Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мітрапаліт Веньямін лічыць аўтакефалію ледзь ня самым страшным грахом», — багаслоў Натальля Васілевіч


Мітрапаліт Веньямін
Мітрапаліт Веньямін

Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. Сыход мітрапаліта Паўла і прызначэньне на яго месца Веньяміна мы папрасілі пракамэнтаваць багаслова Натальлю Васілевіч.

— Гэта было асабістае прашэньне мітрапаліта Паўла. І нават калі гэта рытарычная фігура, то ў сьвятле тых падзеяў, якія зараз у Беларусі адбываюцца, мітрапаліту Паўлу, як грамадзяніну РФ, было вельмі цяжка кіраваць япархіяй. Яго ў 2014 годзе прызначылі ў ціхую япархію, дзе нічога не адбываецца, дзе няма ніякіх раскольнікаў ці аўтакефаліяў. Яго прызначалі ў рай. А ён ператварыўся ў пекла. У сэнсе кіраваньня дык пэўна.

Па-другое, у апошнія тыдні ён паказаў сябе вельмі разгубленым. Ён прымаў адны рашэньні, потым карэктаваў іх, потым карэктаваў карэкцыі. Ён ня мог зарыентавацца, што рабіць, калі шмат сьвятароў супраць.

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

Сытуацыя крытычная і ў краіне, і ў царкве. Плюс над ім вісеў той фактар, што ён грамадзянін РФ, што супярэчыць дзейнаму заканадаўству Беларусі. Яго ў любы момант маглі дэпартаваць. Я не выключаю, што гэтая пагроза Лукашэнкі на мітынгу 22 жніўня, што мы прыпомнім канфэсіям, якую пазыцыю яны займалі, тычылася і мітрапаліта Паўла.

Ён у гэтым сэнсе быў зручнай мішэньню. Ён узначальваў БПЦ, таму што беларуская дзяржава талеравала яго расейскае грамадзянства. І ўзьнікла жаданьне прызначыць сьвятара, які плоць ад плоці Беларусі, чыё служэньне ўсё прайшло ў Беларусі, які больш зьвязаны і зь беларускім клірам, і зь беларускімі вернікамі.

— Гучаць меркаваньні, што мітрапаліт Веньямін — чалавек кансэрватыўных поглядаў і ў цяперашнім крызісе выразна падтрымліваў уладу, у адрозьненьне, скажам, ад Горадзенскага япіскапа Арцемія.

— У адрозьненьне ад Арцемія яго сапраўды можна назваць і кансэрватарам, і чалавекам больш памяркоўных поглядаў. Зь іншага боку, уладыка Веньямін паходзіць з чыста манаскага асяродзьдзя. Вернікі і сьвятары ведаюць яго як манаха з манастыра ў Лядах. Скажам, той жа ўладыка Арцемій быў простым сьвятаром на прыходзе ў Аляксандра-Неўскай царкве. Ён паходзіць з цэлібатных сьвятароў, а не з манаства. Гэта іншы тыпаж япіскапа.

Уладыка Веньямін фізык па адукацыі, пэўны час у БПЦ ён адказваў за адносіны з Акадэміяй навук. Ён добра разумее беларускую мову. Яму ня трэба пісаць тэксты зь перакладам.

Але ім і кіраваць лягчэй. А куды ён падзенецца зь Беларусі? Днямі было апублікаванае інтэрвію зь ім, якое было дэманстрацыяй ляяльнасьці перад прызначэньнем. Ён там заявіў, што аўтакефалія — гэта ледзь ня самы страшэнны грэх. І гэта вельмі пасуе тым настроям, якія цяпер пануюць у РПЦ у дачыненьні да мясцовых цэркваў у Беларусі, Украіне, Малдове. У РПЦ усе баяцца, што адбудзецца парад аўтакефаліяў, пасьля таго як ва Ўкраіне была ўтвораная ПЦУ. У РПЦ слова «аўтакефалія» выклікае нерацыянальную панічную рэакцыю.

— Пэўны час таму мітрапаліт Павал адклікаў сваё віншаваньне зь перамогай на выбарах Аляксандру Лукашэнку...

— Ён не адклікаў, гэта недакладная інтэрпрэтацыя. З майго досьведу камунікацыі зь ім, у яго няма цьвёрдых меркаваньняў шмат па якіх пытаньнях. Чаму ён падтрымліваў беларускую мову ў царкве? Ён пабачыў вялікую групу вернікаў, якая яго скіроўвала ў гэты бок. І ён паддаваўся.

— Ці можна сказаць, што пазыцыя Маскоўскай патрыярхіі на працягу ўсяго крызісу ў Беларусі заставалася нязьменнай? Як патрыярх Кірыл павіншаваў Лукашэнку з абраньнем, так лінія і заставалася на яго падтрымку, ажно да замены патрыяршага экзарха БПЦ на таго, якому аддаў перавагу Лукашэнка?

— Я вярнуся да сытуацыі зь мітрапалітам Паўлам. Была яго сустрэча зь вернікамі, якія ладзілі малітву ля Катэдральнага сабору. Ён туды прыйшоў, і калі яны сталі яму казаць пра катаваньні ў ізалятарах, пра тое, як ім было балюча чытаць віншаваньні Лукашэнку, ён ім сказаў, што просіць у іх прабачэньня за гэтае віншаваньне. Ён не адклікаў віншаваньне.

Маскоўскай патрыярхіі цяжка вызначыць сваю стратэгію, бо вельмі цяжка зразумець, што адбываецца ў Беларусі. Нават для многіх беларускіх аналітыкаў цяперашнія падзеі сталі нечаканасьцю. А што ўжо казаць пра нашых «старэйшых братоў»?

Я ня думаю, што яны наўпрост выконваюць загады і пажаданьні Лукашэнкі. Яны ў любым выпадку разумеюць, што цяпер падтрымка ў Лукашэнкі не такая высокая, як раней. І рабіць адназначную стаўку на яго яны ня будуць. Справа ня ў тым, што яны так ужо любяць Лукашэнку. РПЦ хоча, каб яе інтарэсы былі захаваныя і абароненыя.

Тое, што заявіў Лукашэнка ў Горадні, што справа царквы — маліцца ў сьценах цэркваў, цалкам супярэчыць таму, што прапаведуе патрыярх Кірыл падчас усяго свайго «пантыфікату» — што царкву нельга заціскаць у межы храму і малітвы, што царква мае права выказвацца ў публічнай сфэры. Лукашэнка ўвесь час дэманструе, што яму патрэбная кішэнная царква, а патрыярх Кірыл выступае супраць гэтай канцэпцыі. Ён хоча бачыць праваслаўную царкву такой жа моцнай, як Ватыкан, які можа дыктаваць сваю волю і патрабаваць ад дзяржаваў, каб яны трымаліся сваіх каштоўнасьцяў.

— Веньямін — першы патрыяршы экзарх БПЦ, беларус паводле паходжаньня і служэньня. Вы ўжо сказалі пра «кішэнную царкву». А ці ня можа тут зьявіцца аўтакефалія з самага нечаканага боку, і Лукашэнка паўторыць шлях ангельскага караля Генрыха VIII, які з палітычных меркаваньняў вывеў ангельскую царкву з падпарадкаваньня Ватыкану і ўтварыў нацыянальную царкву?

— Як Лукашэнка гэта тэхнічна можа зрабіць? Ён, зразумела, можа сабраць сабор япіскапаў. Але Веньямін шчыра выступае супраць аўтакефаліі. Я магу шмат у чым не пагаджацца зь ім, але ён прынцыповы чалавек. Ён не з пароды дыпляматаў, ён з манастыра. І ні на якую аўтакефалію ён ня пойдзе. Ён будзе падтрымліваць Лукашэнку, але не таму, што гатовы падтрымліваць любую ўладу, а зыходзячы са сваіх рэлігійных перакананьняў. Мне яго фундамэнталізм ня вельмі падабаецца, але яго пазыцыя заўсёды ясная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG