Ператрус у кампаніі Мікіты Мікады. Ён прапанаваў дапамогу сілавікам, якія пакінуць службу
У менскі офіс IT-кампаніі PandaDoc 2 верасьня прыехалі зь ператрусам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
Раней Мікіта Мікада запусьціў ініцыятыву дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінуць службу. На гэты момант апрацавалі больш за 300 заявак і ўхвалілі паўсотні выплат.
Большасьць супрацоўнікаў кампаніі цяпер працуе з дому, таму ў офісе амаль нікога не было. Але «забралі дырэктара», удакладніў Мікіта Мікада парталу Onliner.by.
Іншы супрацоўнік кампаніі расказаў, што ягоныя калегі своечасова атрымалі рассылку з просьбай не прыходзіць у офіс.
Апэратыўнікі ДФР ужо прыходзілі зь ператрусамі да экс-банкіра Віктара Бабарыкі, кіраўніка рэклямнага агенцтва Аляксандра Васілевіча, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай.
Купалаўскі тэатар адмяніў паказы ўсіх спэктакляў да канца лістапада
Паводле прэс-службы, максымальна можна знаходзіцца на прастоі паўгода. Пасьля гэтага нічога не застанецца, як шукаць новага дырэктара, мастацкага кіраўніка і трупу.
Актор Віктар Манаеў іншыя зоркі сышлі з Купалаўскага тэатру
Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў звольніўся з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, паведамілі Свабодзе ў прэс-службе тэатру.
«З Купалаўскага тэатра звольніўся Віктар Манаеў. Таксама на знак салідарнасьці з калегамі сышлі народны артыст Аляксандр Падабед, Яўген Адаменка, Марта Голубева, Дыяна Камінская і Мікалай Кучыц», — распавялі ў прэс-службе.
Усяго пасьля звальненьня з пасады геэеральнага дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі заявы аб звальненні напісалі 42 актора і іншыя супрацоўнікі тэатру. Па стане на 2 верасьня ў трупе найстарэйшага тэатру Беларусі засталося 15 чалавек.
Андрэй Дзьмітрыеў, кандыдат у прэзыдэнты на мінулых выбарах і лідэр «Гавары праўду», прыйшоў пад РУУС у Менску, дзе трымаюць журналістаў
Лёнданскую фондавую біржу заклікалі выключыць з абароту беларускія аблігацыі на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў
Ініцыятары закліку да Лёнданскай фондавай біржы адмовіцца ад абарачэньня беларускіх аблігацый на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў спасылаюцца на меркаваную фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах на карысьць дзейнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, піша брытанскі партал CITYA.M.
У чэрвені сёлета ўрад Беларусі ўпершыню разьмясціў аблігацыі на суму 1,25 млрд даляраў (930 млрд фунтаў) на Лёнданскай фондавай біржы.
Група беларускіх эмігрантаў, аб'яднаных у групу «Надзея», у чацьвер правядзе акцыю пратэсту каля фондавай біржы ў лёнданскім Сіці, патрабуючы выключэньня аблігацый. Група сьцьвярджае, што аблігацыі «ў канчатковым выніку фінансуюць тэрарыстычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі»
Падтрымаць журналістаў прыехала сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава
Ландсбергіс: Лукашэнку трэба было б пакінуць на гадзіну з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі яго памагатыя...
Першы кіраўнік Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці і прафэсійны музыка Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што Лукашэнку варта пакінуць з тымі маладымі людзьмі, якіх забілі ягоныя памагатыя.
Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію журналістцы расейскай службы Свабоды Алене Палякоўскай.
Суд над журналістамі пачнецца не раней за 14-ю гадзіну
Пра гэта паведаміў адвакат Андрэй Мачалаў
Больш за 1100 работнікаў чыгункі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў
Работнікі Беларускай чыгункі напісалі калектыўны зварот, у якім сярод іншага заяўляюць пра тое, што лічаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі, патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, асуджаюць гвалт сілавікоў да мірных грамадзянаў, паведаміў Tut.by.
Некалькі дзясяткаў журналістаў у Менску стаяць каля будынка Кастрычніцкага РУУС, дзе правялі ноч іх калегі
Дзяржсакратар ЗША заклікаў беларускія ўлады пусьціць мітрапаліта Кандрусевіча на радзіму
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэа заклікаў беларускія ўлады дазволіць вярнуцца ў Беларусь кіраўніку беларускіх каталікоў Тадэвушу Кандрусевічу.
«Беларускія ўлады павінны дазволіць вярнуцца арцыбіскупу Кандрусевічу, каб ён мог падтрымліваць сваю паству падчас пратэстаў, якія працягваюцца. Яму і ўсяму беларускаму народу павінна быць дазволена ажыцьцяўляць свае асноўныя свабоды, у тым ліку свабоду веравызнаньня», — напісаў Пампэа.
Вядомыя беларускія спартоўцы заклікалі калегаў аб’яднацца і падтрымаць пратэсты
Вядомыя беларускія спартоўцы зьвярнуліся да сваіх калегаў з просьбай абʼяднацца і падтрымаць сваёй пазыцыяй акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія апошнія 3 тыдні праходзяць па ўсёй краіне.