Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня
Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня

20-ы дзень пратэстаў у Беларусі. Затрыманьні ў цэнтры Менску. Лукашэнка пагражае Літве. Пратэст навукоўцаў. Салідарнасьць з купалаўцамі

17:13 28.8.2020

«Гандаль зь Беларусьсю складае толькі 2-3% ад усяго гандлю Літвы», — экспэрт пра пагрозы Лукашэнкі

Барташ Хмялеўскі з польскага парталу «Балтыйскі агляд» лічыць, што ідэю Аляксандра Лукашэнкі аб увядзеньні эканамічных контрасанкцыяў супраць Літвы, празь яе падтрымку беларускіх пратэстаў і апазыцыі, наўрад ці можна разглядаць як сур’ёзную. Такія санкцыі могуць нашкодзіць беларускаму боку больш, чым літоўскаму, лічыць экспэрт.

«Насуперак таму, што Аляксандр Лукашэнка заявіў у СМІ, Літва не атрымлівае 30% свайго ВУП ад транзыту беларускіх тавараў. Беларусь зьяўляецца 7-ым або 8-ым гандлёвым партнэрам Літвы, а гандаль з гэтай краінай складае ўсяго 2-3% ад усяго гандлю Літвы».​

Паводле польскага экспэрта, увядзеньне такіх санкцый можа больш нашкодзіць Беларусі. Ён сумняецца, што Менск перанясе ўвесь транзыт, напрыклад, у парты Латвіі. Цалкам чытайце пад спасылкай.

17:11 28.8.2020

«Пісаў заклікі да мірных акцыяў». У Карэлічах у РАУС раз за разам выклікаюць 13-гадовага падлетка

«Пісаў заклікі да мірных акцыяў, каб людзі пастаялі з балёнікамі, з кветачкамі, — расказвае Алена Пякарская з Карэлічаў, маці 13-гадовага Аляксея Шыша. — Каб проста пастаялі, памахалі. Гэта ўсё была яго ініцыятыва. Я, шчыра кажучы, нават і ня ведала пра гэта. Калі пабачыла, што ён так піша, то прасіла супакоіцца. Пытала, навошта ён гэта робіць. Кажа, што гэта яго пазыцыя, што яму ў гэтай краіне яшчэ жыць і што ён ня хоча, каб краіна была такой, якой яна ёсьць цяпер».

У РАУС Алена з сынам была ўжо двойчы. З словаў Алены, яе папярэдзілі, што заклікаць да пратэстаў у Тэлеграме нельга, папрасілі, каб Аляксей так больш не рабіў. Падлетак пагадзіўся. Пасьля гэтага Алену з сынам адпусьцілі дадому. Аднак у сераду іх выклікалі ў РАУС ізноў, на гэты раз пагаварыць пра бойку з іншым хлопчыкам.

«Мне сказалі, што заявы няма, але паступіў сыгнал ад сьведкаў, таму трэба правесьці прафіляктычную гутарку. Я сказала ім, што калі бойка была, то я пагавару з сынам абавязкова. Тады яны зноў пачалі гаварыць пра заклікі ў тэлеграм-каналах. Маўляў, паступіла каманда зьверху давесьці справу да канца. Я кажу ім: да якога канца, што вы ад мяне хочаце?». Алена зьвярнулася ў мясцовую пракуратуру — там парушэньняў з боку міліцыі ня ўгледзелі. Цалкам чытайце пад спасылкай.

17:06 28.8.2020

Пуцін зноў сабраў нараду Савету бясьпекі Расеі ў «беларускім пытаньні»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў апэратыўную нараду з пастаяннымі чальцамі Савету бясьпекі па разьвіцьці адносінаў з суседнімі дзяржавамі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што на нарадзе адбыўся дэталёвы абмен думкамі ў ключавых пытаньнях разьвіцьця расейска-беларускага супрацоўніцтва.

Так, Уладзімір Пуцін паведаміў аб працягу кантактаў паміж Масквой і Менскам з нагоды рэфінансаваньня беларускага доўгу перад расейскім бокам. Пра гэта як пра вырашаную справу 27 жніўня заявіў Лукашэнка.

«Неабходнасьці ва ўжываньні расейскіх сілаў у Беларусі пакуль няма, спадзяюся, і ня будзе, і з гэтым згодныя і ў Маскве, і ў Менску», — сказаў Пуцін. Савет бясьпекі Расеі ўжо разглядаў сытуацыю ў Беларусі 21 жніўня.

16:24 28.8.2020

16:24 28.8.2020

Удзел у несанкцыянаванай акцыі. Як і за што ў Менску судзілі журналістаў

У Кастрычніцкім раённым судзе Менску праз скайп судзяць журналістаў, якіх 27 жніўня затрымалі на плошчы Свабоды: карэспандэнтку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, апэратара БАЖ Максіма Гарчанка, фатографа-фрылансэра Аляксандра Васюковіча і апэратара «Настоящего времени» Андрэя Ярашэвіча. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі.

Паводле пратаколу міліцыі, Кацярына Андрэева на несанкцыянаванай акцыі выкрыквала лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Сыходзь». Журналістка назвала гэтыя абвінавачаньні ў свой адрас «абсалютнай хлусьнёй» і настойвала, што ніколі ня ўдзельнічала ў незаконных акцыях, тым больш фізычна не магла выкрыкваць лёзунгі, бо 27 жніўня вяла рэпартаж у жывым эфіры.

Супраць журналісткі «Белсату» сьведчылі паказаньні міліцыянтаў Антарчыка і Кучко, якія ў суд не зьявіліся, спаслаўшыся на занятасьць.Кацярына Андрэева праз Skype пасьпела сказаць, што на знак пратэсту супраць затрыманьня пачала галадоўку. Пасьля непрацяглай нарады судзьдзя паведаміў, што справа Андрэевай адпраўленая на дапрацоўку.

Пазьней на дапрацоўку таксама адправілі справы фатографа Аляксандра Васюковіча і апэратараў Андрэя Ярашэвіча і Максіма Гарчанка. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:18 28.8.2020

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі заклікалі да новых выбараў і спыненьня гвалту

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі выступілі з заявай аб падзеях у краіне. «У краіне адбываюцца драматычныя падзеі, прычынай якіх паслужыла кампанія выбараў прэзыдэнта. Шматлікія парушэньні заканадаўства і фальсіфікацыі пры падліку галасоў не дазваляюць лічыць, што выбары адбыліся», — гаворыцца ў заяве, пад якой падпісаліся тры дзясяткі кіраўнікоў арганізацый і творчых саюзаў Беларусі.

У мэтах стабілізацыі становішча ў краіне, аднаўленьня законнасьці і выкананьня народнага волевыяўленьня аўтары ліста патрабуюць ад дзяржаўных органаў:

  • Неадкладна выкарыстаць законны шлях выхаду з палітычнага крызісу, правесьці паўторныя выбары з новым складам выбарчых камісій усіх узроўняў, сфармаваных паводле дэмакратычных прынцыпаў.
  • Вызваліць усіх палітзьняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных грамадзянаў, не перашкаджаць ім свабодна зьбірацца і выказваць сваю думку.
  • Спыніць перасьлед чальцоў Каардынацыйнай рады і стварыць умовы для агульнанацыянальнага дыялёгу пад эгідай АБСЭ.
  • Пачаць расьсьледваньне фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства падчас прэзыдэнцкай кампаніі і фактаў масавага гвалту і забойстваў падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.
  • Даць у дзяржаўных СМІ свабодную трыбуну для носьбітаў усіх пунктаў гледжаньня, арганізаваць дыскусію аб становішчы ў краіне з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў.
  • Правесьці круглы стол аб сытуацыі ў Беларусі і шляхах выхаду з крызісу з удзелам прадстаўнікоў уладных структур і грамадзкасьці, у тым ліку Каардынацыйнай рады.
16:14 28.8.2020

Глябальны прафсаюз IndustriALL заклікаў да акцыяў салідарнасьці зь беларускімі работнікамі і падтрымаў іх права на страйк

Вальтэр Санчэс, генэральны сакратар Глябальнага зьвязу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 млн прамысловых работнікаў у 143 краінах сьвету, зьвярнуўся зь лістом да членаў зьвязу, у якім заклікаў свае членскія і партнэрскія арганізацыі «у падтрымку нашых сясьцёр і братоў у Беларусі» распачаць наступныя тры дзеяньні:

  1. Далучыцца да глябальнай акцыі пры каардынацыі Міжнароднай канфэдэрацыі працы (МКП), заклікаўшы ўсе членскія арганізацыі па ўсім сьвеце сустрэцца на гэтым або наступным тыдні з прадстаўніком Беларусі ў адпаведных краінах і/або арганізаваць мірную і бясьпечную акцыю пратэсту каля амбасадаў Беларусі, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі, зь якой сутыкаюцца працоўныя ў Беларусі, і падтрымаць іх права на страйк.
  2. Падтрымаць кампанію LabourStart ў Беларусі пагэтым адрасе.
  3. Адправіць лісты салідарнасьці на ангельскай мове філіялам IndustriALL у Беларусі.
    Цалкам чытайце тут.

16:11 28.8.2020

Суд у Гомлі зьменшыў пакараньне зьбітаму амапаўцамі хлопцу з 10 да 3 сутак

Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу 20-гадовага Паўла Пагарцава на пакараньне арыштам пасьля затрыманьня амапаўцамі. Паўла затрымалі 11 жніўня. Супрацоўнікі АМАП ці міліцыі (яны былі без апазнавальных знакаў) моцна яго зьбілі, акуналі галавой ва ўнітаз, прымушалі поўзаць па аддзеле міліцыі, чынілі іншыя зьдзекі.

Суд 12 жніўня пакараў Пагарцава арыштам на 10 дзён нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньні міліцыі. Павал адседзеў трое сутак, пасьля чаго яго вызвалілі датэрмінова. Ён зьняў пабоі і падаў скаргу ў Сьледчы камітэт. Пакуль выніку няма.

Разглядаў скаргу судзьдзя Анатоль Сотнікаў. Ён прыняў рашэньне зьмяніць пастанову раённага суду, і замест 10 сутак пакараў Паўла трыма суткамі арышту. «Гэта рашэньне і нашым, і вашым. Павал прасіў скасаваць рашэньне раённага суду, апраўдаць яго. Я раю яму дабівацца поўнай рэабілітацыі. Тое, што зь яго „зьнялі“ 7 сутак, не азначае, што ён невінаваты», — пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Судаленка.

16:07 28.8.2020

Міністар Лінкявічус пра пагрозы санкцыяў супраць Літвы: «Лукашэнка ідзе ва-банк»

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што пагрозы Аляксандра Лукашэнка пра ўвод у адказ санкцый у дачыненьні да Літвы і Польшчы — гэта спроба любой цаной захаваць сваю пасаду.

«Гэта працяг ўсіх астатніх яго пагроз. Натуральна, што ён ідзе ва-банк, абараняецца ўсімі зразумелымі яму спосабамі. (...) Гэта яго натуральныя ахоўныя паводзіны для захаваньня сваёй пасады, не зьвяртаючы ўвагі ні на ўнутраную сытуацыю, ні на ціск міжнароднай супольнасьці», — сказаў Лінкявічус агенцтву BNS. Цалкам чытайце тут.

16:03 28.8.2020

Беларускія мастакі дапамогуць пацярпелым падчас пратэстаў

29 жніўня вядомы маскоўскі аўкцыён сучаснага мастацтва VLADEY праводзіць таргі, дзе 30 лотаў — творы беларускіх мастакоў. Палова сродкаў, выручаных на аўкцыёне, пойдзе на дапамогу пацярпелым падчас і пасьля пратэстаў, другая палова — на дапамогу мастакам.

Свабода зьвязалася з мастаком Міхаілам Гуліным, які быў ініцыятарам дабрачыннай акцыі.

«У мяне таксама душа баліць за тое, што адбываецца ў першую чаргу з творчымі асобамі, таму што спачатку была ковідная сытуацыя, цяпер рэвалюцыйная сытуацыя. І творцы проста забытыя. Музыкі сядзяць без канцэртаў, мастацкіх выставаў таксама няма. Улічваючы, што мы не былі нікому патрэбныя і падчас так званай „стабільнасьці“, то цяпер мы наагул „забыты матэрыял“. Таму ў мяне была задача дапамагчы ў тым ліку і мастакам», — падзяліўся Міхаіл Гулін. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:00 28.8.2020

Купалаўцы нясуць да тэатру свае ўзнагароды, людзі сьпяваюць у падтрымку. ВІДЭА

У Менску 28 ліпеня праходзіць акцыя салідарнасьці з акторамі Купалаўскага тэатру. Акторы нясуць да будынку тэатру свае ўзнагароды.

15:59 28.8.2020

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „Гаворка ў амапаўцаў была ня менская. Мне здалося, што яны пад узьдзеяньнем нечага“

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Аляксандар Герасімаў: „10 жніўня я прачнуўся дома. На выбары не хадзіў, ездзіў на прыроду. Інтэрнэт не працаваў. Хацеў даведацца пра навіны і выйшаў на вуліцу. (...) Дайшлі да «Рыгі»; там будавалі барыкаду, якую потым пачалі штурмаваць сілавікі. Мы сталі з боку «Эўропы», глядзелі на тое, што адбываецца. Барыкаду разбурылі. Спачатку праехалі вадамёты, потым у яе з разгону ўехалі іншыя вайсковыя машыны. Ня ўпэўнены, што яны ведалі, што там няма людзей.

І раптам аднекуль зьявіліся амапаўцы. Я пабег ад іх, заскочыў на нейкі парапэт, няўдала саскочыў зь яго. Бегчы больш ня мог. Яны мяне павязалі. Спрабавалі завязаць рукі — не атрымалася. Білі. Мне кажа: «Стаяць!», я стаю, не магу бегчы, нага зламаная. Далей паклалі тварам у зямлю, пастрыглі. (Думаў — жах, памыўся — такой бяды!) Паабяцалі дубінкай згвалціць. Крычалі, што мне заплацілі. Гаворка ў іх была ня менская. Мне здалося, што яны пад нечым. Выдавалі паводзіны і шалёныя вочы, нулявыя зрэнкі. Далей чытайце па спасылцы.

15:56 28.8.2020

Прэс-сакратар Пуціна пракамэнтаваў падрыхтоўку расейскага «рэзэрву праваахоўнікаў» для Лукашэнкі

Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што падрыхтаваны Расеяй рэзэрв «складаецца з тых частак, якія ў выпадку крайняй неабходнасьці змогуць перашкодзіць экстрэмісцкім дзеяньням у рэспубліцы», паведамляе ТАСС. Зь якіх сілавых структураў складаецца рэзэрв і чым узброены, ён удакладніць адмовіўся, але адзначыў, што там «дастаткова разумная колькасьць».

Паводле Пяскова, Уладзімір Пуцін зыходзіць з таго, што рэзэрв праваахоўнікаў ня будзе выкарыстаны», а гатоўнасьць накіраваць сілавікоў у Беларусь «ніяк не адаб’ецца на стасунках паміж грамадзянамі дзьвюх краінаў».

15:55 28.8.2020

Мэркель: Спадзяюся, Пуцін ня будзе выкарыстоўваць рэзэрву сілавікоў для Беларусі

Пра гэта канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла 28 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне ў адказ на просьбу ТАСС даць ацэнку заяве прэзыдэнта Расеі аб фармаваньні такой рэзэрвы. «Я спадзяюся, што справа ня дойдзе да выкарыстаньня такіх сіл», — сказала Мэркель.

Паводле кацлеркі, людзі, якія выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў, змагаюцца за права свабодна выказваць сваё меркаваньне. «Яны павінны мець магчымасьць рабіць гэта самастойна, без умяшаньня звонку», — падкрэсьліла Мэркель і дадала, што абмяркоўвала з Пуціным, што «датычна Беларуспавінен датрымлівацца сувэрэнітэт краіны».

15:53 28.8.2020

Tut.by: Лукашэнка ў 10 разоў завысіў яўку на мітынгах у сваю падтрымку

27 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў мітынгах за яго ўзялі ўдзел 3 мільёны чалавек. Tut.by на падставе адкрытых крыніцаў высьветліў, ці так гэта.

Каб атрымаць такую колькасьць людзей, штодня, пачынаючы ад першага афіцыйнага мітынгу 16 жніўня, і за наступныя 10 дзён у падтрымку Лукашэнкі павінна было выходзіць па 250 тысяч чалавек. Гэта прыкладна 2,65% ад усіх жыхароў краіны. 3 мільёны — каля 31% насельніцтва. 16 жніўня да Дому ўраду ў Менску на мітынг за Лукашэнку звозілі людзей з усёй краіны. Паводле МУС, сабралі 65 тысяч чалавек (паводле альтэрнатыўных падлікаў, удвая меней).

Далей партал дае падрабязную справаздачу па выніках арганізаваных уладамі мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі па ўсёй краіне, звычайна гаворка пра сотні ці некалькі тысяч удзельнікаў. Калі прыняць за дадзенасьць, што кожныя суткі па ўсёй краіне ў мітынгах удзельнічаюць нават па 30 тысяч чалавек (як толькі аднойчы ўказала МУС), то ўсё роўна атрымаецца блізу 360 тысяч. А гэта на парадак менш, чым агучаныя Лукашэнкам 3 мільёны, робіць выснову Tut.by.

15:50 28.8.2020

Лукашэнка: «Партрэты Адольфа Гітлера — і вакол вісяць бел-чырвона-белыя сьцягі»

Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў у Оршы, пракамэнтаваў сваё прыняцьце першай прэзыдэнцкай прысягі пад бел-чырвона-белым сцягам, перадае БелТА.

«Мяне за гэта ня трэба крытыкаваць. Разумны чалавек скажа: прэзыдэнт законапаслухмяны. Тады быў такі сьцяг, вызначаны Вярхоўным Саветам (мы не галасавалі за гэтую сымболіку, але большасьцю яна была прынятая пад ціскам нашых нацыяналістычных дэпутатаў)», — сказаў Лукашэнка.

Ён, што за цяперашнюю афіцыйную беларускую сымболіку на рэфэрэндуме прагаласавала большасьць грамадзян і ён з задавальненьнем выкарыстоўвае яе: «Народ выказаўся за гэтую сымболіку. А гэты сьцяг, вы ж бачыце: партрэты Адольфа Гітлера — і вакол вісяць бел-чырвона-белыя сцягі».

15:48 28.8.2020

«Мы ім пакажам, што такое санкцыі». Лукашэнка загадаў перавесьці транзытныя патокі зь літоўскіх партоў

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў адказаць на санкцыі іншых краін, паведамляе БелТА.

«Вось мы ім зараз пакажам, што такое санкцыі. Калі яны яшчэ ў Кітай і Расею праз нас (палякі і літоўцы) баражавалі, цяпер яны будуць лятаць або праз Балтыку, або Чорнае мора гандляваць з Расеяй і іншае. А пра санкцыйную прадукцыю (тую прадукцыю, на якую Расея ўвяла эмбарга) хай нават і ня мараць. Мы ім пакажам, што такое санкцыі».

«Я даручыў ураду ўнесьці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых патокаў з партоў Літвы на іншыя. Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30% літоўскага бюджэту фармуюць нашы грузапатокі празь Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца», — заявіў Лукашэнка падчас паездкі ў Віцебскую вобласьць.

15:47 28.8.2020

Рада БНР заклікала міжнародную супольнасьць да абароны сувэрэнітэту Беларусі

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі разглядае фармаваньне Расеяй рэзэрву сілавікоў, аб чым 27 жніўня заявіў Уладзімір Пуцін, як пагрозу вайсковага ўмяшаньня з боку Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на старонцы Рады БНР у Facebook.

«Сама па сабе заява Ўладзіміра Пуціна аб гэтым ужо можа быць расцэненая як умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. — адзначана ў заяве. — Пратэсты ў Беларусі носяць выключна мірны характар».

Рада БНР заявіла, што «імавернае вайсковае ўмяшаньне і задушэньне пратэстаў расейскімі войскамі паставіць крыж на добрасуседзкіх адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй» і заклікала міжнародную супольнасьць да абароны сувэрэнітэту Беларусі.

15:46 28.8.2020

«Найпазьней у кастрычніку», — Халезін пра рэйтынг і сыход Лукашэнкі

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін расказвае пра рэальны рэйтынг Лукашэнкі паводле дасьледаваньня пад эгідай інстытуту Гэлапа і пра той момант, калі міжнародная супольнасьць прапануе Лукашэнку дапамогу, каб ён мог пакінуць краіну. Тэкставая вэрсія па спасылцы.

15:44 28.8.2020

Кіраўнік АБСЭ: умешвацца ва ўнутраныя справы паміж уладамі Беларусі і беларускім грамадзтвам — не для нас

Улады Беларусі павінны перайсьці ад супрацьстаяньня да дыялёгу, каб урэгуляваць сытуацыю ў краіне, заявіў у пятніцу кіраўнік урада Альбаніі Эдзі Рама, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ.

«Я зьвяртаюся сёньня да ўладаў Беларусі: ня страцьце гэты момант для пераходу ад канфрантацыі да дыялёгу», — заявіў Рама ў рамках пасяджэньня Пастаяннай рады АБСЭ па Беларусі ў Вене.

Пры гэтым Рама адзначыў, што АБСЭ можа адыграць канструктыўную ролю — дапамагчы Беларусі ў вырашэньні сытуацыі «шляхам дыялёгу, а ня гвалту», аднак арганізацыя ня мае намеру выконваць ролю пасярэдніка паміж уладамі і народам. «Гэта не для нас — умешвацца ва ўнутраныя справы паміж уладамі Беларусі і беларускім грамадзтвам», — сказаў Рама.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG