Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня
Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня

23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Што адбываецца ў Беларусі на 23-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў

10:32 31.8.2020

«Месяц пасьцельнага рэжыму». Аднаго з затрыманых футбалістаў «Крумкачоў» шпіталізавалі

Сяргея Казеку і Паўла Расольку затрымалі 30 жніўня. Іх могуць абвінаваціць у нападзе на міліцэйскі аўтамабіль.

Інцыдэнт з пашкоджаным сінім мікрааўтобусам без апазнавальных знакаў адбыўся каля 14 гадзін 30 жніўня на праспэкце Незалежнасьці, недалёка ад будынку сядзібы КДБ. Мікрааўтобус спыніўся ля ходнікаў, адтуль выбеглі невядомыя і пачалі затрымліваць людзей. У выніку ля машыны сабраўся невялікі натоўп, яго ўдзельнікі пачалі біць па мікрааўтобусе рукамі. Машына хутка зьехала. Празь некалькі гадзін МУС паведаміла, што гэта быў міліцэйскі транспарт.

На апублікаваным прэс-службай МУС відэа відаць, што побач зь мікрааўтобусам знаходзіўся футбаліст «Крумкачоў» Павал Расолька. Увечары 30 жніўня стала вядома, што яго затрымалі разам зь яшчэ адным гульцом клюбу, Сяргеем Казекам. Расолька правёў ноч у РУУС, Казеку адтуль забрала «хуткая». Дырэктар каманды Алег Давідовіч раніцай 31 жніўня расказаў Свабодзе, што ў дачыненьні абодвух вядзецца разбор паводле крымінальнага артыкулу.

«Казека знаходзіцца ў 4-й лякарні цяпер, — кажа Давідовіч. — У яго дрэнны стан, праблемы з хрыбеткамі. Папярэдне месяц пасьцельнага рэжыму. Гэта траўмы, атрыманыя падчас затрыманьня. Іх затрымлівалі на Гарадзкім Вале. Расолька пакуль знаходзіцца ў Ленінскім РУУС. Абодвум прызначылі судмэдэкспэртызу. Сьледчы запрасіў усе відэазапісы з камэр. Разьбіраюцца. Адвакат паведаміў, што сёньня абодвух могуць адпусьціць».

10:29 31.8.2020

Рамзан Кадыраў папрасіў беларусаў падтрымаць Лукашэнку «ў цяжкія дні»

Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» распаўсюдзіў зварот кіраўніка Чачэніі да беларусаў. У ім Рамзан Кадыраў піша пра «цяжкія дні» для Лукашэнкі і нагадвае пра дзьве чачэнскія вайны.

Паводле Кадырава, разбурыць мір і парадак у Беларусі імкнуцца «некаторыя сілы». «Чачэнскі народ як ніхто іншы ведае, якія пакуты і разруху нясе вайна», — напісаў кіраўнік Чачэніі.

«Таму, карыстаючыся выпадкам, я прашу народ Беларусі падтрымаць у гэтыя цяжкія дні свайго прэзыдэнта і даць адпор сілам, зацікаўленым ва ўнутраным расколе братняй нам дзяржавы».

Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвіначваюць яго ў маштабных парушэньнях правоў чалавека, падазраюць у катаваньнях і забойствах апанэнтаў. Супраць Кадырава дзейнічаюць заходнія санкцыі. Сам ён называў праваабаронцаў тэрарыстамі і прапаноўваў абвясьціць Пуціна пажыцьцёвым прэзыдэнтам Расеі.

10:11 31.8.2020

Сёньня чакаюцца суды над затрыманымі напярэдадні ўдзельнікамі акцый пратэстаў

Паводле МУС, за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску затрымалі 140 чалавек. Затрымлівалі пратэстоўцаў і ў іншых гарадах краніы. Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі сьпіс вядомых імёнаў затрыманых.

10:08 31.8.2020

У Маскве пабілі актывіста Ягора Жукава. Перад гэтым ён у стрыме гаварыў пра беларускія пратэсты

У нядзелю вечарам у Маскве невядомыя пабілі актывіста Ягора Жукава каля падʼезда ягонага дома. Ён вяртаўся з стрыму Максіма Каца, у якім гаварыў пра беларускія пратэсты.

Жукава шпіталізавалі з падазрэньнем на чэрапна-мазгавую траўму.

Беларускі пратэст — гэта падручнік, казаў Ягор Жукаў у жывым эфіры Максіма Каца.

Сучасныя мірныя пратэсты — гэта асада. Калі перад вамі стаіць сьцяна і вы будзеце біцца галавой аб гэтую сьцяну, то сьцяна пераможа. Сутнасьць мірных пратэстаў — «перамагаць Майка Тайсана шахматамі», — сказаў Жукаў.

XS
SM
MD
LG