Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Няпомняшчых асудзілі на 10 сутак


Уладзімер Няпомняшчых падчас назіраньня на выбарах, 4 жніўня
Уладзімер Няпомняшчых падчас назіраньня на выбарах, 4 жніўня

31 жніўня ў Гомлі судзілі актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых, які ўдзельнічаў у зборы подпісаў за сваё вылучэньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Яго абвінавацілі паводле артыкулу 23.34 КаАП. Міліцыя склала тры пратаколы.

7 жніўня суд пакараў Няпомняшчых арыштам на 15 содняў. 25 жніўня яго зноў затрымала міліцыя. 26 жніўня суд прысудзіў яму штраф 810 рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. З суду актывіста не адпусьцілі, а зноў завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

31 жніўня судзьдзя Алеся Осіпава (суд Цэнтральнага раёну) разглядала тры пратаколы міліцыі на Няпомняшчых. Судзьдзя адмовіла, каб міліцыянт Арцём Жаўняк, які складаў пратаколы, быў сьведкам, бо ён «зацікаўленая асоба».

Сваёй віны ва ўдзеле ў несанкцыянаваных сходах Уладзімер Няпомняшчых не прызнаў.

«Мяне нават за вушы не прыцягнеш да гэтых справаў! У пратаколе напісана, што месца і час несанкцыянаванага сходу былі дамоўленыя. З кім дамоўленыя час і месца? У справе як доказ ёсьць здымак, што я стаю ля цырку і разглядаю выставу дзіцячых малюнкаў! Прычым тут несанкцыянаваны сход? Нават на здымку міліцыі відаць, што я стаю адзін і вакол няма людзей! Я глядзеў дзіцячыя карціны, атрымліваў асалоду, ну цяпер буду сядзець», — заявіў на судзе актывіст.

Таксама Няпомняшчых абвінавацілі ў тым, што ён з групай грамадзян падаваў калектыўную скаргу ў Сьледчы камітэт на міліцэйскі гвалт. Пад заявай падпісаліся больш за 800 жыхароў Гомля. Міліцыя вырашыла, што гэта быў несанкцыянаваны сход.

«У Гомлі забілі (падчас пасьлявыбарчых акцый пратэсту) Аляксандра Віхора. Я быў на яго пахаваньні. Можа, і пахаваньне — гэта несанкцыянаваны сход? А дзе ў законе запісана, што заяву ў СК можа падаваць толькі адзін чалавек?», — пытаецца пэнсіянэр МУС.

Трэцяе абвінавачаньне ў тым, што ён заносіў разам з іншымі грамадзянамі калектыўную заяву ў Цэнтральны РАУС. І гэта міліцыя ацаніла як «несанкцыянаваны сход».

«Прызнаньне — каралева доказаў, казаў Вышынскі ў 30-х гадах. А тут нават прызнаньня майго няма, і мяне судзяць па нейкай поўнай лухце! Тут няма нічога на мяне, хоць бы здымак са сьцягам прычапілі да справы зь мінулага году», — заявіў актывіст.

Судзьдзя Алеся Осіпава пакарала Ўладзімера Няпомняшчых арыштам на 10 содняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG