На вуліцы Савецкай, 55 крама працуе апошнія тры дні.
Як паведамілі ў краме, «зь незалежных ад нас прычынаў мы вымушаныя пакінуць памяшканьне ў сувязі зь непрацягненьнем дамовы арэнды. Вядзём пошук памяшканьня. Але знайсьці добрае памяшканьне ў добрым месцы няпроста і можа заняць нямала часу».
Адзін з заснавальнікаў крамы Сяржук Бахун, патлумачыў Свабодзе: уласьнік памяшканьня, прыватная асоба, вырашыў не працягваць кантракт арэнды, хоць нараканьняў на аплату не было.
Гаспадар нічога не сказаў аб прычынах свайго рашэньня.
Раней крама мела праблемы за продаж бела-чырвона-белых сьцягоў і іншай сымболікі: апячатвалі памяшканьне, канфіскоўвалі сьцягі, кепкі і бранзалеты з нацыянальнай сымболікай, падатковая праводзіла праверку, урэшце адміністрацыйную справу на краму перадалі ў эканамічны суд Берасьця, паведаміў Сяржук Бахун.
Цяпер пастаўкі скарочаныя да мінімуму, асартымэнт зьмяншаецца, некаторыя пазыцыі ўжо скончыліся.
«Наперадзе нас чакае суд, выдаткі на абаронцаў, пераезд, закуп абсталяваньня і рэклямных шыльдаў, пераафармленьне ўсіх дакумэнтаў, зьвязаных са зьменай гандлёвай кропкі, і ўрэшце закуп і вытворчасьць новага асартымэнту тавару», — сказалі ў краме.
Крама «Князь Вітаўт» спэцыялізуецца на таварах з гістарычнай, народнай і нацыянальнай сымболікай.