Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня
Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня

23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Што адбываецца ў Беларусі на 23-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў

15:13 31.8.2020

«Мітрапаліту адмовілі ва ўезьдзе без тлумачэньня прычыны». Афіцыйны камэнтар прадстаўніка Каталіцкага касьцёла Беларусі

Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі афіцыйна паведамляе, што 31 жніўня супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі ва ўезьдзе ў краіну Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, паведамляе сайт каталіцкай царквы Беларусі.

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдакладніў, што ў панядзелак 31 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі.

На памежным пераходзе Кузьніца Беластоцкая — Брузгі супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі кіраўніку беларускага каталіцкага эпіскапату ва ўезьдзе ў краіну без тлумачэньня прычыны.

Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

15:10 31.8.2020

Латвія ўключыла Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. ПОЎНЫ СЬПІС

У адпаведнасьці з рашэньнем кабінэта міністраў Латвіі і па ўзгадненьні з міністэрствамі замежных спраў Эстоніі і Літвы міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне аб унясеньні 30 беларускіх чыноўнікаў у сьпіс пэрсонаў нон-грата, паведамляе афіцыйны сайт зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі.

У «чорны сьпіс» уключаны Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, Камітэту дзяржбясьпекі, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі, Камітэту дзяржкантролю і Менскага гарвыканкаму.

Гэтым асобам забаронены ўезд у Латвію, і гэтая забарона дзейнічае на нявызначаны пэрыяд.

Паводле МЗС Латвіі, гэтыя асобы сваімі асабістымі дзеяньнямі арганізоўвалі і падтрымлівалі фальсыфікацыю выбараў прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020 года, а таксама падтрымлівалі гвалтоўнае задушэньне мірных пратэстаў.

15:09 31.8.2020

Кандрусевіч у інтэрвію польскай тэлевізіі: «Ёсьць падставы меркаваць, што выбары праходзілі несумленна»

Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не ўпускаюць у Беларусь. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў сам герарх, які вяртаўся дадому з Польшчы.

У нядзелю галава Каталіцкай царквы Беларусі даў інтэрвію польскаму хрысьціянскаму тэлеканалу TV Trwam. Партал catholic.by апублікаваў некаторыя выказваньні арцыбіскупа.

На думку мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, беларускі народ «дарос да таго, каб адстойваць свае правы, і гэта ўжо іншае пакаленьне, чым 26 гадоў таму».

  • «Ёсьць падставы меркаваць, што выбары праходзілі несумленна. Касьцёл у Беларусі хоча мірнага вырашэньня. Я заклікаў да пакаяньня ўсіх тых, хто быў вінаваты, бо гэта так, і мы не адны. Каталіцкі касьцёл і Праваслаўная царква выступаюць з падобнымі прапановамі».
  • «Ёсьць падзелы. Грамадзтва сёньня падзялілася, і гэта вельмі вялікая небясьпека, бо людзі часта ня чуюць голасу Касьцёла, што, нягледзячы на цяжкасьці, нягледзячы на тое, што людзі пацярпелі, аднак хрысьціянскі падыход павінен быць такім, каб прабачыць. Я баюся, што можа дайсьці да зьвядзеньня рахункаў, а гэта пагражае грамадзянскай вайной».
  • «Часам дзеяньні міліцыі ці спэцыяльных службаў бывае цяжка зразумець. Напрыклад, у Чырвоным касьцёле заблякавалі ўсе ўваходы. Там знаходзіліся людзі, якія маліліся і не маглі выйсьці, бо іх там пэўны час трымалі. Каму такое спатрэбілася? Незразумела. Празь нейкі час усе выйшлі. Гэта вядзе да непатрэбнага падзелу ў грамадзтве, і гэта вельмі небясьпечна. Сёньня беларускае грамадзтва вельмі моцна падзелена», — заўважыў кіраўнік беларускага каталіцкага эпіскапату.
15:07 31.8.2020

Мінкульт звольніў кіраўніцу Белдзяржунівэрсытэта культуры і мастацтваў

З ініцыятывы наймальніка — Міністэрства культуры — 31 жніўня звольненая рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры і мастацтваў Аліна Корбут, паведамілі БелаПАН у прыёмнай ВНУ.

У сваю чаргу, страйкам установы адзначыў, што студэнты плянуюць 1 верасьня сабрацца ля галоўнага ўваходу, каб выказаць нязгоду са звальненьнем Аліны Корбут. На гэтай пасадзе кандыдат пэдагагічных навук, дацэнт працавала з 2017 году.

Навучэнцы і выкладчыкі раней далучыліся да пэтыцыі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту і яшчэ пяці ВНУ з палітычнымі патрабаваньнямі. Аўтары заявілі аб парушэньні іх права на сумленныя і празрыстыя выбары, свабоду волевыяўленьня, жыцьцё і бясьпеку, абарону ад замахаў на свабоднае выказваньне сваёй пазыцыі.

Яны запатрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі; спыненьня гвалту і пакараньня вінаватых у зьбіваньнях і катаваньнях затрыманых; неадкладнага вызваленьня палітвязьняў і ўсіх неабгрунтавана затрыманых; спыненьня перасьледу за палітычныя погляды; адстаўкі Цэнтравыбаркаму; правядзеньня паўторных сумленных выбараў з допускам незалежных назіральнікаў.

15:05 31.8.2020

«Маці сказала: скаты, што вы творыце!» У рабочага «Нафтану» падчас пратэстаў трапілі дзьве гранаты

10 жніўня пад ногі 29-гадовага апэратара ААТ «Нафтан» Вячаслава Сьліжыкава сілавікі кінулі дзьве сьвятлашумавыя гранаты. Паводле эпікрызу, Вячаслаў мае агнястрэльныя раны абедзьвюх ног, грудной клеткі, левага пляча, правага лакцявога сустава; траўматычнае пашкоджаньне малагалёначнага нэрва справа з паралічом разгінальнікаў правай ступні. (Асьцярожна, фота ў артыкуле могуць шакаваць)

14:19 31.8.2020

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году вырас да $ 17,8 млрд — Міністэрства фінансаў

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў студзені — ліпені на 3,7% і, паводле стану на 1 жніўня, склаў $ 17,8 млрд

14:07 31.8.2020

Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпускаюць у Беларусь

Свабода даведалася, што галаву каталіцкага касьцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускія памежнікі не ўпускаюць у Беларусь. Герарх вяртаўся дадому з Польшчы.

«Я знаходжуся на пераходзе ў Кузьніцы, мяне не пусьцілі, – сказаў Свабодзе мітрапаліт Кандрусевіч. – Потым будзе заява. Пакуль нічога больш сказаць не магу».

Мітрапаліт Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Свабода спрабуе даведацца падрабязнасьці ў Памежным камітэце Беларусі.

14:05 31.8.2020

У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар. Прыслалі з Расеі

Галоўны рэдактар беларускага выпуску газэты «Комсомольская правда» Андрэй Ляўкоўскі, які кіраваў рэдакцыяй больш за 10 гадоў, паніжаны да першага намесьніка.

Ягонае месца заняла Марына Бунакова. Яна з Хабараўску, была там рэдактарам «KP.RU в Хабаровске». Затым працавала ў асноўным офісе расейскай «Камсамолкі» ў Маскве.

Загадам кіраўніцтва ад 31 жніўня яе прызначылі галоўным рэдактарам «Комсомольской правды в Беларуси». У сваім камэнтары пасьля выправы ў Менск яна заявіла, што гэта была прапанова кіроўнай кампаніі як варыянт вываду прадпрыемства з крызісу.

Раней дзяржаўны «Беларускі дом друку» адмовіўся браць у працу «Комсомольскую правду», якая расказвала пра шматтысячныя акцыі прыхільнікаў пераменаў.

13:46 31.8.2020

Крэмль: выкарыстаньне сілавога рэзэрву Расеі ў Беларусі не патрабуе згоды Савету Фэдэрацыі

Згода Савету Фэдэрацыі Расеі на магчымае выкарыстаньне сілавога рэзэрву Расеі ў Беларусі не спатрэбіцца, заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітры Пяскоў.

«У такім выпадку мы ня будзем займацца гіпатэтычнымі развагамі. Справа ў тым, што гэта ратыфікаваная расейскім парлямэнтам дамова, якая прадугледжвае пэўныя абавязаньні Расеі. Менавіта на іх спасылаўся прэзыдэнт Пуцін. Але ў цяперашні час гаворкі пра выкарыстаньне рэзэрву няма», — цытуе Дзьмітрыя Пяскова «Інтэрфакс».

