Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ствараць партыю, якую не зарэгіструюць? Палітоляг Карбалевіч пра ініцыятыву Бабарыкі


Віктар Бабарыка падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 11 чэрвеня 2020 году.
Віктар Бабарыка падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 11 чэрвеня 2020 году.

Ва ўмовах масавага пратэставага руху стварэньне палітычнай партыі ёсьць ня толькі пераключэньнем парадку дня і ўвагі, але і штучнай рутынізацыяй грамадзкага ўздыму, зазямленьнем палітычнага натхненьня шырокіх масаў, якія «штурмуюць неба».

Сьцісла:

  • Ініцыятыва штабу Бабарыкі ў справе стварэньня партыі нагадвае гісторыю з прапановай правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі.
  • Імавернасьць афіцыйнай рэгістрацыі новай партыі блізкая да нуля.
  • У краіне адсутнічаюць умовы, неабходныя для функцыянаваньня партый. Бо няма ні рэальных прадстаўнічых інстытутаў, ні выбараў.
  • Магчыма, ініцыятыва стварыць партыю — гэта спосаб неяк заняць людзей, скіраваць іх энтузіязм у нейкае практычнае рэчышча, каб працэс не затухаў.

Каманда Віктара Бабарыкі, найперш Марыя Калесьнікава, абвясьціла пра намер стварыць новую партыю ці рух пад назвай «Вместе».

Нагадаю, што 19 чэрвеня, ужо пасьля свайго арышту, Віктар Бабарыка празь відэазварот, запісаны загадзя, прапанаваў правесьці рэфэрэндум для зьмены Канстытуцыі Беларусі, узяўшы за прыклад Канстытуцыю 1994 году.

Тая ініцыятыва прагучала трохі неўпапад з агульным грамадзкім уздымам, арыентаваным на зьмену прэзыдэнта падчас выбараў, выглядала як пераключэньне парадку дня, адцягненьне ўвагі ад галоўнай праблемы.

З той ініцыятывы нічога не атрымалася, яна заглухла, пра стварэньне і рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для рэалізацыі гэтай ідэі нічога не чуваць. Тая гісторыя ўспамінаецца цяпер, бо новая ініцыятыва ў нечым падобная.

Пачнем з таго, што апошні раз у Беларусі партыя рэгістравалася ў 2000 годзе. 20 гадоў усім ініцыятывам у гэтым кірунку было адмоўлена.

Ня думаю, што цяпер будзе зроблена нейкае выключэньне. Тым больш што ўзначаляць новую партыю даволі папулярныя сёньня людзі: Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава. Навошта Лукашэнку іх легалізоўваць?

Але больш важна тое, што ў краіне адсутнічаюць умовы, неабходныя для функцыянаваньня партый. Калі зьвярнуцца да гісторыі, то ўзьнікненьне палітычных партый было абумоўленае зьяўленьнем двух грамадзкіх інстытутаў: парлямэнту і выбараў. Толькі ў рамках існаваньня прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадзтве.

Пры адсутнасьці гэтых умоў партыі перастаюць выконваць ролю інструмэнту палітычнага прадстаўніцтва і ўплыву на прыняцьце ўладных рашэньняў, апынаюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, ператвараюцца ў маргінальныя структуры.

Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія партыі, бо тут няма ні рэальных прадстаўнічых інстытутаў, ні выбараў. Ёсьць толькі іх сурагаты. Яшчэ адзін важны момант. Цяпер у краіне разьвіваецца масавы пратэставы рух, склалася рэвалюцыйная сытуацыя.

На вулічныя акцыі выходзяць дзясяткі і нават сотні тысяч людзей. У такі момант стварэньне палітычнай партыі ёсьць ня толькі пераключэньнем парадку дня і ўвагі, але штучнай рутынізацыяй грамадзкага ўздыму, зазямленьнем палітычнага натхненьня шырокіх масаў, якія «штурмуюць неба».

Тут можна прывесьці аналёгію зь першымі гадамі кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Шмат ягоных дарадцаў прапаноўвалі яму тады на хвалі вялікай папулярнасьці прэзыдэнта стварыць палітычную партыю і ўзначаліць яе. Аднак вострае палітычнае чуцьцё, якой у той час яшчэ не пакінула Лукашэнку, падказала адмовіцца ад такой прапановы. Бо гэта звужала б ягоную сацыяльную базу, разбурала вобраз «усенароднага прэзыдэнта», размывала б ягоны лёзунг «Я ня зь левымі і ня з правымі, я з народам».

Насамрэч, ня бачу вялікай шкоды ад гэтай ініцыятывы штабу Бабарыкі. Магчыма, гэта спосаб неяк заняць людзей, скіраваць іх энтузіязм у нейкае практычнае рэчышча. Вось кампанія ў справе адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, вось — стварэньне партыі. Галоўнае, каб працэс не затухаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG