Менск. Ад плошчы Перамогі да Кастрычніцкай плошчы цалкам перакрыты рух, уся гэтая тэрыторыя запоўненая людзьмі. Праспэкт перакрыты ўжо ад вуліцы Казлова. Паводле карэспандэнта Свабоды, дзясяткі тысяч выйшлі, гэта сувымерна з акцыяй у мінулую нядзелю
«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку. Вялікі фотарэпартаж
У Менску праходзіць пратэстны «Марш міру і незалежнасьці». Маштабная акцыя пратэсту праходзіць трэцюю нядзелю запар.
Людзі сьцякаюцца з розных канцоў сталіцы ў цэнтар. Плошчы Незалежнасьці, Кастрычніцкай, пляцоўка ля стэлы перакрытыя. Вакол шмат АМАПу, салдатаў, спэцтэхнікі.
Менск. Удзельнікі дэманстрацыі пад бой бубнаў пранесьлі труну і выяву вялікага таракана, скандуюць: «З днём народзінаў», «Гэта наш горад».
Каля КДБ людзі трапілі ў ачапленьне
Шмат удзельнікаў «Маршу міру і незалежнасьці» заблякаваныя сілавікамі на ўчастку ад будынку КДБ да скрыжаваньня праспэкту з вуліцай Леніна.
Пешаходная частка перакрытая АМАПам у баявой амуніцыі. Людзі скандуюць «Дай дарогу!». Сілавікі ідуць, стукаючы шчытамі.
У той жа час на плошчы Перамогі дастаткова мірна, паведамляе яшчэ адзін удзельнік акцыі. На ўсю моц вайскоўцы ўключылі праз перасоўны рэтрансьлятар старыя савецкія песьні, праезная частка перакрытая.
Менск: калёна ідзе ў бок праспэкту Пераможцаў
Шматтысячная калёна з Кастрычніцкай плошчы накіравалася на Нямігу, у бок праспэкту Пераможцаў, перадае карэспандэнт Свабоды.
Людзі занялі праезную частку праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў ад Плошчы перамогі да Палацу спорта.
Ад плошчы Перамогі да Кастрычніцкай плошчы працягваецца рухацца плынь людзей, цалкам запоўнены праспэкт Незалежнасьці, як было ў мінулы раз. А людзі яшчэ паходзяць калёнамі ад плошчы Якуба Коласа. Іншы карэспандэнт бачыць, як па праспэкту Пераможцаў рухаецца вялікая калёна, галава ўжо ля Палацу спорта.
У раёне, дзе праходзіць дэманстрацыя пратэсту, не працуе мабільны інтэрнэт.
Акцыя салідарнасьці ў Бабруйску
Акцыя ў Сьветлагорску
Гомель. Людзі праходзяць побач са сцэнай, адкуль гучыць гучная музыка. Аблвыканкам ахоўваюць АМАП і вайскоўцы. Людзей вітае невядомы з савецкім сьцягам і так званым «георгіеўскім» — сьцягам расейскіх імпэрыялістаў
У Магілёве ўдзельнікі маршу прарваліся праз міліцэйскі кардон
У Магілёве ўдзельнікі маршу прарваліся праз міліцэйскі кардон у Камсамольскім сквэры. У ім застаюцца. Іх папярэдзілі праз адказнасьць за несанкцыянаванае мерапрыемства. У адказ грамада да 4 тысяч чалавек выгукнула «ганьба», «не забудзем не даруем».
Калёну суправаджаюць мікрааўтобусы з дужымі хлопцамі ў цывільным. У галаве калёны 10-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Калёна рушыла на Першамайскую вуліцу, ідзе ўздоўж гарвыканкаму.
Менск: людзі ідуць у цэнтар гораду
На плошчы Перамогі дзясяткі тысяч людзей далей ідуць у цэнтар гораду, інцыдэнтаў карэспандэнты Свабоды ня бачаць. Ёсьць машыны хуткай мэдыкі і ДАІ. Затрыманьняў пакуль няма, няма міліцыі і аўтазакаў.
На Кастрычніцкай плошчы, якая была раней агароджаная белымі і чырвонымі плястыкавымі бар’ерамі, моладзь разабрала гэтую агароджу і збудавала зь яе вялікую бела-чырвона-белую канструкцыю, якая нагадвае нацыянальны сьцяг. Міліцыі тут няма. Дэманстранты фатаграфуюцца ля сьцяга, складзенага з блёкаў, якімі міліцыя абгарадзіла плошчу.
Як і тыдзень таму, значныя сілы кінутыя на ахову Палацу незалежнасьці. Праспэкт Пераможцаў перакрыты шарэнгамі экіпаваных і ўзброеных амапаўцаў — 23 жніўня Лукашэнка, высадзіўшыся з аўтаматам зь верталёту, падзякаваў тых за службы і назваў іх «красаўцамі». Тут жа спэцтэхніка «Рубеж» са шчытамі-сеткамі, вадамёты, напагатове «катушкі» калючага дроту.
Людзей у Менску больш, чым на першай масавай акцыі, на якую прыйшлі 220 тысяч чалавек
Пратэстоўцы ідуць да стэлы «Менск горад-герой», дзе стаяць вайскоўцы, галава калёны ўжо зайшла за Палац спорту. Карэспандэнт Свабоды ацэньвае, што колькасьць людзей сёньня большая за першую масавую акцыю, калі налічылі 220 тысяч чалавек.
Жывая трансьляцыя акцыі ў Менску ад расейскага інфармагенцтва ТАСС
Пратэстоўцы прыйшлі да стэлы «Менск – горад-герой»
Людзі прыйшлі да стэлы «Менск – горад-герой». Каля стэлы некаторыя спыняюцца на газонах, некаторыя пайшлі ўжо за стэлу, галава калёны ня бачная, перадае карэспандэнт Свабоды, які знаходзіцца на месцы падзей. Людзі крычаць: «Пайшоў прэч! Мы ідзем на дзень нараджэньня!»
Асноўная частка калёны падыйшла да стэлы і пайшла далей. Як расказаў Свабодзе удзельнік маршу, рок-музыка Андрэй Казлоўскі, пры гэтым «хвост» калёны яшчэ знаходзіцца ў раёне Палацу спорту. Па яго словах, сілавікі не рызыкуюць набліжацца да людзей. Некалькі машын для перавозак асабовага складу вайскоўцаў паспрабавалі пад’ехаць, але хутка ад'ехалі пад воклічы «Ганьба!», «Ніколі не даруем!». Таксама дэманстранты ігнаруюць патрабаваньні міліцыі спыніць «незаконныя акцыі».
Стэла аточаная вайскоўцамі са зброяй, частка калёны пратэстоўцаў пайшла далей да Палаца незалежнасьці, але пазьней спынілася.
Горадня. Калёна ідзе ў бок псыханэўралягічнага дыспансэра і скандуе «Гэта наш горад»
Калёна расьцягнулася прыкладна на кілямэтар па ўсёй вуліцы Будзёнага, міма аўтавакзала да кінатэатру «Усход». Агулам каля 10 тысяч чалавек. Скандуюць «Гэта наш горад». Ідуць у бок псыханэўралягічнага дыспансэра.
У канцы калёны ў раёне аўтавакзалу пачаліся адзінкавыя затрыманьні. Тыя, хто адышоў далей, разьвярнуліся і пайшлі ў бок аўтавакзала. Скандуюць «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Аб'яднаная шчыльная калёна зноў накіравалася на псыханэўралягічны дыспансэр.
Стала вядомае імя затрыманага каля чыгуначнага вакзала. Гэта малады мужчына Андрэй Янковіч, працуе інжынэрам у прыватнай фірме. Па словах відавочцаў, «ён добра падымаў настрой пратэстоўцам». Яго ўзялі 5-6 чалавек у цывільным, калі ён застаўся адзін на ходніку, а калёна перайшла на іншы,.
Частка ўдзельнікаў маршу накіравалася ў бок рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Частка ўдзельнікаў Маршу міру і справядлівасьці накіраваліся ў бок Палацу незалежнасьці, дзе разьмяшчаецца рэзыдэнцыя Лукашэнкі. Але праз нейкі час калёна спынілася. Пратэстоўцаў заклікалі зьмяніць маршрут у бок плошчы Дзяржаўнага сьцяга, каб пакінуць там падарункі для Лукашэнкі, які адзначае 66-ы дзень нараджэньня.
Тым часам сілавікі ўзмацняюць ахову рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Палацы незалежнасьці. Праспэкт Пераможцаў там перакрыты амапаўцамі і спэцтэхнікай.
У Менску адкрылі ўсе станцыі мэтро
Апошнімі днямі іх закрываюць «у нагу» з калёнамі пратэстоўцаў — цяпер асноўная маса людзей ідзе ў бок Стэлы, а там мэтро няма. Бліжэйшая станцыя — «Фрунзэнская» за 1 км ад Стэлы. Цяпер усе станцыі мэтро адкрылі.
Пратэст у Берасьці