Ён нагадаў, што Ўладзімір Пуцін раней заявіў пра магчымасьць задзейнічаньня сілавога рэзэрву «у крайняй сытуацыі, калі экстрэмісты пяройдуць да прамой дэстабілізацыі».

«Цяпер мы бачым, што становішча пад кантролем, няма сэнсу гаварыць пра гэта», — падкрэсьліў прэс-сакратар.

На просьбу ўдакладніць, ці сапраўды ў гэтым выпадку згода Савету Фэдэрацыі на «спэцапэрацыю» не спатрэбіцца, Пяскоў зноў адказаў «не», бо гэта абавязаньні Расеі, ратыфікаваныя парлямэнтам.

13:45 31.8.2020

«Не здаёмся, але закон парушаць ня можам». Ці далучыцца «Нафтан» да агульнанацыянальнага страйку

«Са страйкам у нас туга. Баставаць мы ня можам, бо гэта адназначна выкліча крымінальны перасьлед. Гэта трактуюць як парушэньне прамысловай бясьпекі, бо „Нафтан“ і „Палімір“ — прадпрыемствы з высокай клясай небясьпекі. Мы неяк захрасьлі ў спробах даказаць кіраўніцтву, што мы існуём — людзі, якія выказваюць пратэст. Пакуль знаходзімся на гэтай стадыі: не здаёмся, працуем, але парушаць закон ня можам сабе дазволіць», — сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Брыцікава, супрацоўніца «Нафтану», якая стала сябрам ініцыятыўнай групы за правядзеньне страйку.

13:27 31.8.2020

Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстаньне

«Незалежна ад таго, чым скончыцца ў Беларусі цяперашняе процістаяньне народу з уладай і яе сілавымі структурамі, для мяне асабіста ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, пра што марыў і што стараўся наблізіць сваёй працай апошнія 35 гадоў», — піша ў сваім блогу Сяргей Абламейка.

12:58 31.8.2020

Крэмль: Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве ў бліжэйшыя пару тыдняў

Дата сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве пакуль узгадняецца, візыт адбудзецца ў бліжэйшыя два тыдні, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

«Тэрміны узгадняюцца. Два прэзыдэнта ўчора дамовіліся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні. Адпаведна, на працягу пары тыдняў сустрэча дакладна адбудзецца», — сказаў Пяскоў.​

Дамоўленасьць пра візыт Лукашэнкі ў Маскву для перамоваў з Пуціным была дасягнута падчас іх тэлефоннай размовы 30 жніўня.

12:57 31.8.2020

Адваката Кавальковай чарговым разам не дапусьцілі да падабароннай

Яўгена Маслава, адваката сябры прэзыдыюму Каардынацыйна рады Вольгі Кавальковай, зноў не дапусьцілі да падабароннай.

31 жніўня Яўген Маслаў наведаўся ў СІЗА Жодзіна, дзе Вольга Кавалькова адбывае 10-сутачны адміністрацыйны арышт за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ля прахадной Менскага трактарнага заводу.

Адвакату адмовілі ў сустрэчы, спаслаўшыся на «складаную эпідэміялягічную сытуацыю». Як патлумачыў Яўген Маслаў, удалося высьветліць, што ягоная падабаронная знаходзіцца ў корпусе № 1 на тэрыторыі СІЗА з «асаблівым падпарадкаваньнем». Каардынацыя адбываецца не з боку органаў выкананьня пакараньняў, а Жодзінскага РАУС.

На гэтай падставе Яўген Маслаў падаў скаргу на імя начальніка гарадзкога аддзяленьня ўнутраных спраў.

12:56 31.8.2020

Прадстаўнік Сьледчага камітэту ня мае інфармацыі, колькі спраў заведзена за зьбіваньне затрыманых 9-12 жніўня

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч заявіў Свабодзе, што ён ня мае інфармацыі, колькі крымінальных спраў заведзена па фактах зьбіваньня і катаваньняў затрыманых грамадзян у пэрыяд 9–12 жніўня.

«Грамадзяне працягваюць звяртаюцца з заявамі аб цялесных пашкоджаньнях пры іх затрыманьні супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і аб атрыманьні цялесных пашкоджаньняў у месцах часовага ўтрыманьня. Сьледчы камітэт у кожным такім абыходжаньні разьбіраецца. Інфармацыя правяраеццца і сыстэматызуецца, ёй будзе дадзена належная прававая ацэнка», — заявіў Кабаковіч.

Сяргей Кабаковіч ня змог паведаміць, ці заведзена хоць адна крымінальная справа паводле гэтых заяваў, спаслаўшыся, што ў яго няма інфармацыі пра гэта.

Наконт сьмерцяў грамадзян Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, якія загінулі падчас акцый пратэсту ў Менску і Берасьці ад выкарыстаньня міліцыяй шумавой гранаты і стрэлу табэльнай зброі, Кабаковіч адзначыў, што правядзенне сьледчых дзеяньняў працягваецца, але не канкрэтызаваў, ці завялі крымінальныя справы і як расьсьледуюцца гэтыя выпадкі.

Тым часам, ​паводле Сьледчага камітэту, за апошні час зарэгістравана больш за 150 выпадкаў пагроз і абраз у адрас чыноўнікаў. Толькі за апошнія два дні распачалі больш за дзесяць крымінальных спраў паводле такіх фактаў, а з пачатку жніўня — каля пяцідзесяці.

Сьцьвярджаецца, што ў сувязі з заклікамі адклiкаць дэпутатаў некаторым зь іх пачалі паступаць пагрозы расправай, калі яны не складуць сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, ахвярамі такіх пагроз сталі шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кіраўнікоў мясцовых органаў улады зь Менску, Гомля і іншых гарадоў.

Раней Сьледчы камітэт выклікаў сяброў Каардынацыйнай рады, у тым ліку нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, на допыты ў справе аб закліку да захопу ўлады.

12:55 31.8.2020

Заплянаваны візыт Лукашэнкі ў Рыгу «зьняты з парадку дня», — кіраўнік МЗС Латвіі

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу, які плянаваўся яшчэ ў красавіку, «зьняты з парадку дня». Пра гэта ў панядзелак заявіў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

«З прычыны апошніх падзеяў у Беларусі і таго, што Латвія і іншыя краіны ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў, візыт немагчымы і зьняты з парадку дня», — сказаў ён.

Афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі ў Латвію, які плянаваўся на пачатак красавіка, быў адкладзены з прычыны пандэміі каранавірусу. Бакі дамовіліся, што гэты візыт будзе перанесены на найбліжэйшы час.

12:37 31.8.2020

Лукашэнка выступіў супраць вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году, хоча трэці варыянт

Улада прапануе народу перамены, якія будуць рухаць грамадзтва наперад, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам.

«Вяртаньне, як некаторыя кажуць, да Канстытуцыі 1994 году — мы з вамі гэта ня проста прайшлі або пражылі, а ўвабралі ў сябе. Мы бачылі, што тады рабілася. Разварот — гэта ня ёсьць рух. Гэта перамены, але ня рух наперад. Хацелася б, каб перамены рухалі наша грамадзтва наперад. Таму будзем прапаноўваць нашаму народу такія зьмены», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяпер ідзе праца над трэцім варыянтам Канстытуцыі Беларусі, і папрасіў старшыню Вярхоўнага суду далучыцца да працы.

12:09 31.8.2020

6 амапаўцаў білі мяне нагамі і дубінкамі». Дзяўчыну катавалі, каб прызналася, што каардынуе пратэсты

11 жніўня каля поўначы Ганна Сарока вярталася дадому пасьля сустрэчы зь сябрамі. Па дарозе яе затрымалі, пабілі дубінкамі і адвезьлі ў Маскоўскае РУУС як падазраваную ў каардынацыі пратэстаў. Два дні Ганна правяла ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе ўбачыла яшчэ больш гвалту і беззаконьня.

11:04 31.8.2020

У нядзелю ў Парыжы перад мэрыяй прайшла акцыя салідарнасьці «Турэмная клетка»

Удзельнікі прадэманстравалі і расказалі, у якіх умовах трымалі палітычных вязьняў у Беларусі, і правялі выставу фатаздымкаў апошніх падзей Беларусі.

З удзельнікамі сустрэліся два намесьнікі мэра Парыжа і прадстаўнік МЗС Францыі.

10:50 31.8.2020

31 жніўня затрымалі сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Страйкам Беларуськалію».

24 жніўня Анатоля Бокуна аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 675 рублёў.

10:44 31.8.2020

Ціханоўская выступіць у Радзе Бясьпекі ААН і ПАРЭ

Сьвятлана Ціханоўская плянуе выступіць у Радзе Бясьпекі ААН 4 верасьня і ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы 8 верасьня, паведаміў Інтэрфакс.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG