Ціханоўская абмеркавала палітычны крызіс у Беларусі з намесьнікам дзяржсакратара ЗША
Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала палітычны крызіс у Беларусі з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Біганам.
Яна выказала гатоўнасьць вырашыць крызіс праз дыялёг аб мірнай перадачы ўлады, у тым ліку з пасярэдніцтвам міжнародных арганізацый, пры гэтым заклікала ўсе краіны паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. «Толькі народ Беларусі будзе вырашаць сваю будучыню на новых справядлівых і свабодных выбарах», — сказала яна.
Ціханоўская нагадала пра патрэбу «бесстароньняга расьсьледаваньня злачынстваў, учыненых уладамі Беларусі супраць свайго народу».
Сустрэча Ціханоўскай і Бігана адбылася ў Вільні. Пасьля гэтага Біган ляціць у Маскву.
Раўкоў спытаў у беларусаў, якім падабаюцца акцыі салідарнасьці за мяжой, чаму яны не зьяжджаюць
«Не перастаю дзівіцца той пажадлівасьці, зь якой некаторыя «нязгодныя і пратэстоўцы« захапляюцца ў телеграм-каналах з нагоды разнабойнага маханьня сьцяжкамі ў Літве, Польшчы, нават ЗША, Канадзе ў падтрымку пратэстаў у Беларусі», – напісаў дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў у сваім Фэйсбуку.
Паводле дзяржсакратара, нават калі тыя, хто махае сьцягамі – беларусы, то «ўжо даўным-даўно тут не жывуць, нічога не зрабілі для сёньняшняй краіны, а ўвесь іх настальгічны «патрыятызм« раптам успыхвае, калі папросяць».
«У сувязі з гэтым пытаньне да тых, хто так замілаваны замежнымі падскокваньнем: вы чаму там не жывяце, вызваліўшы тут кожны сваё працоўнае месца, месца вашых дзяцей у садку, паменшыўшы нагрузку на настаўнікаў у школе, конкурс у ВНУ і чарга да ўрача? Цяпер на мяне закрычаць: «Гэта наша зямля, родная і непаўторная, мы нікуды не павінны ехаць!« – і гэта правільна, наша. Тады і абапірайцеся на яе, а не на імпартныя эмоцыі». Цалкам чытайце тут.
Праваабаронцы: у Беларусі аднавілася хваля рэпрэсіяў супраць актывістаў
24 жніўня затрыманьні палітыкаў і актывістаў адбываліся па ўсёй Беларусі.
- Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Менску затрымалі сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага, а таксама старшыню страйкаму МЗКЦ Аляксандра Лаўрыновіча.
- Чатыром супрацоўнікам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўручылі позвы ў РУУС, але нібыта ў якасьці сьведак. Усе былі на акцыі салідарнасьці 20 жніўня ля філярмоніі.
- У Салігорску затрымалі сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна.
- У Магілёве затрымалі Аляксандра Папкова, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Гэта здарылася, калі ён выйшаў на адзіночны пікет зь бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным сьцягамі.
- У Нароўлі схапілі актывіста Мікалая Віткоўскага, якому раней прысудзілі тры дні арышту.
- У Глыбокім і Верхнядзьвінску склалі пратаколы на ўдзельнікаў мірных акцыяў, у тым ліку затрымалі да суду Яраслава Берніковіча і выклікалі ў міліцыю Людмілу Барэйку.
- У Горадні мелі судзіць за «непадпарадкаваньне» Дзьмітрыя Ціта, давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак суд перанесьлі на 1 верасьня.
Гамельчукі падалі калектыўную скаргу ў Сьледчы камітэт на міліцэйскі гвалт
840 жыхароў Гомля падпісаліся пад зваротам у гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць міліцыі.
Заяўнікі патрабуюць ад сьледчых распачаць крымінальную справу паводле артыкулу 128 КК — злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва.
Пад будынкам камітэту сабраліся жыхары гораду, якія трымалі плякаты з Аляксандрам Віхорам, які памёр пасьля затрыманьня міліцыяй.
Токар МТЗ, які страйкаваў з 14 жніўня, мусіў уцячы ў Польшчу ад перасьледу
Рабочы МТЗ Эдуард Сьвянцецкі зьехаў зь Беларусі і праз Украіну дабраўся да Польшчы, дзе зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку. Пра гэта Свабодзе паведаміла дачка Эдуарда Сьвянцецкага Паліна, якая жыве ў Варшаве.
«На тату пачалося сапраўдае паляваньне, ён заўважыў за сабой безупыннае сачэньне людзей у цывільным. Дайшло да таго, што „стучаць“ на яго прымусілі мясцовага жыхара, якому даручылі сачыць і паведамляць, з кім тата сустракаецца, дзе бывае. Потым пайшлі пагрозы, што ня проста звольняць за ўдзел у страйку, але і пасадзяць. Днямі тата зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну, а адтуль перабраўся ў Польшчу», — паведаміла дачка рабочага МТЗ.
