Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пастарнак: Параўнаў бы Лукашэнку з Вальдэмортам, а не з героямі Дастаеўскага

абноўлена

Барыс Пастарнак.
Барыс Пастарнак.

Пра падзеі ў Беларусі з пункту гледжаньня літаратуры і найноўшай гісторыі размаўляем з дырэктарам расейскага выдавецтва «Время», ураджэнцам Менску Барысам Пастарнакам.


Сьцісла

  • Ня хочацца параўноўваць Лукашэнку з героямі Дастаеўскага. Зашмат гонару. Я б пайшоў у падлеткавую літаратуру і параўнаў бы яго са злыднямі ў «Трох таўстунах» Алешы ці з Вальдэмортам.
  • Уваход Алексіевіч у Каардынацыйную раду мне здаецца вельмі важным і патрэбным крокам ня толькі для нас усіх, беларускага народу, але і для яе самой.
  • Часам баюся, калі дачка дадому прыносіць гумавыя кулі, якія знайшла побач са сваёй машынай.
  • Гэта гістарычны пералом, найважнейшая падзея ў гісторыі Беларусі. І Расеі насамрэч.
  • Ёсьць таемная надзея, што гэта абыдзецца безь вялікай крыві.

«Параўнаньне з героямі клясычнай літаратуры яго крыху прыўздымае. Не хачу гэтага рабіць»

— Вы апошнія месяцы знаходзіцеся ў Беларусі, і як бачу па вашых допісах у Фэйсбуку, востра рэагуеце на тое, што адбываецца на вашай радзіме пасьля галасаваньня 9 жніўня. Зь якімі літаратурнымі творамі вы б параўналі падзеі ў Беларусі?

— Ёсьць вялізарны пласт літаратуры, у тым ліку і расейскай, пра рэвалюцыйныя падзеі. Сёньня перачытваў цудоўную аповесьць Васіля Быкава «Час шакалаў» (часопісная публікацыя «Аўганец»). Яна напісаная ў 1998 годзе. І я чытаў яе як абсалютна гарачы, сёньняшні тэкст пра тое, як адбываецца станаўленьне дыктатуры ў Беларусі, як правадыр вэрбуе сабе ахову, як ён працуе зь людзьмі, каб яны пакляліся яму ў вернасьці і ніколі не здрадзілі, калі ягоная бясьпека — галоўнае. Гэты тэкст уражвае, сёньня ён вельмі актуальны, а яму ўжо 22 гады, пры тым, што правадыр знаходзіцца ва ўладзе 26 гадоў. Малайчына Васіль Уладзімеравіч, умёў далёка глядзець. Пра Быкава нездарма казалі, што ён не вярнуўся з вайны.

Гэты тэкст можна лёгка параўнаць зь яго ж «Сотнікавым», дзе размова ідзе пра маральны выбар. І тут тое самае. Маральны выбар не зьмяніўся. Барацьба ідзе ўнутры чалавека за яго сумленьне і годнасьць. Гэта я ўсім раю сёньня прачытаць.

— Часта цяпер цытуюць «Восень патрыярха» Маркеса. Зь якімі літаратурнымі пэрсанажамі вы маглі б параўнаць кіраўніка Беларусі? З клясычнай і сучаснай літаратуры? Ці гэта пэрсанаж Дастаеўскага, напрыклад, Фама Апіскін?

— Магчыма. Усе параўнаньні, натуральна, кульгаюць. Мне ня хочацца параўноўваць яго з героямі Дастаеўскага. Зашмат гонару, прабачце. Я б пайшоў у падлеткавую літаратуру і параўнаў бы яго са злыднямі ў «Трох таўстунах» Алешы ці з Вальдэмортам. Цудоўны пэрсанаж для параўнаньня. Можа быць, гэта таму, што я шмат чытаю літаратуры для падлеткаў і мне гэта бліжэй. Рабіць зь яго значнага злыдня ня хочацца. Можа быць у яго хлопчыкі крывавыя ў вачах — тады Барыс Гадуноў. Але гэта ня так. Мне здаецца, што параўнаньне з героямі клясычнай літаратуры яго крыху прыўздымае. Не хачу гэтага рабіць.

— А калі параўноўваць з рэальнымі пэрсанажамі найноўшай гісторыі, аўтарытарнымі кіраўнікамі, дыктатарамі ХХ і ХХІ стагодзьдзя?

— Ён сам сябе параўноўвае. Кажа, мой сябра Рахмон, які хадзіў з кулямётам па Душанбэ, ці мой сябар Іслам Карымаў, які паваліў тысячы людзей у Андыжане. Гэта дыктатары, у якіх кроў на руках. Гэты яму бліжэй, псыхалёгію гэтых людзей ён добра разумее, ён сам з гэтай пароды. Праўда, там Усход, там дыктатары крыві не саромеюцца. А ў нас гэтая мяжа яшчэ ня пройдзеная, і можа, дай Бог, уберажэ яго ад праліцьця крыві. У нас больш эўрапейская, цывілізаваная краіна.


«Распад Савецкага Саюзу не завершаны, ён толькі працягваецца»

— Ці няма ў вас адчуваньня, што ў Беларусі сытуацыя больш напружаная і рэвалюцыйная, чым у драматычны пэрыяд распаду СССР?

— Распад Савецкага Саюзу не завершаны, ён толькі працягваецца. Як Рымская імпэрыя распадалася паўтары тысячы гадоў, так і СССР доўга распадаецца. СССР трымаўся ня толькі на штыках, на зброі, але і на ідэалёгіі ўсё ж. Гэтая ідэалёгія народнай дзяржавы, клопату пра простага чалавека, яна жывая. Як ні дзіўна, расчараваньне ў ёй доўга застаецца ў людзей... Я думаю, што гэта той самы працэс, і сёньня ён больш драматычна разгортваецца. Так, народ стаў больш дарослы. Яшчэ 10-15 гадоў таму гэтага проста не магло быць, не магло быць гэтых 97% (не гарантую дакладнасьць лічбы, якая стала мэмам). Не было гэтага адзінства. Проста падрастае пакаленьне, якое ў гэтую казку ня верыць. Адыходзяць з жыцьця старыя, якія ў гэта верылі. Гістарычна непазьбежная перамога новага пункту гледжаньня.

«Алексіевіч заставацца гэтым сымбалем можа, толькі заняўшы дакладна і ясна пазыцыю з народам»

— Ведаю, што вы знаходзіцеся ў шчыльным кантакце са Сьвятланай Алексіевіч, чыім выдаўцом зьяўляецеся. Як вы расцэньваеце яе ўваход у Каардынацыйную раду і тое, што за гэтым адбылося, выклік на допыт у Сьледчы камітэт?

Кіраўнік выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак у гасьцях у Сьвятланы Алексіевіч Фота з прыватнага архіву Барыса Пастарнака.
Кіраўнік выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак у гасьцях у Сьвятланы Алексіевіч Фота з прыватнага архіву Барыса Пастарнака.

— Я гэта вельмі ўхваляю. Мне здаецца гэта вельмі важным і патрэбным крокам ня толькі для нас усіх, беларускага народу, але і для яе самой. Так ці інакш яна стала пэўным сымбалем Беларусі. Заставацца гэтым сымбалем яна можа, толькі заняўшы вельмі дакладна і ясна пазыцыю з народам. Калі б яна пачала асьцярожнічаць і клапаціцца пра сваю замежную славу і нейкія побытавыя рэчы, яе б проста не зразумелі. А так яна зь тымі людзьмі, зь якімі заўсёды была, інтарэсы якіх заўсёды абараняла, у чыю душу пранікала. Яна, як мала хто, выказала нейкія глыбінныя пачуцьці, асьцярогі, мары беларускага народу. У яе гэта атрымалася. І сёньня ў гэтай Каардынацыйнай радзе, якую хочуць называць радай апазыцыі, але якая гэта апазыцыя. На іх баку большасьць. І Сьвятлана Алексіевіч з гэтай народнай большасьцю.

«Я хутчэй актыўны назіральнік»

— Я ведаю, што ваша дачка, пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, актыўна ўдзельнічае ў мірных пратэстах. Як вы сваю грамадзянскую пазыцыю, актыўнасьць, салідарнасьць цяпер праяўляеце?

Выдавец Барыс Пастарнак з дачкой Яўгеніяй Пастарнак і ўнучкай. Фота з прыватнага архіву Яўгеніі Пастарнак.
Выдавец Барыс Пастарнак з дачкой Яўгеніяй Пастарнак і ўнучкай. Фота з прыватнага архіву Яўгеніі Пастарнак.

— Не скажу, што я актыўны ўдзельнік, я хутчэй актыўны назіральнік. Я думаю, што безь мяне на барыкадах абыдуцца, на тых, што былі, і якія, можа быць, будуць, але я вельмі падтрымліваю пазыцыю дачкі. Часам баюся, калі яна дадому прыносіць гумавыя кулі, якія знайшла побач са сваёй машынай. Я непакоюся за яе, але салідарнасьць у нас зь ёй поўная. Як бацька і дзед, калі бачу гэты малады, напаўдзіцячы натоўп на вуліцах, у мяне душа за іх баліць. Я быў бы рады, каб абышлося бязь іх.

— Я бачу па вашых допісах у Фэйсбуку, што вы спрабуеце патлумачыць сытуацыю ў Беларусі вашым расейскім сябрам па сацыяльнай сетцы. Як адгукаецца на падзеі ў Беларусі расейская лібэральная інтэлігенцыя?

— Мая аўдыторыя ў Расеі — людзі, якія асабіста мяне ведаюць, іх кола знаёмых і сяброў. Мая ніша — расейская аўдыторыя, якая актыўна цікавіцца падзеямі ў Беларусі. Я лічу, што мой абавязак — працаваць на іх. У Беларусі безь мяне хапае людзей, ад каго можна атрымаць інфармацыю, але не ў Расеі. Я лічу, што ў мяне вельмі добрая, якасная аўдыторыя, лідэры думак, важныя для расейскай аўдыторыі людзі. Яны мяне падтрымліваюць, а я ім даю, як мне здаецца, праўдзівую інфармацыю пра Беларусь.

«Гэта такая падзея, якая ўжо адбылася ў генэтыцы народу, так што ў літаратуры гэта таксама будзе»

— Зь якімі беларускімі аўтарамі выдавецтва вы падтрымліваеце кантакт цяпер? Ці могуць гэтыя падзеі стаць асновай для літаратурнага твору? Я ў свой час у Сашу Філіпенку падзеі Плошчы-2010 натхнілі на «Былога сына»?

— Мае беларускія аўтары — гэта Сьвятлана Алексіевіч, вельмі папулярныя ў Расеі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак, гэта Саша Філіпенка, які цяпер на першы плян высоўваецца ў сувязі з падзеямі ў Беларусі. Цяпер рэзкі пад’ём інтарэсу да твораў Сьвятланы Алексіевіч і Сашы Філіпенкі. Гэта важна, бо інтарэс да твораў пісьменьніка мае падтрымлівацца актуальнасьцю іх твораў. У іх гэта атрымліваецца. Я ня ведаю, ці пішуць яны нешта з нагоды таго, што цяпер адбываецца, але вельмі спадзяюся, што нешта піша Альгерд Бахарэвіч. Ведаю, што Ганна Севярынец піша новую кнігу пра тое, як яна правяла гэтае лета. Жвалеўскі і Пастарнак працуюць. Яны ня хочуць пра актуальныя рэчы пісаць, але яны ўсё ж адкладаюцца. Аляксандар Фядута, напэўна, нешта робіць, мы яго таксама выдавалі.

Гэта ж гістарычны пералом, найважнейшая падзея ў гісторыі Беларусі. І Расеі насамрэч. Я ня ведаю, чым гэта скончыцца, і ніхто пакуль прадказаць ня можа, мы верым, што ўсё скончыцца добра, але гэта ўжо адбылося. Гэта такая падзея, якая ўжо адбылася ў генэтыцы народу, адна з найважнейшых і наймацнейшых падзей у яго гісторыі. Так што ў літаратуры гэта таксама будзе.

— Чаго вы цяпер найбольш баіцеся?

— Я баюся толькі крывавых варыянтаў, бо Лукашэнка паводзіць сябе як дыктатар, а ў дыктатараў часта не бывае тармазоў, абмежаваньняў, яны гатовыя ахвяраваць чужымі жыцьцямі дзеля сваіх мэтаў. Я баюся, каб ён гэтую мяжу не перайшоў. І ёсьць таемная надзея, што гэта абыдзецца безь вялікай крыві. На гэта спадзяюся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG