Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем стварыць парлямэнцкую камісію для расьсьледаваньня катаваньняў, паведамляецца на сайце БХК.
18-ы дзень пратэстаў. Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт. Што адбываецца ў Беларусі
У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Мы просім людзей пісьмова (праз пошту, афіцыйны e-mail) зьвярнуцца да сваіх дэпутатаў з просьбай ініцыяваць стварэньне такой камісіі. Вы можаце зрабіць гэта асабіста або калектыўна. Пісьмовы зварот лепшы за званок, бо у вас на руках будзе афіцыйны адказ. Мы будзем ўдзячныя, калі вы дашляце копію адказу нам на пошту office@belhelcom. org».
Пра зварот аб стварэньні парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваняня катаваньняў праваабаронцы пішуць:
«Для ўсіх зьяўляецца абсалютна відавочным, што ў краіне мелі месца масавыя катаваньні, акты жорсткасьці, учыненыя ў сувязі з палітычнымі перакананьнямі цывільнага насельніцтва, г. зн. дзеяньні, прадугледжаныя артыкулам 128 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гэтыя цяжкія дзеі зробленыя службовымі асобамі ў афіцыйным статусе і зьяўляюцца паглыбленым і наўмысным відам жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня і пакараньня, якое абражае годнасьць. Яны павінны быць асуджаныя дзяржавай як парушэньне правоў чалавека і асноўных свабод, абвешчаных ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці тых, што прыніжаюць годнасьць, відаў абыходжаньня і пакараньня.
У адпаведнасьці зь міжнародным правам і нацыянальным заканадаўствам ніякія выключныя абставіны, у тым ліку ўнутраная палітычная нестабільнасьць, ня могуць служыць апраўданьнем катаваньняў, а загады вышэйшых начальнікаў ці прадстаўнікоў дзяржаўнай улады зьяўляліся самі па сабе злачыннымі і іх не належала выконваць. Няведаньне гэтых прадпісаньняў закону ня служыць апраўданьнем і не вызваляе вінаватых ад адказнасьці».