Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня
Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня

23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Што адбываецца ў Беларусі на 23-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў

18:38 31.8.2020

У Горадні людзі сабраліся ў «ланцуг салідарнасьці з мэдыкамі»

Каля мэдыцынскага ўнівэрсытэту ў Горадні каля 30 чалавек сталі ў «ланцуг салідарнасьці». Яны кажуць, што хочуць падтрымаць мэдыкаў, на якіх цяпер ціснуць улады. Іх падтрымліваюць сыгналамі аўтамабілі.

Некалькі чалавек затрымалі амапаўцы. Астатнія ўдзельнікі ланцуга разышліся.

18:43 31.8.2020

«Мы адчулі сябе сілай, якая можа рабіць цуды». Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў пра сваю пазыцыю і ўдзел у маршах пратэсту

Чэмпіён моладзевага першынства Эўропы ў баскетболе, экс-капітан нацыянальнай зборнай, герой Залі славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона Ягор Мешчаракоў сярод першых далучыўся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў, разам з малодшым братам, гульцом зборнай Беларусі ў баскетболе Мікітам Мешчараковым яны сярод падпісантаў адкрытага ліста з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

Ягор з жонкай і дачкой ходзіць на мірныя акцыі, валянтэрыць падчас ланцугоў салідарнасьці, падвозіць удзельнікам ваду і харч. Раней, яшчэ да сёлетніх падзеяў, ён набіў патрыятычнае татý з рыцарам і надпісам Belarus Knight. «Няма ніякіх рэжысэраў, якім плацяць „лялькаводы“. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца», — кажа Ягор Мешчаракоў.

Што падштурхнула да адкрытага выказваньня пазыцыі, калі разумееш, што без наступстваў гэта не застанецца? Ягор пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды назаўтра пасьля акцыі 30 жніўня, куды ягоныя аднадумцы выйшлі зь вялікім плякатам: «Спартоўцы — з народам». Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

18:50 31.8.2020

Фігуранта «справы Ціханоўскага» адправілі адбываць «суткі» за горадзенскі пікет 29 траўня

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ўшака адправілі адбываць «суткі» за горадзенскі пікет 29 траўня, паведамляе «Вясна». Яго затрымалі сёньня на полацкім вакзале, адкуль ён зь нявестай зьбіраўся ехаць у Менск. Міліцыянты прад’явілі яму пастанову Ленінскага суду Горадні, па якой яго асудзілі 2 ліпеня на 7 сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

Міліцыянты сказалі, што 7 сутак Вяргілій Ушак будзе адбываць у Полацкім РАУСе. Пры гэтым ён застаецца ў статусе абвінавачанага па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі па «горадзенскай справе», якая зьвязаная з падзеямі на пікеце 29 траўня ў Горадні. Ён два месяцы правёў у СІЗА і быў вызвалены напрыканцы ліпеня.

18:56 31.8.2020

Лідэра салігорскіх шахтароў Анатоля Бокуна арыштавалі на 15 сутак

Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі на 15 сутак арышту. Як паведамілі Свабодзе у страйкаме, Бокуна асудзілі па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.

24 жніўня Бокуну ўжо прысудзілі 675 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасьля суду сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» тады адпусьцілі.

19:38 31.8.2020

Менск. «Ланцуг салідарнасьці» і крыжовы шлях ля Чырвонага касьцёла

Увечары ў Менску жанчыны зноў выйшлі ў «ланцуг салідарнасьці» да Чырвонага касьцёла.

Да людзей, якія выстраіліся ў ланцуг салідарнасьці перад касьцёлам, падыходзілі супрацоўнікі АМАПу і казалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

Каталікі выйшлі з касьцёла пасьля імшы і зрабілі крыжовы шлях вакол Чырвонага касьцёла. Яны маліліся за мітрапаліта Кандрусевіча, якому сёньня не дазволілі ўехаць у Беларусь.

Пасьля папярэджаньня супрацоўнікаў міліцыі, што мерапрыемства несанкцынаванае, людзі пачалі вадзіць карагод на плошчы Незалежнасьці.

20:07 31.8.2020

Беларусь «прыме адэкватныя меры» ў адказ на санкцыі з боку балтыйскіх краін

Прэс-сакратар Міністэства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА Новости» візавыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Паводле Анатоля Глаза, гісторыя незалежнай Беларусі пацьвярджае, што спробы санкцыйнага ўзьдзеяньня на Беларусь «прыводзяць іх ініцыятараў толькі да адваротнага эфэкту», і ў МЗС сёньняшняе рашэньне ўвесьці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў «ня стане выключэньнем».

«Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушана будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у дачыненьні да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена», — заявіў Глаз. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:13 31.8.2020

У Магілёве затрымалі 6 чалавек

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што ў 18:30 у Магілёве каля ГЦ «Атрыюм» АМАП затрымаў 6 чалавек, зь іх трое жанчыны. Вядомыя іх імёны: Валянцін Герасіменка, Мікалай Харытон, Алеся Хітрыкава, Дар’я Ратнікава, Вольга Башарымава, Аляксандар Страх .

Аляксандар Страх, капітан трэцяга рангу ў адстаўцы, па тэлефоне пасьпеў паведаміць, што іх вязуць у Ленінскі РУУС. Учора ён першы выгукнуў «Жыве Беларусь», калі зьбіраўся Марш міру і незалежнасьці ў Магілёве.

Дзяўчат апыталі, прымусілі падпісаць паперу пра няўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і хутка вызвалілі.

Каля 22:30 вызвалілі і астатніх затрыманых. Аляксандра Страха папярэдзілі, што на яго будзе складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведамляюць праваабаронцы. Страху выпісалі позву зьявіцца ў міліцыю 1 верасьня.

20:17 31.8.2020

Лукашэнка зьняў пасла ў Гішпаніі, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях

Аляксандар Лукашэнка сваім указам ад 31 жніўня зьняў з пасады амбасадара Беларусі ў Гішпаніі Паўла Пуставога і пазбавіў яго дыпляматычнага рангу «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў», паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

18 жніўня Пуставы зьвярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей». Ён заклікаў правесьці перападлік вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня, правесьці «адкрытыя судовыя пасяджэньні» ў адносінах да тых, хто: зьбіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасьці сілавікоў, першымі нападаючы камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і зьдзекаваўся з затрыманых; зьдзяйсьняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзеяў.

20:18 31.8.2020

Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады выклікалі ў Сьледчы камітэт

Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт 1 верасьня ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, паведамляе БелаПАН.

Паводле прэс-службы КР, Раднянкова выклікалі ў якасьці сьведкі, хоць ён не ўваходзіць у прэзыдыюм. Раней у СК дапытвалі толькі сябраў прэзыдыюму КР: Сьвятлану Алексіевіч, Максіма Знака, Лілію Ўласаву, Паўла Латушку, Сяргея Дылеўскага і Марыю Калесьнікаву.

20:24 31.8.2020

Да ланцуга салідарнасьці каля касьцёла на плошчы Свабоды ў Менску пад'ехаў сіні мікрааўтобус без нумароў, выйшаў АМАП, а потым пад'ехаў аўтазак.

20:30 31.8.2020

20:30 31.8.2020

20:32 31.8.2020

Менск: пратэстоўцы пакінулі плошчу Незалежнасьці

З плошчы Незалежнасьці сышлі ўсе пратэстоўцы. На піку тут было каля сотні чалавек. У асноўным – мужчыны. Карэспандэнты Свабоды ня бачылі, каб міліцыя кагосьці затрымала.

«Ланцуг салідарнасьці» і крыжовы шлях каля Чырвонага касьцёла. ФОТА

Адзін з супрацоўнікаў АМАП выхапіў сьцяг у адной з удзельніц акцыі
Адзін з супрацоўнікаў АМАП выхапіў сьцяг у адной з удзельніц акцыі

21:04 31.8.2020

У Горадні маліліся за вяртаньне Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь

Каля ста чалавек у Горадні прыйшлі пад Фарны касьцёл памаліцца на ружанцы за вырашэньне сытуацыі зь вяртаньнем мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму.

Ксяндзы адразу папярэдзілі, што акцыя не палітычная, папрасілі не выгукваць лёзунгі.

21:32 31.8.2020

Штрафы і да 47 сутак арышту. «Судовы канвэер» над затрыманымі 28, 29 і 30 жніўня

31 жніўня праходзяць суды над затрыманымі на мірных акцыях пратэсту 28, 29 і 30 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэньняў.

На цяперашні момант вядомыя ўжо больш за 50 прысудаў: у асноўным гэта штрафы (да 1080 рублёў), а таксама арышты на суткі (самы вялікі прысуд — 47 сутак арышту). Поўны пералік чытайце па спасылцы.

21:34 31.8.2020

Латушка пра затрыманьне Ліліі Ўласавай: гэта ціск на Каардынацыйную раду

Падчас прэсавай канфэрэнцыі 31 жніўня ў Каардынацыйнай радзе выказаліся наконт чарговага затрыманьня — сябра прэзыдыюму рады Ліліі Ўласавай. Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка зьвязаў затрыманьне Ліліі Ўласавай зь ціскам на раду.

«Я хацеў бы зрабіць заяву, што сёньня ў 15:00 была затрымана Лілія Ўласава. Яна зьяўляецца адным з самых вядомых мэдыятараў Беларусі. Мы выказваем заклапочанасьць у сувязі з чарговым затрыманьнем сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Гэта мы разглядаем як ціск на Каардынацыйную раду», — заявіў Павал Латушка. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:35 31.8.2020

Марыя Калесьнікава: Заявы Лукашэнкі пра Канстытуцыю — вынік ціску грамадзянскай супольнасьці

Падчас прэсавай канфэрэнцыі 31 жніўня ў Каардынацыйнай радзе расказалі пра вынікі дзейнасьці Рады, колькасьць яе ўдзельнікаў і далейшыя пляны.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак паведаміў, што цяпер у складзе Каардынацыйнай рады 4 тысячы чалавек і яшчэ 10 тысяч заяваў на ўступленьне.

Марыя Калесьнікава адзначае посьпехі ў працы Каардынацыйнай рады.

«Відавочна, што стратэгія, якую мы абралі, пасьпяховая. Яшчэ 2 тыдні таму Лукашэнка не казаў пра дыялёг, цяпер ён пра яго прыгадвае. Пытаньні Канстытуцыі і рэфэрэндуму якраз паказваюць, што гэта вынік ціску грамадзянскай супольнасьці. Наша перамога ў тым, што мы хочам новага жыцьця і мы гатовыя несьці за гэта адказнасьць. У нас няма ілюзій наконт таго, як цяпер будзе дзейнічаць улада», — сказала Марыя Калесьнікава. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:36 31.8.2020

Каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа арыштавалі на 15 сутак

Суд гораду Янава Берасьцейскай вобласьці арыштаваў каардынатарку страйкаму БДУ выкладчыцу Сьвятлану Воўчак і яе мужа Міхаіла на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Як паведаміла БелаПАН сястра Міхаіла Вольга, адбываць арышт муж і жонка будуць у ізалятары часовага ўтрыманьня Янаўскага РАУС. Частку забранай у іх пры затрыманьні тэхнікі канфіскавалі.

Мужа і жонку Воўчакаў затрымалі 28 жніўня прыблізна ў 19.30 у вёсцы Застружжа Янаўскага раёну ва ўласным доме. Забралі ноўтбукі, тэлефоны, дрон і дакумэнты. 27 жніўня Міхаіл паведаміў БелаПАН, што напярэдадні выкладчыкаў БДУ, якія падпісалі пэтыцыю з палітычнымі патрабаваньнямі да кіраўніцтва ВНУ, пачалі праз тэлефон выклікаць у пракуратуру «на размову».

21:38 31.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская: Я моцна перажываю кожнае затрыманьне

Былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе — пра легітымнае прэзыдэнцтва, жаночую рэвалюцыю, выбар, які стаіць перад сілавікамі, ролю Захаду і Расеі, гонар за мірных пратэстоўцаў і тое, што адбылося ў кабінэце Ярмошынай. Тэкставую вэрсію інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай чытайце па спасылцы.

21:56 31.8.2020

МУС: 30 жніўня падчас акцый пратэсту ў Беларусі затрымалі 173 чалавек

Падчас акцый пратэсту 30 жніўня агулам па Беларусі затрымалі 173 чалавек, іх будуць судзіць па адміністрацыйных справах, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў прэс-службе МУС.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG