Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жаночы марш у цэнтры Менску пры жывым Лукашэнку? Done!»


Жаночы Гранд-марш. Менск. 29 жніўня.
Жаночы Гранд-марш. Менск. 29 жніўня.

«Яны самі вінаватыя, што нас цяпер не стрымаць», «Беларускі сьмелыя, салідарныя, крэатыўныя», «Я ніколі не крычала так гучна „Жыве Беларусь!“». Сабралі ўражаньні ўдзельніц жаночага гранд-маршу салідарнасьці ў Менску, на які 29 жніўня выйшла некалькі тысяч жанчын.

Ганна Комар: «Я зразумела, што да мяне вярнуўся голас, якога я ня мела амаль два тыдні»

— Мы раззлаваныя. Даведзеныя да гістэрыкі. Яны самі вінаватыя, што нас цяпер не стрымаць. І не прадказаць, як мы будзем дзейнічаць. Зладзілі калектыўны крык, роў, вакол іх, перад імі, бо немагчыма па-іншаму рэагаваць было, словаў не засталося, сіл не засталося, з інструмэнтаў — толькі гэта. Крык адчаю, бездапаможнасьці, крык ад несправядлівасьці, ад стомленасьці. Крык як спроба дагрукацца да жывых людзей. Крык, каб заглушыць існыя рацыі. Крык, каб яны здаліся. Прапусьцілі нас. Здаліся. Зразумелі, што лепш перайсьці на наш бок, пакуль ня позна. Крык як калектыўная тэрапія.

Менск, 29 жніўня.
Менск, 29 жніўня.

Я не хацела проста ісьці з усімі. Унутры сябе я нібыта прыняла рашэньне — яшчэ 26-га, калі перастала ўцякаць. Ад сябе не ўцячэш. У самым пачатку, калі мы сабраліся маршыраваць, але яны перагарадзілі нам дарогу і расьцягнуліся ланцугом уздоўж дарогі, мы вялізным натоўпам доўга крычалі ім «Ганьба». Я зразумела, што да мяне вярнуўся голас, якога я ня мела амаль два тыдні. Зразумела і ўзрадавалася. Да мяне вярнуўся голас. І адчуваньне нашай сілы.

Каля філярмоніі нас адрэзалі бусікам і ланцужком амапаўцаў, дзеўкі пачалі разьбягацца, а я, нечакана для сябе, стала наперадзе, перад гэтымі недалюдзьмі, заклікала жанчын не разьбягацца, а стаяць разам. «Артыкул 17.1», — заявіў нам амапавец, і мяне бамбанула. Ён, чалавек, які парушыў КАНСТЫТУЦЫЮ і якога чакае крымінальная справа, пужае нас адміністрацыйкай за дробнае хуліганства, бо мы спрабавалі перайсьці дарогу шырынёй у мэтар, якую яны ж і загарадзілі! «Вы нам здрадзілі, вы здардзілі нам, як вы маглі?!!» — крычала я, але ўжо ня я, новая Ганна. Я ведаю, гэта гармоны, якія выпрацоўваліся ў маёй крыві. Адрэналін і што там яшчэ. Я страціла пачуцьцё страху, была толькі злосьць, злосьць, і яна гаварыла голасам справядлівасьці, голасам маіх каштоўнасьцяў.

Я недабыла да канца маршу, але я ведаю, што нас не спыніць, тры гадзіны гэта ці тры месяцы. З маіх улюбёных крычалак: «Я всегда с собой беру видеокамеру» і «Нас не надо провожать» (варыяцыя «Нас ня трэба падвозіць»). Бязьмерна ўдзячная ўсім жанчынам, што працягваюць барацьбу і перамагаюць страх, перамагаюць інэртнасьць, здабываюць нам волю.

Натальля Ладуцька: «​АМАП бачыў у нас менавіта жанчын і ставіўся да нас, як да жанчын, часам недаацэньваючы нашу сілу»

Жаночы Гранд-марш у Менску. 29 жніўня.
Жаночы Гранд-марш у Менску. 29 жніўня.

— Любавалася ўсімі, якія мы ўсе разумныя і прыгожыя, і вельмі жаноцкія. Часам было страшнавата, але тады іншыя дзяўчаты зь іншых месцаў перабягалі да нас, нас станавілася шмат — і страх адыходзіў, мы ўсьведамлялі, як нас шмат, і ім з намі ня справіцца, нас занадта шмат. Усё ж АМАП бачыць у нас менавіта жанчын і ставіўся да нас, як да жанчын, часам недаацэньваючы нашу сілу, часам, калі бянтэжыліся ад нашых пытаньняў. Думаю, яны ставіліся б па-іншаму, калі б гэтыя пытаньні задавалі ім мужчыны. Мы радаваліся нашай самадысцыпліне і сьмяяліся. „Стаім!“ — крычалі мы, сьмяяліся і спыняліся, чакаючы тых, што адсталі, на сьвятлафорах. „Ідзем! — крычалі мы. — Наперад!“, сьмяяліся і ішлі наперад.

Я радавалася нашай знаходлівасьці, калі мы ўцякалі ад АМАПу, перабягаючы на другі бок вуліцы. Я дзівілася і натхнялася, калі дзяўчаты не разыходзіліся, а проста працягвалі ісьці ў іншы бок. А гледзячы на жанчын з АМАПу, разумела, што калі на амапаўцаў-мужчын яшчэ ёсьць шанец неяк узьдзейнічаць, то на гэтых няма. А яшчэ было глыбокае перакананьне, што ён пацярпеў паразу, канчаткова і незваротна. Выйшлі дзяўчаты і жанчыны гораду сказаць яму гэта. Няма ў яго падтрымкі, нават АМАП адводзіў вочы і паварочваўся ў ланцугу, прапускаючы прайсьці.

Алена Міхаленка: «​Рэальны твар маладой Беларусі ўбачыла»​

Жаночы Гранд-марш
Жаночы Гранд-марш

— Беларускі сьмелыя, салідарныя, крэатыўныя. Самыя яркія ўражаньні — выдатная залаціста-рудая дзяўчына гадоў 16 з плякатам «Гэта наша краіна», многія крычалі гэты слоган, але вось у ёй рэальна твар маладой Беларусі ўбачыла. І вельмі пажылая жанчына, яна ішла ў чырвонай байцы і белай хустцы, я спачатку проста заўважыла яе, а потым мы разам апынуліся каля Марыі Калесьнікавай. У бабулі сьлёзы з вачэй, і нібы радасьць, але як яна казала: „Дзетачка, ты беражы сабе...“ Шмат што запомнілася. А яшчэ, калі калёна разгарнулася каля 1-й лякарні, я пайшла далей да Акадэміі навук. Там стаялі напагатове ўжо не АМАП, а армія, „касманаўты“ ў шаломах у поўнай амуніцыі, відаць толькі лбы і вочы. І ўсе валасы бялявыя, вочы шэра-блакітныя, такія беларускія хлапчукі. Усё гэта так няправільна...

Крысьціна Бандурына: «​Захапляюся вашым пачуцьцём гумару і ўменьнем злое сустракаць з усьмешкай»​

— Яшчэ пару гадоў таму на пытаньне «У які час ты хацела б жыць?» я адказвала: «20-я гады ХХ стагодзьдзя». Цяпер я ведаю, што жыву ў самым цікавым часе — на зломе, пасьля якога магчыма што заўгодна... Жаночы марш у цэнтры Менску пры жывым Лукашэнку? Done! Гэта таксама было з разраду немагчымага. І я думаю, што перамога, якую мы ўсе так чакаем, таксама будзе такой — непрадказальнай і раптоўнай.

У мяне няма слоў, каб сказаць, як я люблю беларускіх жанчын! Ганаруся тым, што адна зь іх. Адна з нас. Гэта неверагодная сіла — кволая, пяшчотная, але разам з тым трывалая, незгасальная. Гэта не камяні на горных схілах — гэта рэкі: бурлівыя, непакорлівыя, дзікія. Рэкі, якія ласкава прымаюць сваё, расступаючыся і зноў змыкаючыся, і якія могуць разьнесьці ў шчэпкі, калі ты да іх са злом.

Моцныя. Кемлівыя. Сьмелыя. Захапляюся вашым пачуцьцём гумару і ўменьнем злое сустракаць з усьмешкай. Бясконца ўдзячная за магчымасьць вучыцца быць вамі. Быць беларускай. Я ніколі не крычала так гучна «Жыве Беларусь!», як сёньня. Сёньня я, не саромеючыся, разам з усімі сьпявала «Купалінку» і «Тры чарапахі» (жаночая вэрсія — гэта нешта!). Мы, як заўсёды, ветліва абыходзілі амапаўцаў, спыняліся на сьвятлафорах, чакалі тых, хто адставалі. «Стой-це», «Акадэ-мія», «Па-газо-нах-не-хадзіць», «На-Побе-ды» — такое ў нас было самарэгуляваньне. Хвост пачынаў — і неслася хваля да галавы.

Да шчанюковага захапленьня радавала гэтая тактыка: перакрываюць — разварочваемся і ідзём назад. Яны проста не пасьпявалі пераганяць за намі аўтазакі, а некаторыя проста паўзьлі побач. «Нас-ня-трэба-права-жаць», «Скора-кончы-цца-бэнзін» і... «Скора-кончы-цца-бабло» — я рагатала ўголас. Сіл крычаць ужо не было, але такога я не магла не падтрымаць. На адным з плякатаў, які ў мяне так і не атрымалася засьняць, было «SASHA, WOMEN ARE COMING», і я, гледзячы на яго, адчувала, як мяне перапаўняе гонар за нас усіх. За тое, што мы такія неімаверныя.

Калі ў новай Беларусі адбудуюцца літаратурная крытыка і літаратуразнаўства, мне, спадзяюся, жывой, старой і мудрай, будзе цікава пачытаць, што напішуць пра тое, што рабілі тры маладыя паэткі, надзея і гонар беларускай паэзіі, летам 2020-га. Падазраю, што гэта будзе адна з самых цікавых старонак нашых біяграфій.

Вольга Мініч: Калі падышлі да Камароўкі, побач з прыпынкам маршрутак было шмат жанчын, зь цяжкімі сумкамі, а тут мы ўсе такія яркія, прыгожыя, са сваім „Верым, можам, пераможам“. Я спалохалася, раптам хто з агрэсіяй #ябатьки на нас, але не, яны сталі ўсьміхацца і падымаць знак перамогі, я шчыра была ўражаная!

Дар’я Дудзіна: «Адна за ўсіх і ўсе за адну!» — вось што ўразіла. І энэргія такая, што разумееш, што, як раней, ужо ня будзе!

Яўгенія Доўгая: Было прыемна бачыць, як дзяўчаты абкружылі і абаранілі Ніну Багінскую, калі сіні бусік і аўтазак ззаду амаль наяжджалі на яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG