Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22-і дзень пратэстаў. Марш міру і незалежнасьці ў Менску і іншых гарадах Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 22-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

17:06 30.8.2020

У Магілёве пратэстоўцы паўторна прарвалі міліцэйскую заслону ля гарвыканкаму

17:09 30.8.2020

Горадня: пратэстоўцы пачалі разыходзіцца па дамах. Міліцыя затрымала некалькі чалавек

Людзі дайшлі да псыханэўралягічнага дыспансэру і адтуль пачалі разыходзіцца па дамах. Частка пратэстоўцаў, аднак, вяртаецца на чыгуначны вакзал.

Пакуль пратэстоўцы ішлі назад да аўтавакзалу, міліцыя затрымала яшчэ некалі чалавек.

17:15 30.8.2020

17:25 30.8.2020

У Менску ў маршы ўдзельнічае група спартоўцаў

На дэманстрацыі сфармавалася асобная група з прадстаўнікоў спорту. З плякатам «Спартоўцы з народам!» яны падышлі да байцоў у ачапленьні Палаца Незалежнасьці, выкрыкваючы, што атлеты, адрозна ад некаторых палітыкаў, «заўсёды гуляюць сумленна». Сярод іншых былі заўважаныя плыўчыха Аляксандра Герасіменя, баскетбалісты Алена Леўчанка, браты Мешчараковы.

17:31 30.8.2020

17:31 30.8.2020

Акцыя ў Мазыры

17:40 30.8.2020

У Менску пачаўся дождж, але пратэстоўцы не сыходзяць

Сілавікі ля Палаца Незалежнасьці патрабавалі ад пратэстоўцаў разысьціся: маўляў, набліжаецца навальнічная хмара, і ў выпадку моцнага дажджу ёсьць рызыка, што ўзьнікне цісканіна. Дэманстранты адказалі, што нічога ня здарыцца, калі цісканіну не справакуюць самі амапаўцы ды вайскоўцы.

Празь нейкі час дождж сапраўды пайшоў, але амаль ніхто не сыходзіць, толькі частка людзей пачала адыходзіць у бок Стэлы і далей у цэнтар гораду. Тым часам на тэрыторыі рэзыдэнцыі паболела бранятэхнікі – сем БТР, прынамсі гэта тое, што бачна. А яшчэ з Уручча рушаць больш за дзясятак гусенічных БМП.

Каля 18-й гадзіны да пратэстоўцаў пад Палацам Незалежнасьці выйшаў мужчына, які прадставіўся памочнікам Лукашэнкі ў агульных пытаньнях Мікалаем Латышонкам, піша «Наша Ніва». Ён казаў пратэстоўцам, што Лукашэнка «ўсё роўна застанецца», «а тут сабралася моладзь»; «трэба за мірную Беларусь».

17:51 30.8.2020

МУС: у Менску натоўп накінуўся на аўтамабіль міліцыі. Канфлікт быў справакаваны жорсткім затрыманьнем і зьбіцьцём чалавека

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што 30 жніўня каля 14.40 ля плошчы Незалежнасьці ў Менску натоўп людзей накінуўся на службовы аўтамабіль міліцыі і пашкодзіў яго.

«З дапамогай падручных прадметаў зламысьнікі разьбілі лабавое шкло, а таксама пашкодзілі бакавыя часткі машыны. Зараз тры чалавекі затрыманыя і дастаўленыя ў Ленінскае РУУС сталіцы», — паведамляе МУС.

На відэа, якое апублікавала МУС, відаць, што канфлікт пачаўся з таго, што зь мікрааўтобуса без нумароў, які міністэрства называе «службовым аўтамабілем міліцыі», выскачылі некалькі чалавек у цывільным і пачалі жорстка зьбіваць і затрымліваць чалавека. Тады пратэстоўцы кінуліся на абарону мужчыны, сталі крычаць: «Гэта правакацыя!». Пратэстоўцы спрабавалі спыніць затрыманьні і накінуліся на аўтамабіль.

17:52 30.8.2020

Горадня: АМАП спрабуе спыніць пратэстоўцаў

Шлях пратэстоўцам на вуліцы Кірава ў Горадні перакрыла калёна АМАПу, потым яны перакрылі падземны пераход на аўтавакзал. Сотні людзей стаяць каля аўтавакзалу. Дзяўчаты выйшлі на мост, у бок амапаўцаў.

17:59 30.8.2020

Карэспандэнта расейскага інфармацыйнага агенцтва вызвалілі пасьля праверкі дакумэнтаў

Карэспандэнта ТАСС Івана Калыганава, затрыманага ў нядзелю ў гатэлі «Менск», пасьля праверкі дакумэнтаў вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС.

Ён выйшаў на сувязь з рэдакцыяй і паведаміў, што зь ім усё ў парадку і што ён вяртаецца ў гатэль. Калыганаў прыбыў у нядзелю ў Менск для асьвятленьня падзей у Беларусі.

17:59 30.8.2020

МУС: бранятэхніку ў Менск увялі «для ўзмацненьня захадаў бясьпекі асабовага складу»

Кіраўніцтва МУС Беларусі пацьвердзіла ўвод у Менск бранятэхнікі «для ўзмацненьня захадаў бясьпекі асабовага складу». Сем такіх машын з буйнакалібэрнымі кулямётамі стаяць на тэрыторыі рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Гаворка пра БТР-80 — баявую машыну, якая выкарыстоўваецца для ўзмацненьня падчас «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», — сказала Інтэрфаксу прадстаўніца ведамства Вольга Чамаданава.

Пры гэтым яна нічога не сказала адносна гусенічных БМП — ёсьць відэадоказы, што да Палаца Незалежнасьці з Уручча рушылі больш за 10 баявых машын.

18:04 30.8.2020

«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку. Вялікі фотарэпартаж

18:06 30.8.2020

Удзельнікі менскага маршу пачалі адыходзіць ад Палаца Незалежнасьці, ідуць у цэнтар

Удзельнікі менскага маршу пачалі адыходзіць ад Палаца Незалежнасьці па праспэкце Пераможцаў да стэлы «Менск — горад-герой» і далей у цэнтар гораду.

Агароджа Палаца Незалежнасьці ператвораная ў «мэмарыял ганьбы». Пратэстоўцы пакінулі пад ёй труну з надпісам «Дыктатар – палітычны труп», вянкі з абразьлівымі віншаваньнямі ды іншыя зьдзеклівыя падарункі.

Празь нейкі час «лінія супрацьстаяньня» перад Палацам незалежнасьці практычна апусьцела. Пратэстоўцы рушылі назад у бок цэнтру, сілавікі пачалі здымаць ачапленьне. На падыходах да рэзыдэнцыі пакуль яшчэ застаецца вайсковая тэхніка, па даху перамяшчаюцца снайпэры.

Як і тыдзень таму, сам Лукашэнка хадзіў па тэрыторыі ў бронежылеце і з аўтаматам Калашнікава. Такія здымкі распазсюдзіла ягоная прэсавая служба.

Ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, сьцьвярджае, што фота Лукашэнкі з аўтаматам ля Палаца незалежнасьці зрабілі каля 16.00. У той час пратэстоўцаў пад палацам не было — галава калёны тады была яшчэ каля Стэлы. Пасьля, калі дэманстранты наблізіліся да палацу, чалавека ў такім адзеньні не было відаць

18:14 30.8.2020

Затрыманьні ў Горадні

Калі людзі ў Горадні пачалі разыходзіцца, у раёне аўтавакзалу пачаліся затрыманьні.

Затрымлівалі амапаўцы ў два аўтобусы. Адзін з амапаўцаў выцер ногі аб бел-чырвона-белы сьцяг, які ўпаў на зямлю.

Пратэстоўцы разыйшліся. Два аўтазакі з чырвона-зялёнымі сьцягамі паехалі на базу ва ЎУС.

Падчас акцыі затрымалі ня менш за сем чалавек. Вядомыя імёны некаторых: Андрэй Янковіч, Ліза Мерляк, Павал Мамуль, Віктар Шыкуць, Дзьмітры Розмысел, Павал Дораш, Станіслаў Васюхоўскі.

Усіх затрыманых падчас Маршу незалежнасьці выпусьцілі з РАУС толькі каля 22-ой гадзіны. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

18:18 30.8.2020

18:37 30.8.2020

У Гомлі міліцыя затрымала журналістку

У Гомлі затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову. Яна асьвятляла сёньняшнюю акцыю салідарнасьці. Міліцыя затрымала яе ля дому.

Акцыя ў Гомлі працягваецца.

18:49 30.8.2020

Сёньняшняя акцыя ў Горадні з дрона. Фота

19:01 30.8.2020

У Менску затрыманы экс-камэнтатар «Беларусь 5» Уладзіслаў Татур

Падчас сёньняшняга маршу ў Менску затрымана больш за 100 чалавек, у тым ліку былы камэнтатар «Беларусь 5» Уладзіслаў Татур. Гэтае затрыманьне трапіла на відэа, паведамляе Tut.by.

20 жніўня стала вядома, што спартовыя камэнтатары тэлеканалу «Беларусь 5» Арташэс Антанян, Уладзіслаў Татур і Яраслаў Пісарэнка, а таксама кіраўнік аддзелу карэспандэнтаў Андрэй Іваноў напісалі заявы на звальненьне з прычыны нязгоды з палітыкай тэлерадыёкампаніі пасьля выбараў

19:05 30.8.2020

Акцыя ў Берасьці

19:08 30.8.2020

Марш у Гомлі працягваўся 5 гадзін

Сёньняшняя акцыя пратэсту ў Гомлі працягвалася 5 гадзін: з 14-й да 19-й.

Удзельнікі гомельскага маршу
Удзельнікі гомельскага маршу

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG