Старшыню страйкавага камітэту Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандра Лаўрыновіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org са спасылкай на адваката Лаўрыновіча, кіраўніка страйкаму МЗКЦ абвінавацілі на падставе частак 1 і 2 артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
«За ўдзел у мітынгу 23 жніўня і за тое, што ён на тэрыторыі заводу зьбіраў подпісы і праводзіў незаконныя сходы. Цяпер ён на Акрэсьціна», — сказаў адвакат.
25 жніўня на 10 сутак арыштавалі таксама сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, кіраўніка страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага.
Дылеўскага да суду ўтрымлівалі ў менскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Адміністрацыйную справу ў дачыненьні да яго разгледзеў суд Заводзкага раёну сталіцы. Судзьдзя Алена Капцэвіч прызнала яго вінаватым паводле арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і арт. 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) КаАП.
АМАП затрымаў Дылеўскага і яшчэ аднаго сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады — давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Вольгу Кавалькову — раніцай 24 жніўня на прахадной МТЗ.