Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат загінулага Мікіты Крыўцова да беларусаў: змагайцеся і абараняйце сябе і сваіх блізкіх


На пахаваньні Мікіты Крыўцова ў Маладэчне, 25 жніўня
На пахаваньні Мікіты Крыўцова ў Маладэчне, 25 жніўня

Брат Мікіты Крыўцова Павал Кухта, які зьехаў зь Беларусі ў 2016 годзе, каб змагацца за незалежнасьць Украіны ў шэрагах добраахвотніцкага батальёну, заклікаў беларусаў ня верыць у афіцыйную вэрсію гібелі свайго брата і не спыняць далейшай барацьбы за вольную краіну.

Свой зварот ён распаўсюдзіў у сацыяльных сетках:

«Зараз я не магу вярнуцца на радзіму. Майго брата па-зьверску забілі. Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ён зрабіў самагубства — нібыта з прычыны разводу з жонкай. Гэта абсалютная хлусьня. Я ведаю брата, ён вельмі моцна любіў сваю сям’ю і хаця б дзеля іх гэтага не зрабіў бы. Я цудоўна памятаю нашу апошнюю сустрэчу — ягоныя вочы, поўныя радасьці і шчырасьці, калі ён расказваў пра свае жыцьцёвыя гісторыі і асабліва пра сваю дачку. Вэрсія пра самагубства — гэта плявок ня толькі ў бок нашай сям’і, але і ўсяго беларускага народу.

Я ня ведаю ўсіх абставінаў, але я абсалютна дакладна перакананы, што мой брат трапіў у рукі карнікаў. Азьвярэлыя забойцы не змаглі зламаць ягонай волі і проста забілі яго да сьмерці. Цяпер мне вельмі важна, каб імёны як майго брата, так і ўсіх іншых загінулых увайшлі як героі ў гісторыю новай Беларусі.

Ягоная сьмерць не павінна быць беспакаранай, але яшчэ больш важна, каб ён ня быў забыты і каб такое больш ніколі не паўтарылася.

Беларусь не павінна застацца краінай зь сярэднявечнай дыктатурай, дзе чалавека могуць схапіць, забіць, а цела выкінуць у лес. Беларусь, краіна ў цэнтры Эўропы, заслугоўвае лепшага, і сам народ гэта неаднаразова даказваў.

Увесь сьвет бачыць, што за два тыдні шматтысячных пратэстаў абсалютна нічога не разьбілі і не пабілі. З кожным выхадам людзей на вуліцу ўлада спрабуе ачарніць культурных і прыстойных беларусаў. Разам тым прыхільнікаў Свабоднай Беларусі становіцца ўсё больш.

У нашай краіне няма праваахоўных органаў, якія б абаранялі народ. Таму я хачу папрасіць вас, свабодныя беларусы. Абараняйце сябе і сваіх блізкіх, змагайцеся і памятайце: пакуль духам не ўпадзеш, сілай ня возьмуць.

Жыве Беларусь!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG