Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават у аўтазак пайшоў з кветкай». Знайшлі дзяўчыну з кранальнага фота на жаночым маршы


Вольга Філіпава і Аляксей Арлоў
Вольга Філіпава і Аляксей Арлоў

Падчас Жаночага гранд-маршу многія зьвярнулі ўвагу на высокую маладую жанчыну ў белай сукенцы з кветкай у руцэ, якая доўга стаяла ля аўтазака, куды завялі яе сябра, які таксама трымаў у руках кветку.

Свабода даведалася, што гэта была Вольга Філіпава, уладальніца студыі ёгі. Мы пагутарылі зь ёй у панядзелак, 31 жніўня, адразу па заканчэньні суду над яе хлопцам, які пасьля затрыманьня два дні правёў у турме на Акрэсьціна.

«Нават у аўтазак пайшоў з кветкай»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

31-гадовая выкладчыца ёгі Вольга Філіпава і яе сябра, 35-гадовы праграміст Аляксей Арлоў, цяпер рэгулярна выходзяць на мірныя пратэсты. «Каб выказаць нязгоду зь беззаконьнем, якое адбывалася ў нашай краіне ў першыя дні пасьля галасаваньня, калі быў гвалт, згвалтаваньні і жорсткасьць. Як і ўся краіна, мы былі шакаваныя, і пасьля гэтага пачалі выходзіць на мірныя пратэсты», — Вольга расказала Свабодзе, што адбылося 29 жніўня.

— Мы пайшлі на жаночую акцыю. Раней Аляксей, калі я не магла, хадзіў на жаночыя акцыі, стаяў у ланцугах ці побач, падтрымліваў дзяўчат. У суботу мы пайшлі ўдвох. На момант затрыманьня ён ня быў у ланцугу, стаяў за мной, каб падтрымаць. Каля 16 гадзіны прыехалі аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы. Пачалі выходзіць амапаўцы. Паколькі большасьць мужчын стаялі ззаду ланцуга, АМАП таксама заходзіў ззаду, каб іх затрымліваць. Падышлі і да майго сябра з просьбай зайсьці ў аўтазак для праверкі дакумэнтаў. Сказалі, што для праверкі па факце ўдзелу ў масавых мерапрыемствах каля «Рыгі» 10 жніўня. Аляксея там не было, і ў нас былі доказы гэтаму.

Аляксей не супраціўляўся, спакойна пайшоў у аўтазак, трымаючы ў руках кветку. У аўтазаку яго пратрымалі каля 10 хвілін, потым перавялі ў міліцэйскі аўтобус, дзе пратрымалі каля гадзіны. Увесь гэты час Вольга стаяла побач. З кветкай у руцэ.

Вольга кажа, што ім пашанцавала, паколькі было шмат журналістаў і звычайных людзей, якія зафіксавалі момант затрыманьня. Гэта адыграла ролю ў судзе як доказ таго, што ён не супраціўляўся і фактычна ня ўдзельнічаў у мітынгу.

Дзьве ночы Аляксей Арлоў правёў у турме на Акрэсьціна, У панядзелак адбыўся суд. Яму прысудзілі штраф 15 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

— Нам пашанцавала, што ўзялі добрага адваката. Па сьпісах, якія былі вывешаныя ў судзе, на кожную справу адводзілася па 10 хвілін. Абвінавачаньні выстаўляліся аднолькавыя — за ўдзел у мітынгу, за выкрыкваньне лёзунгаў «Стоп таракан», непадпарадкаваньне ці супраціў міліцыі. Наш суд доўжыўся паўтары гадзіны. Адвакат сказала, што так і павінен суд праходзіць, а ня так, як яны звычайна робяць.

Вольга і Аляксей кажуць, што зноў выйдуць на мірны пратэст.

— Мы былі спакойныя і мірныя. Нават у аўтазак Аляксей пайшоў з кветкай. Мы не зьбіраліся супраціўляцца. Гэта было першае затрыманьне ў яго жыцьці. І для мяне гэта ўпершыню. Мне ўвесь час было страшна, але я разумела, што ўсё, што адбываецца, гэта абсурд, і ня можа быць іншых дзеяньняў з майго боку, як проста стаяць і выступаць супраць таго, што адбываецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG