Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня
Менск. Пратэст на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла. 28 жніўня

20-ы дзень пратэстаў у Беларусі. Затрыманьні ў цэнтры Менску. Лукашэнка пагражае Літве. Пратэст навукоўцаў. Салідарнасьць з купалаўцамі

15:43 28.8.2020

Пасьля зьбіцьця на Акрэсьціна мужчыну ледзь не ампутавалі нагу. ВІДЭА

Пасьля зьбіцьця ў ізалятары на Акрэсьціна 33-гадоваму Алексею Жуку зрабілі шэраг апэрацый на назе, яму наклалі каля 30 швоў. Як сказалі лекары, калі б ён зьвярнуўся па дапамогу на дзень пазьней, яму б ампутавалі нагу.

15:38 28.8.2020

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі заклікалі да новых выбараў і спыненьня гвалту

Акцыя пратэсту ў Гомлі, 19 жніўня
Акцыя пратэсту ў Гомлі, 19 жніўня

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі выступілі з заявай аб падзеях у краіне.

«У краіне адбываюцца драматычныя падзеі, прычынай якіх паслужыла кампанія выбараў прэзыдэнта. Шматлікія парушэньні заканадаўства і фальсіфікацыі пры падліку галасоў не дазваляюць лічыць, што выбары адбыліся. Дзеяньні сілавых структураў пры задушэньні пратэстаў узроўнем нялюдзкасьці і жорсткасьці нагадвалі зьверствы сталінскіх катаў у пэрыяд рэпрэсій 1930-х і фашысцкіх акупантаў у часы Другой сусьветнай вайны», — гаворыцца ў супольнай заяве, якую публікуе сайт ПЭН-цэнтру.

Як адзначаюць аўтары адозвы, афіцыйныя СМІ разьвязалі кампанію гістэрыі, нагнятаньня чутак пра пагрозы звонку і захопе краіны, шальмаваньня тых, хто настойвае на выкананьні ўладамі закону і справядлівасьці, выступае за еднасьць нацыі.

«Людзей спрабуюць увесьці ў зман, прыпісваючы лідэрам пратэсту злачынствы, якія яны не зьдзяйсьнялі. Удзельнікі законных пратэстаў падвяргаюцца ціску на працы і судовым перасьледам. Для арганізацыі акцый у апраўданьне сфальсыфікаваным выбарам выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс і бюджэтныя сродкі. Галоўная адказнасьць за маштабны крызіс ляжыць персанальна на Лукашэнку, які для захаваньня свайго становішча пайшоў ня толькі на перавышэньне ўлады, але і ўзьняў зброю на свой народ», — адзначаюць кіраўнікі саюзаў.

15:36 28.8.2020

МУС Беларусі: 27 жніўня затрымалі 114 пратэстоўцаў

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, 27 жніўня:

  • зафіксавалі 37 месцаў «палітычнай актыўнасьці грамадзянаў»,
  • у гэтых акцыях узялі ўдзел каля 5000 чалавек, у тым ліку 1400 каля Чырвонага касьцёла ў Менску,
  • у праўладных акцыях удзельнічалі 2400 чалавек,
  • па ўсёй краіне сумарна затрымалі 114 грамадзянаў за «адміністрацыйныя парушэньні».

Затрыманьні паўсотні журналістаў называюць «дастаўленьнем у РУУС для праверкі дакумэнтаў» — адпусьцілі «практычна ўсіх», піша МУС, толькі на аднаго склалі адміністрацыйны пратакол, яшчэ аднаго журналіста «выслалі з краіны ў дабраахвотным парадку».

15:35 28.8.2020

На «Белшыне» звольнілі лідэра страйкоўцаў, фармальна за прагул

На «Белшыне» 27 жніўня звольнілі за прагул Віталя Красьніцкага, які быў адным з ініцыятараў страйку на прадпрыемстве. Цэхавы камітэт 25 жніўня пастанавіў спыніць зь ім працоўныя адносіны. Апошнім днём працы меўся быць 18 верасьня, калі загад аб звальненьні падпіша генэральны дырэктар прадпрыемства, але адміністрацыя прысьпешыла ягонае звальненьне пасьля таго, як ён расказаў незалежным мэдыя пра перасьлед рабочых, якія далучыліся да агульнальнанацыянальнага страйку.

У вернутай яму працоўнай кніжцы напісана, што ён «звольнены за прагул бяз важнай прычыны». Загад выдадзены 26 жніўня. Красьніцкі кажа, што за прагулы звольнілі і двух ягоных таварышаў-страйкоўцаў Аляксея Касьцюкевіча і Руслана Карымава. Зь імі працоўныя адносіны «па згодзе бакоў» спынілі яшчэ 19 жніўня. Але пазьней, адзначае суразмоўца, адміністрацыя зьмяніла фармулёўку звальненьня на «за прагулы».

Страйк, у якім удзельнічалі 25 рабочых з 9000, спынены. Паводле Красьніцкага, удзельнікі баяцца рэпрэсіяў адміністрацыі. Цалкам чытайце па спасылцы.

15:29 28.8.2020

Пашкодзілі машыну дэпутаткі Васілевіч, якая прасіла прабачэньня ў зьбітых пратэстоўцаў

Каля 3:30 мінулай начы невядомыя пабілі шыбу і прабілі вострым прадметам дзьверы ў машыне дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Марыі Васілевіч, піша Tut.by. Раней Васілевіч зьмясьціла ў Instagram заклік спыніць гвалт у Беларусі, наведвала пабітых пратэстоўцаў у лякарні і прасіла ў іх прабачэньня.

15:28 28.8.2020

«Белпошта» і экспэдыцыя блякуюць дастаўку незалежных газэт да чытачоў, іх чытаць можна ў PDF-фармаце

Чарговы нумар газэты «Народная Воля» ня трапіў да падпісчыкаў і ў кіёскі. У рэдакцыі запэўніваюць, што пасьля таго, як «Беларускі дом друку» адмовіўся супрацоўнічаць зь шэрагам недзяржаўных выданьняў, аддрукаваны ў Расеі наклад быў своечасова здадзены ў экспэдыцыю. Аднак да чытачоў нумар так і ня трапіў. Аналягічная сытуацыя і зь беларускім выпускам «Комсомольской правды». Колькі працягнецца блякада,

15:26 28.8.2020

Польшча: няма ані памежных, ані геапалітычных, ані вайсковых рухаў адносна Беларусі

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач падчас размовы з паслом Беларусі ў Польшчы Віктарам Чушавым перадаў у адрас афіцыйнага Менску словы «зьдзіўленьня, расчараваньня і заклапочанасьці з нагоды заяваў Аляксандра Лукашэнкі і яго найбліжэйшага атачэньня», паведамляе Польскае радыё.

Беларускага дыплямата тэрмінова запрасілі ў МЗС у сувязі з «сэрыяй ілжывых заяваў, абвінавачаньняў з боку вышэйшых прадстаўнікоў беларускіх уладаў у адрас Польшчы». Пшыдач падкрэсьліў, што Польшча лічыць такую лінію «неабгрунтаванай, заснаванай на лжывых і шкодных аргумэнтах». Ён падкрэсьліў, што Польшча ня мае варожых намераў да Беларусі і дадаў, што ў краіне не вядзецца дэбатаў аб якіх-небудзь памежных або геапалітычных зрухах, няма ніякіх вайсковых рухаў.

«На наш погляд, гэта спроба запалохаць беларускае грамадзтва нейкім уяўным вонкавым ворагам», — ацаніў намесьнік міністра. Цалкам чытайце па спасылцы.

15:19 28.8.2020

Кіеў патлумачыў, што азначае рэжым замарожаных стасункаў зь Беларусьсю

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Кіеў спыняе ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам да поўнай стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

«У звычайныя часы ў нас адбывалася мноства афіцыйных кантактаў на ўсіх узроўнях — на ўзроўні міністэрстваў, агенцтваў і гэтак далей. Гэта была нармальная практыка. Цяпер усе гэтыя кантакты мы ставім на паўзу да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Гэта таксама ўключае і працэс падрыхтоўкі да Форуму рэгіёнаў (Беларусі і Ўкраіны)», — заявіў Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

У той жа час міністар замежных спраў Украіны падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў: «Для разрыву дыпляматычных стасункаў няма ніякіх падстаў пакуль што. Беларускі пасол працягвае выконваць свае функцыі ва Ўкраіне». Дзьмітро Кулеба ня выключыў, што ўкраінскі амбасадар, адкліканы раней зь Беларусі, пасьля завяршэньня кансультацый вернецца ў Менск. Падрабязнасьці па спасылцы.

15:17 28.8.2020

Стваральнік хэштэгу #ямыбатька распавёў, чаму падтрымлівае Лукашэнку

Дзьмітры Эмпат (просіць яго называць так, бо яму не падабаецца ўласнае прозьвішча, яно вядомае рэдакцыі. — РС) 28 ліпеня стварыў хэштэг «ямыбатька» і сетку адпаведных ТГ-каналаў. Ён шчыруе за Лукашэнку ў Tik-tok, Instagram, VK і кажа, што робіць гэта «на покліч сэрца».

«Ніхто мяне не прасіў. У мяне гэтая думка зьявілася сама. Бо гартаў TikTok і бачыў там шмат допісаў у стылі „я-мы-97%“. Я зьдзівіўся — чаму так мала відэа электарату Лукашэнкі? Чаму людзі ня кажуць адкрыта, што яны падтрымліваюць яго? Вырашыў стварыць нешта такое, што аб’яднала б людзей пад адным лёзунгам. Каб людзі маглі паказаць, што яны за Лукашэнку, што гэтыя людзі існуюць, і іх ня 3%. Гэта мела эфэкт!», — расказаў Дзьмітры.

Ён кажа, што «такая патрыятычнасьць, якая [ў ім] усплыла», падабаецца яму і «прыносіць кайф». «Я стаў дарослым, я стаў разумець, што гэта мая краіна, і „Бацьку“ нельга нікому аддаваць, бо ён павінен быць прэзыдэнтам прынамсі бліжэйшыя пяць гадоў», — кажа малады чалавек. У сучаснай Беларусі Дзьмітрыю падабаецца «абсалютна ўсё», а ў Лукашэнку яму падабаецца «цьвёрдасьць характару і тое, што чалавек проста зубамі ўчапіўся ў гэтую краіну і нікому яе не аддасьць». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

15:15 28.8.2020

Горадня. Невядомыя сарвалі бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў над уваходам у этнакраму «Цудоўня» у цэнтры гораду, зламалі дрэўка, пашкодзілі ўпрыгожваньні на ўваходзе. Двое чалавек напалі на ўласьніка этнакрамы Андрэя Несьцяровіча, пачалі бойку і сышлі.

14:31 28.8.2020

Лукашэнка: «І вы мяне пачынаеце крытыкаваць, што я з аўтаматам бегаю і гатовы страляць ва ўласны народ?»

За мяжой павінны падумаць, у што можа ператварыцца Эўропа, калі ў Беларусі «палыхне», заявіў Аляксандар Лукашэнка, размаўляючы з калектывам ТАА «Савушкін-Ворша».

«Трэба ўціхамірыцца, і ім таксама, за мяжой, узяць галаву ў рукі, супакоіцца і падумаць, у што можа ператварыцца Эўропа, калі тут, у Беларусі, палыхне», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку ў Горадні
Аляксандар Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку ў Горадні

Ён нагадаў пра заяву «суседа і добрага сябра Ўладзіміра Пуціна» пра «рэзэрв для Беларусі».

«Мы з прэзыдэнтам Расеі разумеем, што можа быць, калі праваронім і ператворымся ў тэатар ваенных дзеяньняў. Ім на Захадзе не Беларусь патрэбна. Беларусь — гэта трамплін, як звычайна, у Расею. Толькі ня так, як Гітлер групу армій „Цэнтар“ кінуў на Маскву. Тэхналёгіі іншыя. Трэба зламаць гэтую ўладу, падсунуць іншую, якая зьвернецца да замежнай дзяржавы, каб увялі войскі і аказалі падтрымку».

12:23 28.8.2020

У Берасьці (ня)судзяць лідэра панк-гурту «Дай дарогу»

З судом супраць лідэра панк-гурту «Дай дарогу» Юрыя Стыльскага адбылося штосьці незразумелае, расказвае «Бинокль»: мусілі судзіць сёньня за «несанкцыянаванае мерапрыемства», а справы ў судзе проста няма. Затое затрымалі хлопца з плякатам «Юры ні ў чым не вінаваты».

11:55 28.8.2020

18-гадовай дзяўчыне амапаўцы пашкодзілі шыю. Суд прызнаў яе вінаватай

18-гадовая Ліза 10 жніўня трапіла ў рукі АМАПу. Яна са сваім хлопцам гулялі ў цэнтры Гомля. Дзяўчыне пашкодзілі шыйныя хрыбеткі, яна цяпер праходзіць лячэньне. 28 жніўня суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту ў Гомлі, 25 жніўня
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту ў Гомлі, 25 жніўня

У Лізы дагэтуль праблемы са здароўем, ёй кружыцца галава, яе часта ванітуе. Таксама яна зьвярнулася па дапамогу да псыхоляга, бо перажыла моцны стрэс.

Зьдзекі перажыў і яе хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сьціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях.

10:44 28.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская да настаўнікаў: праявіце салідарнасьць, абараніце тых з вас, каго хочуць звольніць

Былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, зьвярнулася зь відэазваротам да настаўнікаў Беларусі.

У звароце Сьвятлана Ціханоўская задаецца пытаньнем, чаго вартая дзяржаўная ідэалёгія, за нявернасьць якой цяпер хочуць звальняць настаўнікаў, і якая зводзіцца да маны і фальсыфікацыі на выбарах.

Таксама Ціханоўская гаворыць тым настаўнікам, якія ўдзельнічалі ў фальсыфікацыях, што рахунак ім пасьля выставяць іхныя дзеці.

10:41 28.8.2020

У Верхнядзьвінску пасьля выбараў затрымалі 78-гадовага вязьня канцлягеру, мясцовыя жыхары патрабуюць ад міліцыі выбачэньняў

У Верхнядзьвінску 12 жніўня міліцыя затрымала групу грамадзян, сярод якіх быў 78-гадовы Антон Бубала — малалетні вязень канцлягеру, ганаровы жыхар гораду, краязнаўца і літаратар. Жыхары Верхнядзьвінску абураныя гэтым фактам, яны просяць сілавікоў на чале з кіраўніком мясцовага РАУС прынесьці прабачэньні Бубалу, піша Tut.by.

Пасьведчаньне Антона Бубалы, непаўналетняга вязьня канцлягеру
Пасьведчаньне Антона Бубалы, непаўналетняга вязьня канцлягеру

Чытаць цалкам

09:22 28.8.2020

Краіна расколваецца, а Лукашэнка — гарант незалежнасьці. Як Давыдзька адказваў на пытаньні менчукоў, якія хочуць яго адклікаць

Жыхары выбарчага ўчастку № 107 хочуць адклікаць Генадзя Давыдзьку як дэпутата з Палаты прадстаўнікоў. Яны запусьцілі працэдуру, якая яшчэ ні разу не выкарыстоўвалася ў Беларусі. Свабода наведала сустрэчу Давыдзькі зь дзьвюма сотнямі жыхароў участку, які ён прадстаўляе ў парлямэнце. Прыводзім асноўныя тэзы былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі.

Сустрэча праходзіла ў бібліятэцы імя Янкі Купалы на вуліцы Харужай у Менску
  • «Я лічу, што Лукашэнка перамог. Мае адчуваньні, калі я сустракаўся па ўсёй краіне зь людзьмі, — 60% было дакладна за Лукашэнку. У Менску, магчыма, гэта было 50%, магчыма і 40%, я ня ведаю. Але я давяраю Цэнтральнай выбарчай камісіі».
  • «Я быў упэўнены, што выбары пройдуць справядліва. У мяне не было падставаў падазраваць, што будзе па-іншаму. Таму што я ведаў сапраўдны рэйтынг і павагу нашага дзейнага прэзыдэнта».
  • «Фальсыфікацыі — гэта вельмі дрэнна. Калі ёсьць падазрэньне, што выбары несправядлівыя — гэта вельмі дрэнна. І вы маеце права настойваць на тым, каб былі перавыбары. Але для гэтага патрэбная спакойная атмасфэра ў краіне. Чаму б адразу не зьмяніць выбарчы кодэкс і па новым кодэксе рабіць перавыбары?»

Чытайце далей.

09:07 28.8.2020

«Памянялі погляды нават тыя, хто „тапіў“ за Лукашэнку», — на спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца

Аляксандар Алейкін
Аляксандар Алейкін

«Не сумняюся, што большая частка спартоўцаў адмовіцца ад ганебнага мітынгу за Лукашэнку. Магчыма, страцяць працу ці фінансаваньне, але захаваюць сумленьне». Дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін пра маральную рэінкарнацыю беларускага спорту.

Адзін з ініцыятараў адкрытага ліста прадстаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў расказаў Свабодзе, які ціск чыніцца на падпісантаў і на якую падтрымку пацярпелыя могуць разьлічваць.

Чытаць цалкам

XS
SM
MD
LG