Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футболу папярэдзіла гульцоў, каб не выкарыстоўвалі «палітычныя жэсты» і сымбалі


Беларуская фэдэрацыя футболу разаслала кіраўнікам футбольных клюбаў ліст, у якім папярэдзіла: футбол не павінен выкарыстоўвацца «як пляцоўка для палітычнай прапаганды», піша Tut.by.

У лісьце за подпісам генэральнага сакратара фэдэрацыі Сяргея Жардзецкага адзначаецца, што футбол як алімпійскі від спорту «павінен заставацца нэўтральным ў палітычных, рэлігійных, этнічных, расавых і іншых пытаньнях».

«На матчах, якія адбыліся ў пэрыяд з 21 па 23 жніўня, мелі месца выпадкі выкарыстаньня гульцамі жэстаў, прадметаў адзеньня, надпісаў на экіпіроўцы, зьвязаных з адкрытай праявай сваіх палітычных перавагаў. У дадзеных выпадках футбол выкарыстоўваўся ня толькі як сродак для дасягненьня спартыўнага выніку, але і як пляцоўка для палітычнай прапаганды», — заяўляе Жардзецкі ад імя фэдэрацыі.

Пэўная сымболіка, лёзунгі, жэсты, ўпрыгажэньні і прадметы адзеньня ў цяперашні час актыўна ўжываюцца ў мэтах палітычнай рэклямы і ідэнтыфікацыі палітычных поглядаў, працягвае спартовы функцыянэр.

«Нагадваем, што футбольныя матчы і зьвязаныя зь імі цырыманіяльныя мерапрыемствы павінны заставацца свабоднымі ад праяваў палітычных перавагаў з боку гульцоў і афіцыйных асобаў — трэнэраў, судзьдзяў, інспэктараў ды іншых», — падсумоўвае Жардзецкі.

23 жніўня гульцы каманды «Крумкачы» выйшлі на матч першай лігі супраць «Хіміка» у майках з прынтам: «Мы — з народам!»

Раней футбалісты клюбаў вышэйшай лігі запусьцілі флэшмоб, пачаўшы сьвяткаваць галы паднятым уверх кулаком і знакам V — вікторыя. На рашэньне фэдэрацыі матчы праходзяць без гледачоў.

Доступ на трыбуны быў спынены пасьля таго, як на матчы ў Салігорску заўзятары 90 хвілін скандавалі «Жыве Беларусь!» на знак пратэсту супраць сарванай уладамі сустрэчы кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай з выбарнікамі.

6 жніўня, яшчэ перад асноўным днём галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі, Беларуская фэдэрацыя футболу апублікавала прамову кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з пасланьня да народа з хэштэгам # БеларусьОднаНеОтдадим.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG