«Аслабляюць пачуцьцё патрыятызму». Савет бясьпекі расказаў, за якія артыкулы заблякавалі «Нашу Ніву»
«Наша Ніва» расказала, што рэдакцыя атрымала ліст ад міністра інфармацыі Беларусі Ігара Луцкага, у якім тлумачыцца, чаму быў заблякаваны сайт выданьня. Міністар адзначае, што Савет бясьпекі мае прэтэнзіі да 8 артыкулаў (пералік тут). Усе яны прысьвечаныя пасьлявыбарчым падзеям у Беларусі, у іх апісваюцца жорсткія дзеяньні сілавікоў пры затрыманьні мірных пратэстоўцаў, яны збольшага грунтуюцца на сьведчаньнях людзей, якія сталі ахвярамі гвалту сілавікоў і расказалі пра гэта СМІ.
На думку чыноўнікаў, гэтыя артыкулы «штучна ствараюць напружаньне і супрацьстаяньне паміж грамадзтвам і дзяржавай, зьніжаюць матывацыю да эфэктыўнай працы і гаспадарчай дзейнасьці, распаўсюджваюць недакладную альбо сьвядома скажоную інфармацыю, здольную нанесьці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцьці патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны незалежнасьці».
У сувязі з гэтым доступ да сайта nn.by абмежаваны. Тэрмін, на працягу якога будуць дзейнічаць абмежаваньні, не называецца.
Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі
Зварот былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі быў запісаны яшчэ да ягонага арышту, і ў ім гучаць словы «мы не змаглі перамагчы на выбарах». Ён кажа аб стварэньні «партыі альбо руху» з наступнымі задачамі:
- Правесьці канстытуцыйную рэформу.
- Працаваць над паляпшэньнем эканомікі.
- Даваць людзям магчымасьць праяўляць грамадзянскую ініцыятыву.
Пасьля Бабарыкі зь відэазваротам выступіла кіраўніца ягонага перадвыбарчага штабу Марыя Калесьнікава, якая цяпер уваходзіць у Каардынацыйную раду апазыцыі. Яна паведаміла, што ствараецца палітычная партыя «Вместе» (Разам) і блізкім часам будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.
Каталікі на інцыдэнт з арцыбіскупам Кандрусевічам адказалі хросным ходам
Падчас імшы ў Чырвоным касьцёле вернікі выйшлі на хросны ход, молячыся за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Кіраўніка беларускага каталіцкага касьцёлу 31 жніўня не пусьцілі з Польшчы ў Беларусь. Да хроснага ходу далучыліся некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў, якія прыйшлі на плошчу Незалежнасьці. Увесь гэты час міліцыянты прасілі пратэстоўцаў разысьціся. На плошчы Незалежнасьці быў АМАП, стаялі ня менш як пяць аўтазакаў і некалькі міліцэйскіх мікрааўтобусаў.
Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую затрымалі за «пікет на гаўбцы»
Блогерку Алену Янушкоўскую (удзельніцу праекту «Страна для жизни») забралі 31 жніўня з дому яе дачкі Юліі Ўласенкі, якая жыве ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, паведамляе «Радыё Рацыя».
Паводле Юліі, калі па маці прыехалі міліцыянты, тая ня вельмі добра сябе адчувала і выклікала хуткую дапамогу. Ёй зрабілі ўкол ад падвышанага ціску, але супрацоўнікі аддзелу міліцыі Віцебскага раёну забралі яе нават у такім стане.
Юлія Ўласенка кажа, што міліцыянты паказалі фатаздымкі, на якіх Алена Янушкоўская стаіць на гаўбцы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Алена Янушкоўская жыве ў прыватнай хаце, і гаўбца там няма. Дачка мяркуе, што маці могуць зьмясьціць за краты на сёньняшнюю ноч, каб ужо назаўтра судзіць за «несанкцыянаванае пікетаваньне». Цалкам чытайце па спасылцы.