25 жніўня Павал Латушка быў дапытаны ў Сьледчым камітэце як сьведка крымінальнай справы паводле факту старэньня і дзейнасьці Кааардынацыйнай рады. Яе распачала Генэральная пракуратура.
Допыт ішоў тры з паловай гадзіны, з Латушкі ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. На пытаньне, ці не чынілі ціск, былы міністар культуры і дыплямат Павал Латушка адказаў адмоўна. Латушка ўваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады.
«Допыт прайшоў, калі можна казаць у адносінах гэтай працэсуальнай працэдуры, у дастаткова канструктыўнай форме, — адзначыў ён. — Што да дзейнасьці рады, то яна будзе працягнутая. Мы перакананыя, што нашыя прапановы не выходзяць за рамкі праўнага поля і беларускага заканадаўства».
Павал Латушка пагадзіўся, што і крымінальная справа, і выклік на допыты чальцоў прэзыдыюму — адзін з элемэнтаў дзяржаўнага прэсінгу, каб грамадзянская плятформа спыніла сваю дзейнасьць.
«Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу», — заявіў раней генэральны пракурор Аляксандар Канюк.
Згаданы артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.
Тым ня меней, як заявіў, наведаўшы Сьледчы камітэт, Павал Латушка, мэты і задачы Каардынацыйнай рады нязьменныя — паспрыяць выйсьцю з палітычнага крызісу.