Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя распрацаваў мэтадычныя рэкамэндацыі на 2020/2021 навучальны год для адукацыйных установаў па працы ва ўмовах распаўсюджваньня COVID-19. Іх апублікавала Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Рэкамэндацыі распрацавалі для ўсіх навучальных установаў Беларусі для дзяцей і дарослых, як дзяржаўных, так і прыватных. У дакумэнце апісаны комплекс захадаў, каб зьменшыць рызыку захварэць на COVID-19.
Адукацыйны працэс рэкамэндуюць арганізоўваць з улікам прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыяваньня. У прыватнасьці:
- падзяліць час пачатку і заканчэньня зьмен (навучальных заняткаў, заняткаў, перамен);
- павялічыць працягласьць перапынкаў ня менш як на 5 хвілін, каб праветрываць памяшканьні;
- максымальна разьяднаць навучэнцаў, а менавіта:
- замацаваць за кожным клясам (вучэбнай групай) канкрэтнае памяшканьне;
- рассаджваць з максымальнай дыстанцыяй;
- абмежаваць (забараніць) праводзіць лекцыйныя і аб’яднаныя групавыя заняткі або праводзіць іх з захаваньнем дыстанцыі паміж навучэнцамі ня менш як 1–1,5 м;
- па магчымасьці перайсьці з адной на дзьве зьмены.
Рэкамэндуецца таксама максымальна разьяднаць навучэнцаў пры сумесным харчаваньні, пражываньні, сьне.
Масавыя мерапрыемствы ў памяшканьнях рэкамэндуюць абмежаваць (пераважна праводзіць іх на адкрытым паветры) або мінімізаваць колькасьць удзельнікаў і захоўваць паміж імі бясьпечную дыстанцыю.
Прапануюць абмежаваць правядзеньне бацькоўскіх сходаў і асабістых сустрэч выкладчыкаў з бацькамі навучэнцаў. Замест гэтага бацькам прапануюць камунікаваць з пэдагогамі праз тэлефоны, электронную пошту і інш. Тое самае тычыцца і працоўных нарадаў выкладчыкаў — іх лепш праводзіць у фармаце відэаканфэрэнцый.
Пэдагагічным работнікам рэкамэндуюць абмежаваць камандзіроўкі, у тым ліку ў краіны зь неспрыяльнай сытуацыяй па COVID-19.
Штодня перад пачаткам працы адукацыйнай установы ў яе работнікаў будуць мераць тэмпэратуру цела (пераважна бескантактнымі тэрмомэтрамі), апытваць, ці ёсьць у іх сымптомы рэсьпіраторных захворваньняў. Навучэнцаў i работнiкаў з кашлем, насмаркам, падвышанай тэмпэратурай цела і і іншымі прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі не дапусьцяць да вучобы або працы.
Увесь сьпіс рэкамэндацый можна паглядзець у дакумэнце.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