаніі расказаў, што ягоныя калегі своечасова атрымалі рассылку з просьбай не прыходзіць у офіс.
Апэратыўнікі ДФР ужо прыходзілі зь ператрусамі да экс-банкіра Віктара Бабарыкі, кіраўніка рэклямнага агенцтва Аляксандра Васілевіча, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай.
Польскія эўрадэпутаты: у інтарэсах бясьпечнай Польшчы бясьпечная Беларусь
У Эўрапарлямэнце адбываецца паседжаньне Польскага клюбу, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі. Пасяджэньне польскіх дэпутатаў Эўрапарлямэнту праводзіцца на запрашэньне дэпутатаў ад партыі «Права і справядлівасьць», інфармуе Польскае радыё.
Але ў паседжаньні бяруць удзел палітыкі як кіроўнай партыі Польшчы, так і апазыцыі.
Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі дыстанцыйна зьвязаўся з дэпутатамі Эўрапарлямэнту ў пачатку сустрэчы.
Перад пачаткам канфэрэнцыі дэпутат Дамінік Тарчынскі сказаў журналістам, што ў інтарэсах Польшчы, каб усе гаварылі ў адзін голас аб Беларусі і Расеі, якая, як многія адзначаюць, ужо вядзе там гібрыдную дзейнасьць:
«У інтарэсах Польшчы, каб не было ўнутранага канфлікту, таму што расейцы чакаюць толькі гэтага. Мы ўсе ведаем з гісторыі, як Расея паводзіла сябе ў адносінах да Польшчы, Украіны, а цяпер і Беларусі. Што сказаў нябожчык прэзыдэнт Лех Качыньскі, трэба нагадваць кожны дзень (...) Сёньня я нагадваю ўсім польскім палітыкам, каб яны змагаліся за бясьпечную Польшчу: і ў інтарэсах бясьпечнай Польшчы — бясьпечная Беларусь», — заявіў дэпутат Эўрапарлямэнту ад ПіС Дамінік Тарчынскі.
МУС: У Менску падчас пратэстаў 1 верасьня затрымалі 95 чалавек
МУС Беларусі паведаміла аб затрыманьні 95 чалавек падчас акцый пратэсту ў Менску 1 верасня.
Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс». 1 верасьня ў Менску прайшлі акцыя пратэсту студэнтаў, мітынг на Плошчы незалежнасьці.
Сярод затрыманых былі і журналісты, які сёньня будуць судзіць.
Латушка: «Сёньня ў Беларусі больш ня дзейнічае заканадаўства»
Інтэрвію з Паўлам Латушкам, які працягвае заклікаць беларускія ўлады да дыялёгу аб выхадзе з грамадзка-палітычнага крызісу пасьля несумленных выбараў 9 жніўня і масавага гвалту супраць удзельнікаў акцый пратэсту.
Макей у Маскве заявіў, што ў Беларусі спынілі каляровую рэвалюцыю
Цягам трох дзён Расея і Беларусь абмяняюцца візытамі чыноўнікаў высокага рангу.
2 верасьня ў Маскву выправіўся кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей. У размове са сваім калегам Сяргеем Лаўровым ён заявіў, што ўлады краіны «не дазволілі рэалізаваць ўкраінскі сцэнар каляровай рэвалюцыі звонку».
«Сёньня нам даводзіцца адказваць як на ўнутраныя, так і на вонкавыя выклікі. Прычым апошняе ў большай ступені перадвызначае першае. Хачу сказаць, што мы вытрымалі першы націск і не дазволілі ў у Беларусі ўкраінскі сцэнар — сцэнар каляровай рэвалюцыі, арганізаванай звонку», — запэўніў Макей міністра замежных спраў Расеі.
Гомельскага актывіста з суду забралі ў шпіталь
2 верасьня Гомельскі абласны суд разглядаў скаргу актывіста Валера Сьляпухіна. У залі прысутнічалі і міліцыянты, якія намагаліся ўручыць актывісту чарговую позву ў міліцыю і забраць яго ў аддзел.
«Валеру зрабілася блага — пачала адымацца адна рука, падняўся ціск, яму выклікалі «хуткую», — паведаміла Свабодзе жыхарка Гомля Сьвятлана Нарскіна, якая была на судзе.
14 ліпеня ў Гомлі праходзіла акцыя салідарнасьці, на якой былі затрыманыя 20 чалавек, у тым ліку і Валер Сьляпухін. 15 ліпеня суд пакараў актывіста арыштам на 10 сутак. Гэтае рашэньне суду 2 верасьня Сьляпухін абскарджваў у абласным судзе, ён казаў, што доказаў ягонай супрацьпраўнай дзейнасьці не было. Суд ягоны пазоў не не задаволіў.
Прысуды затрыманым 1 верасьня студэнтам і журналістам. Сьпіс
2 верасьня ў судах Менска разглядаюць адміністрацыйныя справы супраць затрыманых напярэдадні студэнтаў, якія адзначылі «Дзень ведаў» пратэстам, а таксама журналістаў, якія асьвятлялі гэтыя несакцыянаваныя акцыі.
Журналістаў фармальна спынялі для праверкі службовых пасьведчаньняў, а пасьля абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя першыя выракі.
Да мэнэджара фірмы PandaDoc, якая дапамагае звольненым міліцыянтам, прыйшлі людзі ў цывільным
2 верасьня да Віктара Куўшынава, аднаго з топ-мэнэджараў кампаніі PandaDoc, прыйшлі чатыры чалавекі ў цывільным. Яго жонка расказала Tut.by, што муж не выходзіць на сувязь, зьнік пэрсанальны кампутар.
Раніцай зь ператрусам ў менскі офіс кампаніі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Cузаснавальнік PandaDoc — ІТ-бізнэсовец Мікіта Мікада, які прапануе дапамогу сілавікам, што звольніліся пасьля выбараў.
«Зачынілі супрацоўнікаў у офісе, забараняюць карыстацца тэлефонамі, усё аглядаюць, — напісаў Мікада, які сам цяпер знаходзіцца за мяжой. — Патрабуюць, каб разблякавалі кампутары, іначай забяруць. З офісу нікога не выпускаюць».
Аляксандра Дзікан, жонка Віктара Куўшынава, расказала, што муж працаваў дома.
«Нянька выходзіла зь дзіцем на вуліцу, пасьпела паведаміць, што ідуць чатыры чалавекі ў цывільным. Цяпер датэлефанавацца мужу не магу, ён не падымае трубкі, няма дома і ягонага кампутара».
Віктар Куўшынаў дапамагаў падаць заявы ў праваахоўныя органы пэдагогам, якія былі сябрамі камісіі і сталі сьведкамі фальсыфікацыі выбараў. Таксама спрыяў з пошукам працы ў выпадку звальненьня.
У ліпені яго затрымалі байцы АМАП на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, калі спрабаваў падаць скаргу ў ЦВК на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Пазьней апынуўся ў адным аўтазаку з родным братам, таксама айцішнікам. Суд прызначыў абодвум адміністрацыйны арышт.