Эдуард Сьвянцецкі 14 жніўня ён далучыўся да страйку, які рабочыя прадпрыемства пачалі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Ён быў сярод тых, хто першым выйшаў з прахадной заводу і расказаў журналістам пра страйк і патрабаваньні рабочых.
У Гомлі на суткі асудзілі журналіста Яўгена Меркіса
У Гомлі на суткі асудзілі журналіста Яўгена Меркіса. Яго затрымалі 21 жніўня, выходныя ён правёў у ізалятары. Міліцыя абвінаваціла журналіста ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — актыўным удзеле ў пікеце.
«21 жніўня я быў у цэнтры гораду, там праходзілі розныя мерапрыемствы. Я ня бачыў прычын, што мне нельга знаходзіцца ў цэнтры гораду. Мяркую, што каб было нешта несанкцыянаванае, то пра гэта б напісалі і папярэдзілі — на сайце гарвыканкаму ці міліцыі», — патлумачыў журналіст.
«Што вы там рабілі?», — удакладніў судзьдзя. «Я размаўляў з людзьмі», — патлумачыў Меркіс. Судзьдзя пастанавіў пакараць журналіста па артыкуле 23.34 КаАП арыштам на 5 сутак. Падрабязнасьці тут.
Лукашэнка і Пуцін зноў стэлефанаваліся, «працягнулі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі»
Як піша БелТА, Лукашэнка і Пуцін 24 жніўня «абмеркавалі сытуацыю ўнутры нашай краіны і на зьнешнім контуры, асабліва на заходнім напрамку». Гэта ўжо пятая тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наконт сытуацыі ў Беларусі.
У паведамленьні прэс-службы Крамлю гаворыцца, што Лукашэнка і Пуцін «працягнулі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі», і Лукашэнка «праінфармаваў» Пуціна пра «захады, што прымаюцца ў мэтах нармалізацыі абстаноўкі ў краіне», і «закраналася тэматыка двухбаковай супрацы ў процідзеяньні каранавіруснай інфэкцыі». З чыёй ініцыятывы адбылася размова, не ўдакладняецца.
Фэдэрацыя футболу папярэдзіла гульцоў, каб не выкарыстоўвалі «палітычныя жэсты» і сымбалі
Беларуская фэдэрацыя футболу разаслала кіраўнікам футбольных клюбаў ліст, у якім папярэдзіла: футбол не павінен выкарыстоўвацца «як пляцоўка для палітычнай прапаганды», піша Tut.by. У лісьце за подпісам генэральнага сакратара фэдэрацыі Сяргея Жардзецкага адзначаецца, што футбол як алімпійскі від спорту «павінен заставацца нэўтральным ў палітычных, рэлігійных, этнічных, расавых і іншых пытаньнях».
«На матчах, якія адбыліся ў пэрыяд з 21 па 23 жніўня, мелі месца выпадкі выкарыстаньня гульцамі жэстаў, прадметаў адзеньня, надпісаў на экіпіроўцы, зьвязаных з адкрытай праявай сваіх палітычных перавагаў. У дадзеных выпадках футбол выкарыстоўваўся ня толькі як сродак для дасягненьня спартыўнага выніку, але і як пляцоўка для палітычнай прапаганды», — заяўляе Жардзецкі ад імя фэдэрацыі. Цалкам чытайце па спасылцы.
Горадня: плошчу, дзе зьбіраюцца пратэстоўцы, агароджваюць турнікетамі
На Савецкай плошчы ў Горадні, дзе цяпер штовечар зьбіраюцца пратэстоўцы, на палац тэкстыльшчыкаў павесілі вялікі дзяржаўны сьцяг, побач паставілі кальцо для баскетболу. Тэрыторыю вакол месца мерапрыемства агарадзілі. Увечары тут плянуецца акцыя «Запішы дзіця ў спартовую сэкцыю».
Усю Савецкую плошчу агароджваюць турнікетамі. Да таго ж, паставілі турнікеты вакол плошчы Леніна.
На гамельчука, які замяніў чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы на плошчы Леніна, завялі крымінальную справу
Як піша Міністэрства ўнутраных спраў, затрыманы – 23-гадовы беспрацоўны гамяльчук, якога раней нібыта прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіваньне алькаголю ў неналежным месцы.
Паводле МУС, здарэньне адбылося 16 жніўня падчас чарговага пратэсту, калі да флагштоку на плошчы Леніна падышлі некалькі чалавек. Адзін зь іх апусьціў сьцяг уніз, а другі зьняў яго, скамячыў, павесіў на агароджу і замяніў на бел-чырвона-белы сьцяг. Ён нібыта патлумачыў сілавікам, што ўчынак быў «балаўством», не зьвязаным з палітычнай і грамадзянскай пазыцыяй.
Справу завялі паводле крымінальнага артыкулу за «зьнявагу дзяржаўнай сымболікі» (арт. 370). Артыкул прадугледжвае пакараньні ад штрафу, арышту ці грамадзкіх работ да абмежаваньня волі на год.
Міністэрства фінансаў РФ прапануе абмежаваць дзяржкрэдыты для Беларусі, Армэніі, Вэнэсуэлы і Кубы, — РБК
Міністэрства фінансаў Расеі падрыхтавала правілы, якімі, у выпадку зацьвярджэньня, будзе кіравацца РФ пры выдачы дзяржаўных крэдытаў іншым краінам, паведамляе агенцтва РБК.
Паводле РБК, калі правілы прадастаўленьня дзяржкрэдытаў будуць зацьверджаныя ў тым выглядзе, што прапануе расейскае Міністэрства фінансаў, некалькі традыцыйных даўжнікоў Расеі, у тым ліку Беларусь, больш ня змогуць працягваць запазычваць у яе грошы па агульных правілах. Падрабязнасьці па спасылцы.
Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе аб закліках да «захопу ўлады»
Нобэлеўскую ляўрэатку, пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч выклікалі 26 жніўня на 14:00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, якая нібыта заклікала да захопу ўлады, паведаміла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.
Сьвятлана Алексіевіч уваходзіць у лік сямі ўдзельнікаў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Як распавяла Марыя Калесьнікава, праз стан здароўя яна ня можа ўдзельнічаць непасрэдна ў працы прэзыдыюму, але знаходзіцца на пастаяннай сувязі.
Раней у гэтай справе дапыталі іншых сяброў прэзыдыюму Рады Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага. На 15 гадзін 24 жніўня на допыт выклікана Лілія Ўласава. На 25 жніўня ў Сьледчы камітэт выклікалі экс-дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку.
Ігар Ляшчэня, які асудзіў катаваньні мірных пратэстоўцаў, вызвалены ад пасады амбасадара Беларусі ў Славаччыне
На мінулым тыдні ён выступіў з асуджэньнем катаваньняў пратэстоўцаў і падаў у адстаўку. Сёньня Лукашэнка звольніў яго з пасады
Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА. Ігар Ляшчэня на мінулым тыдні выступіў з публічным зваротам, у якім асудзіў гвалт і катаваньні мірных людзей у Беларусі падчас пратэстаў. 18 жніўня ён падаў у адстаўку з пасады кіраўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Браціславе. Цяпер яго адстаўка была прынятая.
Чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, затрыманых раніцай на МТЗ, ня могуць знайсьці
Дасюль не зразумелая сытуацыя зь месцазнаходжаньнем Сяргея Дылеўскага і Вольгі Кавальковай, затрыманых раніцай на прахадной МТЗ, паведамляе Тэлеграм-канал «Страна для жизни».
У Партызанскім РУУС не пацьвярджаюць, што затрыманыя ў іх, хоць спачатку адвакату Вольгі Кавальковай нібыта казалі, што яна там. Цяпер у РУУС сказалі, што Кавалькова і Дылеўскі ў судзе Заводзкага раёну Менску. У судзе таксама не пацьвердзілі знаходжаньне ў іх затрыманых і сказалі, што ня ведаюць, дзе яны. Па тэлефоне 102 сказалі, што затрыманы Сяргей Дылеўскі ў ІЧУ Акрэсьціна, але на Акрэсьціна гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.
Чаму ня варта ўзаемадзейнічаць з узброеным амапаўцам. Тлумачыць псыхоляг, які працуе з агрэсарамі
У чым прычыны жорсткасьці супрацоўнікаў АМАПу да затрыманых? Запыталася ў псыхоляга Рамана Кручкова, які прафэсійна працуе з агрэсарамі ў карэкцыйных групах.
Сьцісла
- Людзі ва ўмовах вакуўму маральных межаў, адсутнасьці заканадаўчай рэакцыі, грамадзкага кантролю могуць ісьці далей і далей, і такія дзеяньні могуць прыводзіць да сумных і трагічных наступстваў.
- Практыка сьведчыць, што людзі, якія ўжываюць празьмерны гвалт або жорстка абыходзяцца са сваімі блізкімі, разумеюць, што яны робяць. У пераважнай большасьці яны псыхічна здаровыя.
- Калі чалавек выходзіць «зараджаным» на выкананьне загаду, то трэба ўсьведамляць, што ён разумее, што робіць, і абсалютна дакладна ня варта ўзаемадзейнічаць зь ім, дакранацца рукамі. І гэта пытаньне не «правакаваньня», а бясьпекі.
Ціск на Алексіевіч можа дорага абысьціся Лукашэнку, — аглядальнік Свабоды
Некаторыя апошнія крокі паліттэхнолягаў Аляксандра Лукашэнкі, якія мелі на мэце падвысіць ягоны рэйтынг, прывялі да супрацьлеглага — так, выхад з вэрталёту з «калашнікавым» без ражка з патронамі, выклікаў пачуцьці няёмкасьці ў ягоных маскоўскіх прыхільнікаў і трывогу — у заходніх палітыкаў, мяркуе аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Аднак сёньняшняя навіна можа быць гэткім жа моцным ударам па іміджу Лукашэнкі на міжнародным узроўні, як і факты катаваньняў людзей на Акрэсьціна.
У Сьледчы камітэт выклікана Сьвятлана Алексіевіч у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, у склад якой пісьменьніца ўваходзіць.
Звольнілі супрацоўніка МЗС, які выйшаў на пікет, каб выказаць сваю пазыцыю наконт сытуацыі ў Беларусі
Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачонка, які выйшаў тыдзень таму на пікет, звольнілі са зьнешнепалітычнага ведамства. Ён распавёў Tut.by, што звольнілі яго па артыкуле 42 Працоўнага кодэксу «у сувязі з грубым парушэньнем сваіх працоўных абавязкаў».
Як стала вядома TUT.BY ад сваіх крыніц, намесьнік начальніка ўпраўленьня Эўразійскай інтэграцыі Алена Копанева, якая выйшла падтрымаць Казачонка на пікеце, таксама больш не працуе ў МЗС.
Вячаслаў Казачонак 17 жніўня выйшаў на адзіночны пікет на прыступкі будынку МЗС, да яго далучылася Алена Копанева. Пікетам зь белымі пустымі лістамі ў руках супрацоўнікі МЗС хацелі «выказаць сваю прынцыповую пазыцыю» па сытуацыі ў Беларусі.
БСПД заклікала распусьціць Менскі гарсавет і ўвесьці мараторый на гвалт
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ліст у Менгарвыканкам і Менскі гарсавет дэпутатаў з патрабаваньнямі спыніць эскаляцыю канфлікту і пачаць дыялёг дзеля кансалідацыі грамадзтва. У сувязі з палітычным крызісам, выкліканым адсутнасьцю свабодных і справядлівых выбараў, БСДП патрабуе прыняць наступныя захады:
- Увесьці паведамляльны прынцып пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі Менску, у тым ліку на цэнтральных плошчах.
- Забясьпечыць доступ прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да мясцовых дзяржаўных СМІ (газэты, радыё, тэлебачаньне) і грамадзка-палітычных перадач.
- Распусьціць Менскі Савет дэпутатаў і правесьці новыя свабодныя і справядлівыя выбары.
- Ініцыяваць стварэньне камісіі расьсьледаваньня ўсіх фактаў выяўленых фальсыфікацыяў падчас прэзыдэнцкіх выбараў з прадстаўнікоў мясцовай улады і праваабарончых арганізацыяў.
- Расьсьледаваць факты непрапарцыйнага ўжываньня сілы пры разгоне мірных дэманстрантаў, ужываньня траўматычнай і агняпальнай зброі, сьлезацечнага газу і вадамётаў, сьвятлашумавых гранат, зьбіцьця і катаваньняў пратэстоўцаў пасьля затрыманьня, забойстваў.
Менск: на плошчы Незалежнасьці пачаліся затрыманьні
Увечары 24 жніўня на плошчы Незалежнасьці ля Дому ўраду ў Менску сталі зноў зьбірацца пратэстоўцы. Некаторыя прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Людзі размаўляюць, скандуюць «Жыве Беларусь!», «Свабоду!», выступаюць па чарзе ў фармаце «вольнага мікрафона», сьпяваюць.
Адразу пасьля пачатку збору некалькі чалавек затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Мітынг працягваецца, людзі ў цывільным вядуць відэаздымку, міліцыя пакуль ня ўмешваецца ў тое, што адбываецца.
Пазьней затрыманьні на плошчы Незалежнасьці працягнуліся. Пасьля 21-ай гадзіны стала вядома, што там затрымалі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, а каля 22-ой гадзіны па дарозе з плошчы затрымалі таксама сьвятара не зарэгістраванай у Менску Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча.
На плошчы Незалежнасьці сёньня таксама затрымалі непаўлетняга актывіста «Маладога фронту» Іларыёна Трусава. Верагодна яго адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У 23.40 праваабаронцы паведамілі, што Іларыён Трусаў і Леанід Акаловіч на волі. Таксама ў Магілёве вызвалілі актывіста «Народнай грамады» Аляксея Барысава.
У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці
24 жніўня ў Жабінцы пахавалі 44-гадовага берасьцейца Генадзя Шутава, які памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску. Ён быў паранены ў галаву падчас зачысткі Берасьця пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця. Цалкам чытайце па спасылцы.