Частка рэдакцыі KyKy.org выехала зь Беларусі
Галоўная рэдактарка беларускага онлайн-выданьня KyKy.org Анастасія Рагатко выехала зь Беларусі. Пра гэта яна сама паведаміла ў Фэйсбуку. Паводле Анастасіі, за межы Беларусі таксама выехала частка рэдакцыі KyKy.org.
Напярэдадні сілавікі затрымалі саўладальніка KyKy.org Аляксандра Васілевіча. У яго дома і ў офісах бізнэсаў, якія яму належаць, прайшлі ператрусы.
Жаночы марш салідарнасьці ў Менску. Выніковы фотарэпартаж
«Пратэстоўцы і рэжым пастаянна мяняюць тактыку». Палітычны аналітык пра будучыню пратэстаў
Няспынны мірны супраціў у Беларусі пракамэнтаваў «Настоящему времени» Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Менску:
— Мне не здаецца, што пратэсты ідуць на спад — яны якраз працягваюцца. Людзі досыць матываваныя, як паказваюць нашы вулічныя апытаньні. Пратэстоўцы хутчэй настроеныя на доўгі супраціў. Мы таксама бачым, што як толькі вяртаюцца рэпрэсіі, людзей пачынаюць затрымліваць на плошчы Незалежнасьці — яны пераходзяць у фармат лятучых акцый. Сёньня зноў мы бачылі, што вярнуліся ланцугі салідарнасьці — яны зьявіліся ў розных раёнах гораду. Людзі, у прынцыпе, захоўваюць сымбалічны кантроль над вуліцамі, які яны сабе вярнулі на працягу ўсяго гэтага пэрыяду, нягледзячы на затрыманьні.
На думку Андрэя Ягорава, «пратэстоўцы настроеныя на доўгі супраціў». Цалкам чытайце па спасылцы.
Нямецкі аналітык: Эўразьвяз мог бы пачаць сваё расьсьледаваньне гвалту ў Беларусі
Наколькі адэкватная рэакцыя заходняга сьвету, перш за ўсё ЭЗ, на тое, што адбываецца ў Беларусі? Чаго чакаць у гэтай сувязі ад Расеі і якога кшталту ўзаемадзеяньне з Крамлём могуць цяпер дазволіць сабе дэмакратычныя краіны? На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Радыё Свабода адказвае нямецкі аналітык Ролянд Фройдэнштайн, дырэктар палітычных праграм Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрэда Мартэнса (Брусэль).
«Па-першае, варта было б паведаміць Лукашэнку, што мы гатовыя размаўляць зь ім да 10 верасьня, калі мінае яго мандат (пасьля выбараў 2015 году. — РС), пасьля чаго ні ён, ні ягоны ўрад ня будуць зьяўляцца легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу.
Па-другое, з прычыны адсутнасьці ў самой Беларусі сумленнага расьсьледаваньня фактаў фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку паліцыі Эўразьвяз — лепш за ўсё Эўрапарлямэнт — мог бы пачаць сваё ўласнае расьсьледаваньне і весьці яго як мага больш старанна. Усе ўчыненыя злачынствы павінны быць задакумэнтаваныя — у цесным супрацоўніцтве зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.
Па-трэцяе, колькасьць асоб, унесеных у новыя санкцыйныя сьпісы, павінна складаць як мінімум некалькі сотняў», — кажа Ролянд Фройдэнштайн. Чытайце інтэрвію цалкам па спасылцы.
У Гомлі пасьля акцыі салідарнасьці затрымалі вулічных музыкаў
У Гомлі прайшла нешматлюдная акцыя салідарнасьці. Яна пачалася з жаночай акцыі на плошчы Перамогі і скончылася шэсьцем і канцэртам у сквэры Грамыкі. Там выступалі вулічныя музыкі, гралі Віктара Цоя.
Музыкаў забрала міліцыя, іх завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Таксама міліцыя забрала адну дзяўчыну, якая была ў сквэры зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Калесьнікава — Караеву: «У вас ёсьць два варыянты: падаць у адстаўку або яўка з прызнаньнем»
29 жніўня кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава выступіла з чарговым відэазваротам да сілавых структураў Беларусі.
Паводле Калесьнікавай, паколькі кіраўнік МУС Юры Караеў 13 жніўня публічна ўзяў на сябе адказнасьць «за тых, каму дасталася» — «сьмерці людзей, гвалт, беспрэцэдэнтную жорсткасьць сілавікоў падчас разгону пратэстоўцаў, іх катаваньні» — «у вас ёсьць два варыянты: падаць у адстаўку або яўка з прызнаньнем».
Зьвяртаючыся да старшыні Сьледчага камітэту Івана Наскевіча, генпракурора Аляксандра Канюка і старшыні КДБ Валера Вакульчыка, Калесьнікава адзначае:
- «Вы абавязаныя завесьці крымінальныя справы па фактах гэтых злачынстваў» (яна падкрэсьлівае, што падавала заявы, у якіх ёсьць мінімум 16 пунктаў, па якіх можна завесьці гэтыя крымінальныя справы),
- а таксама расьсьледаваць усе дзеяньні, зьвязаныя з ходам выбарчай кампаніі з траўня па жнівень («усе спэктаклі з участковымі камісіямі, падлікам галасоў, нядопускам назіральнікаў, затрыманьнем кандыдатаў і г.д.») — на прадмет таго, ці зьяўляюцца ўсе гэтыя дзеяньні спробай утрыманьня ўлады з боку дзейнага прэзыдэнта (паводле арт. 357 КК РБ).
Усіх астатніх удзельнікаў гэтых падзей яна заклікае прыйсьці з прызнаньнем — «усе сьведкі злачынстваў, паводле закону, абавязаныя паведаміць пра вядомыя ім злачынствы».
«Пуцін стварае антырасейскія настроі там, дзе іх адвеку не было» — сацсеткі ў Расеі пра абяцаньне дапамогі Лукашэнку
На гэтым тыдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаўся ў інтэрвію наконт пратэстаў у Беларусі і прызнаў, што Лукашэнка зьвяртаўся да яго па дапамогу. Як прарэагаваў расейскі сэгмэнт інтэрнэту на гэтае выказваньне? Прапануем падборку з Рунэту (чытайце па спасылцы).
У Лукашэнкі няма адэкватных спосабаў спыніць масавыя выступы, — аглядальнік Свабоды
Жаночы марш, які адбыўся ў суботу, сабраў, па розных ацэнках, да 10 тысяч удзельнікаў. Гэта менш, чым папярэднія нядзельныя акцыі, але ініцыятары гэтым разам і ня ставілі мэту вывесьці на вуліцы сотні тысячаў. Больш маштабная акцыя можа адбыцца ў нядзелю, піша аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Прыкметна, што, нягледзячы на спробы АМАПаўцаў (па некаторых зьвестках, сярод іх былі і жанчыны) спыніць шэсьце і раздрабіць калёну, было толькі некалькі затрыманьняў. Магчыма, вырашылі абысьціся без брутальнасьцяў з прычыны жаночага складу ўдзельнікаў.
Няма сумневу, што Лукашэнка хацеў бы расправіцца з масавымі акцыямі гэтак, як ён спрабаваў зрабіць гэта 9–12 жніўня. І пазыцыя міжнароднай супольнасьці ня мае для яго ніякага значэньня.
Але пазыцыя гэтая можа мець значэньня для Крамля. І зусім не з гуманных, а з прагматычных прычынаў. Пасьля таго як Пуцін выказаўся за мірнае ўрэгуляваньне сытуацыі і сёньня пацьвердзіў прызнаньне Крамлём легітымнасьці выбараў, у вачах міжнароднай супольнасьці ён нясе пэўную палітычную адказнасьць перад Захадам за дзеяньні свайго (дазволім сабе ўжыць гэтае вызначэньне) падшэфнага.
Паўтор кадраў са стралянінай на праспэктах і зьбіцьцямі, здымкі раненьняў, атрыманых ад катаваньняў, — зусім ня тое, што хацеў бы бачыць Захад у гэтыя дні ў рэпартажах зь Менску. Гэта толькі пацьвердзіць, што Пуцін ня мае кантролю над Лукашэнкам, і істотна аслабіць пазыцыі Масквы ў перамовах адносна будучыні Беларусі, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
12 ІТ-кампаній у працэсе поўнага пераезду зь Беларусі, 59 — частковага, — апытаньне ў LinkedIn
12 ІТ-кампаній знаходзяцца ў працэсе поўнага пераезду зь Беларусі, 59 — частковага. Яшчэ 112 кампаній пачалі шукаць магчымасьці для пераезду.Такія папярэднія вынікі апытаньня, якое арганізаваў на сваёй старонцы ў дзелавой сацыяльнай сетцы LinkedIn сузаснавальнік і СЕО Iomico Мікалай Мурзянкоў. Гэтымі вынікамі ён падзяліўся з dev.by.
Пытаньне гучыць так: ваша ІТ-кампанія ўжо займаецца рэлакейтам супрацоўнікаў зь Беларусі? Варыянтаў адказу чатыры:
- так, усіх супрацоўнікаў;
- так, часткі супрацоўнікаў;
- так, пачалі шукаць магчымасьць;
- не, усе застаюцца ў Беларусі.
На гэты момант на пытаньне адказалі амаль 800 чалавек. Варыянт «застаёмся ў Беларусі» абралі 383. Апытаньне працягнецца да канца жніўня.
Лепшыя кадры з жаночага маршу ў Менску
Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальныя справы па фактах ціску на дэпутацкі корпус
«Устаноўлена, што ўказаньне на ажыцьцяўленьне супрацьпраўнай дзейнасьці ў дачыненьні да дэпутатаў паступілі ў Каардынацыйную раду з-за мяжы. Як мінімум два паведамленьні з пагрозамі накіраваныя зь Вялікабрытаніі. Вінаватыя будуць прыцягнуты да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасьці, дзе б яны ні знаходзіліся», – заявіў у эфіры тэлеканалу «апэратыўны супрацоўнік», які застаўся неназваным.
Ціск ажыцьцяўляецца «замежнымі цэнтрамі з Польшчы і Чэхіі праз асобных членаў Каардынацыйнай рады, а таксама праз шэраг тэлеграм-каналаў», сьцьвярджае тэлеканал «Беларусь-1». Паводле тэлеканалу, дэпутатаў заклікаюць адмовіцца ад сваіх паўнамоцтваў «пад пагрозай расправы над імі, іх дзецьмі, роднымі і блізкімі».
Дэпутат Гайдукевіч заклікаў да агульнанацыянальнага дыялёгу
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч заклікаў да агульнанацыянальнага дыялёгу для вырашэньня палітычнага крызісу ў краіне пасьля выбараў.
«Альтэрнатывы дыялёгу няма. Мы павінны яго весьці, і жаданьне павінна быць і ва ўладзе, і ў тых, хто мае альтэрнатыўны пункт гледжаньня», — заявіў Гайдукевіч у эфіры «Беларусь 1», але падкрэсьліў, што дыялёг павінен быць «бязь зьнешніх пасярэднікаў».
Таксама ён падкрэсьліў важнасьць расьсьледаваньня фактаў гвалту, якія турбуюць грамадзкасьць. «Мы павінны зрабіць сур’ёзныя высновы з таго, што ў нас адбываецца і адбылося, разабрацца ў прычынах гэтага, разабрацца ў кожным факце, які турбуе людзей, пачынаючы ад гвалту, заканчваючы любым паведамленьнем пра нейкія парушэньні закона зь любога боку, па любой правакацыі», — сказаў Сяргей Гайдукевіч.
Улады пазбавілі акрэдытацыі чатырох карэспандэнтаў Свабоды, у Менску прайшоў шматтысячны жаночы гранд-марш. Найважнейшае за 29 жніўня
У цэнтры Менску прайшоў жаночы гранд-марш салідарнасьці. Паводле розных ацэнак, у шэсьці зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па праспэкце Незалежнасьці і іншых цэнтральных вуліцах Менску ўзялі ўдзел да 10 тысяч жанчын.
Падчас шэсьця АМАП некалькі разоў перакрываў жанчынам дарогу, некаторыя з кардонаў жанчыны прарывалі. Падчас маршу затрымлівалі нешматлікіх яго ўдзельнікаў-мужчын, некаторых зь іх жанчыны адбівалі.
Падчас жывой трансьляцыі з жаночага гранд-маршу затрымалі і празь некалькі гадзін адпусьцілі журналістаў Радыё Свабода Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка.
Улады Беларусі пазбавілі акрэдытацыі чатырох карэспандэнтаў Беларускай службы Радыё Свабода. Рашэньнем МЗС Беларусі карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі.
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай з нагоды пазбаўленьня журналістаў акрэдытацыі.
Заява амбасады ЗША ў Беларусі ад 29 жніўня 2020 году аб неабходнасьці спыніць перасьлед і затрыманьні журналістаў і блякаваньне доступу ў інтэрнэт у Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская з прычыны адмовы ў акрэдытацыі замежным журналістам назвала рэжым Лукашэнкі «маральным банкрутам».
Студэнты як мінімум 7 унівэрсытэтаў зьбіраюць подпісы пад агульнымі патрабаваньнямі: спыніць гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў, вызваліць палітзьняволеных, прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
29 жніўня кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава выступіла з чарговым відэазваротам да сілавых структураў Беларусі.
Эўразьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія і Швайцарыя заклікалі ўлады Беларусі расьсьледаваць злачынствы, учыненыя супраць удзельнікаў акцый пратэсту і іншых мірных грамадзян, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Расея прызнала легітымнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, нагадаўшы, што павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай.
Расейскае ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі было б «найгоршым варыянтам з магчымых». Такую думку выказаў у пятніцу прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Міколу Статкевічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы, паведаміла ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч.
Сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага перавялі зь менскага ізалятара на Акрэсьціна ў Жодзіна, у турму нумар 8.
Сяргей Міхалок у відэазвароце сказаў, што музы́кі Brutto не прызнаюць вынікаў выбараў 2020 году і ня лічаць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам.