Падчас асьвятленьня акцыі пратэсту студэнтаў 1 верасьня сілавікі затрымалі некалькі журналістаў.
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылянсэра Васіля Сямашку затрымалі на вуліцы Кірава ў раёне стадыёна «Дынама» ў Менску. Там жа сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай. Рэшта студэнтаў разьбеглася.
Tut.by паведамляе, што іх журналістаў цяпер вязуць у РУУС: па словах супрацоўнікаў міліцыі, «праверыць акрэдытацыю».
Таксама на маршы студэнтаў затрыманыя супрацоўнікі «Комсомольской правды» ў Беларусі: фатограф Сьвятаслаў Зоркі, апэратар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Элешевіч.
Расейскае інфармагенцтва «РИА Новости» пішуць, што адным з затрыманых у Менску журналістаў быў іх карэспандэнт.