Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу 28 жніўня дамовіліся ўвесьці санкцыі супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, аднак яго самога ў санкцыйным сьпісе пакуль няма. Пра гэта заявіў высокі прадстаўнік ЭЗ у вонкавай палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль у Бэрліне пасьля нарады кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу.
Паводле Бурэля, міністры не змаглі дамовіцца, ці варта ўводзіць санкцыі супраць самога Лукашэнкі. Колькі беларускіх чыноўнікаў трапяць у чорны сьпіс, таксама пакуль незразумела. Бурэль паведаміў, што ўжо ўзгоднены сьпіс з прыкладна 20 чалавек, «высокага палітычнага ўзроўню», але, верагодна, ён будзе пашыраны. У ім — «людзі, якім ставіцца ў віну фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалтоўнае здушэньне мірных пратэстаў у краіне», растлумачыў прадстаўнік ЭЗ.
Ён таксама адзначыў, што сьпіс падрыхтуе рабочая група ЭЗ: сьпіс будзе прадстаўлены «у найбліжэйшыя дні» і прыняты «так хутка, наколькі гэта магчыма».
Пры гэтым Бурэль адзначыў, што не ўпаўнаважаны агучваць «ні канкрэтную колькасьць, ні канкрэтныя імёны, занесеныя ў сьпіс, паколькі гэтая інфармацыя павінна быць абаронена да моманту ўвядзеньня санкцыяў».