Колькасьць удзельнікаў у мітынгу за Лукашэнку і «Маршы новай Беларусі» паводле МУС
Калі Беларусь ня выйдзе з палітычнага крызісу, Фінляндыя гатовая замяніць менскую частку хакейнага чэмпіянату сьвету
Фінляндыя разглядае магчымасьць прыняць у сябе чэмпіянат сьвету 2021 году, спасылаецца «Прессболл» на прэзыдэнта Фінскай хакейнай асацыяцыі Хары Нумеля.
Акрамя таго, прэм’ер-міністар Латвіі Крыш’яніс Карыньш заявіў пра намер пачаць перамовы зь Міжнароднай фэдэрацыяй хакея аб правядзеньні першынства сумесна не зь Беларусьсю, а з «альтэрнатыўнай» краінай.
Паводле латыскага боку, калі палітычны крызіс у Беларусі захаваецца, будзе падтрымана ідэя пераносу спаборніцтваў у іншае месца. Чэмпіянат сьвету заплянаваны ў Рызе і Менску з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 году.
Яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады выклікалі на допыт па справе аб «захопе ўлады»
Сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Лілія Ўласава выкліканая на допыт у Сьледчы камітэт.
«Ужо трэці сябра Прэзыдыюма Рады Лілія Ўласава выкліканая сёньня ў 15:00 у Сьледчы камітэт», — паведаміў «Інтэрфаксу» у панядзелак іншы прадстаўнік гэтага органа Павал Латушка.
Паводле «Інтэрфаксу», што Ўласава выкліканая ў якасьці сведкі па справе аб закліках да захопу ўлады, заведзенай Генэральнай пракуратурай.
Лукашэнка загадаў звальняць настаўнікаў, якія «перамятнуліся» у іншы лягер
Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку. Запатрабаваў абараніць настаўнікаў у школах ад нападак і звольніць тых, хто «здрадзіў».
«Абараніце настаўнікаў ад усялякіх нападак. Мы гэта ўжо пачалі рабіць. Робім вельмі актыўна і вельмі жорстка перарываем ўсялякія наезды, накаты на настаўнікаў, лекараў», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама загадаў не цырымоніцца з тымі настаўнікамі, якія раптам «перафарбаваліся», цытуе яго БелТА.
«Калі хтосьці перакінуўся ў іншы лягер, нам таксама трэба зь імі разабрацца. — У Беларусі дзяржаўная адукацыя, дзяржаўныя школы, дзяржаўная ідэалёгія. Хто хоча кіраваццца гэтым прынцыпам — калі ласка, ідзіце выкладаць, вучыце, працуйце. Хто ня хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны. Гэта трэба казаць адкрыта і сумленна», — заявіў Лукашэнка.
Беларусь парушыла паветраную прастору Літвы, перасьледуючы балёнікі
24 жніўня літоўскі МЗС уручыў амбасадару Беларусі ноту пратэсту супраць парушэньня дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе МЗС краіны.
У МЗС Літвы паведамілі, што беларускі верталёт Мі-24 23 жніўня ў 18.50 перасек літоўскую дзяржаўную мяжу ў раёне вёскі Мядзінінкай. У ноце Менск заклікаюць да тлумачэньня і недапушчэньня падобных парушэньняў.
Крыху раней Мінабароны Беларусі заяўляла, што зь літўскага боку ў Беларусь былі запушчаныя паветраныя балёнікі з «антыдзяржаўнай сымболікай», якія былі «спыненыя з дапамогай верталётаў».
Што за зброя была ў Мікалая Лукашэнкі і ці можа яе насіць падлетак
23 жніўня пасьля маштабных акцый пратэсту ў Менску ў Палац Незалежнасьці прыляцеў на верталёце Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Абодва былі ў бронекамізэльках і са зброяй у руках. Што гэта была за зброя?
«Апазнаньня цела Мікіты Крыўцова ня будзе», — адвакат
Небходнасьць у апазнаньні цела Мікіты Крыўцова сваякамі адсутнічае ў сувязі з тым, што ягоная асоба ўстаноўлена. Гэтак, паводле адваката Віктара Мацкевіча, паведамілі яму ў Партызанскім раённым аддзеле Сьледчага камітэту. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было. 23 жніўня знайшлося відэа, на якім Мікіта Крыўцоў стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам на плошчы ў Маладэчне. Відэа зьнялі ўвечары 9 жніўня.
Аўстрыя. Каля амбасады Беларусі ў Вене прайшла акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю
На месца Караніка Лукашэнка прыўначыў ягонага намесьніка Піневіча. Хто гэта?
Выканаўцам абавязкаў міністра аховы здароўя прызначылі 52-гадовага Дзьмітрыя Піневіча, піша БелТА. Да таго ён быў першым намесьнікам міністра.
Пачынаў кар’еру хірургам у менскай паліклініцы, стаў у 1999 годзе галоўным доктарам 6-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску, пасьля з 2002 да 2011 быў старшынём камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму, урэшце 9 гадоў быў на пасадзе першага намесьніка міністра здароўя. Таксама зьяўляецца старшынём мэдычнай і антыдопінгавай камісіі Нацыянальнага алімпійскага камітэту.
Былога міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка Лукашэнка паставіў кіраваць Горадзенскім аблвыканкамам.
Вядомы расейскі панк-гурт «Элизиум» апублікаваў кліп на песьню «Жыве Беларусь». Куплеты песьні на расейскай мове, а прыпеў — па-беларуску
Ля МТЗ затрымалі двух сябраў Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага
Сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной МТЗ супрацоўнікі АМАПу і зьмясцілі ў аўтазак.
Пра гэта Свабодзе паведаміў паплечнік Кавальковай Дзяніс Садоўскі.
Сёньня а 13-й заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя Каардынацыйнай Рады.
Мінабароны спыніла парушальнікаў паветранай прасторы Беларусі. Імі былі паветраныя балёнікі
Міністэрства абароны Беларусі спыніла парушальнікаў паветранай прасторы Беларусі. Імі былі паветраныя балёнікі. Рыхтуецца афіцыйная нота.
«23 жніўня прыблізна а 19:30 дзяжурнымі сіламі ВПС і войскаў СПА была спыненая правакацыя з боку Літоўскай Рэспублікі», паведамляе Мінабароны Беларусі. Над Ашмянскім раёнам «з сумежнай тэрыторыі быў запушчаны зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сымболікай».
З дапамогай верталётаў парушальнікі былі спыненыя. Зброя не ўжывалася. Рыхтуецца нота.
МУС: У Менску мітынгавала каля 20 тысяч
Прэс-сакратарка МУС Беларусі ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што максымальная колькасьць удзельнік мітынгу ў Менску склала каля 20 тысяч чалавек. У Берасьці і Горадні — ня больш за тры тысячы чалавек.
«Усяго за мінулыя суткі за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах складзена 79 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях», — інфармуе прэс-служба МУС.
Ведамства нагадала, што за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць
У Жабінцы хаваюць Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту
У Жабінцы хаваюць Генадзя Шутава — трэцюю ахвяру гвалту сілавікоў падчас акцый пратэстаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця. 19 жніўня Шутаў памёр у вайсковым шпіталі ў Менску. Цела нябожчыка доўгі час не аддавалі сямʼі.
Зяленскі прысвоіў Міхалку званьне «Заслужаны артыст Украіны»
Беларускі музыка лідэр гуртоў BRUTTO, «Ляпіс-98» (у мінулым «Ляпіс Трубяцкі») і Drezden Сяргей Міхалок атрымаў званьне заслужанага артыста Ўкраіны.
Аб уручэньні ўзнагароды абвясьціў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі на Сафійскай плошчы ў Кіеве на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці і ўручыў яе музыку асабіста.
Гэты партрэт Лукашэнкі зроблены з фота людзей, зьбітых і скалечаных сілавікамі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Каляж зрабіла беларуска з Італіі, яго паказалі на акцыі салідарнасьці ў Міляне: «Гэта адказ на тое, што 60% фота пра зьбіцьцё нібыта зьяўляюцца пастаноўкай».
Былая прэзыдэнтка Літвы: «Лукашэнку трэба палітычна і дыпляматычна ізаляваць»
Сьвет больш ня можа весьці двайную гульню з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, яго трэба палітычна і дыпляматычна ізаляваць, сказала экс-прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.
«Гэты рэжым павінен быць ізаляваны палітычна і дыпляматычна, у дачыненьні да прадстаўнікоў Беларусі (не народу) павінны ўжывацца ня толькі палітычныя, але і эканамічныя санкцыі», — цытуе словы Грыбаўскайце Delfi.
«Гэты рэжым павінен ведаць, як яго ацэньвае сьвет. Хопіць гуляць і сядзець на двух крэслах, як збольшага рабіў Захад і мы: як быццам нешта бачым, чагосьці ня бачым, бо эканамічныя сувязі важныя», — сказала экс-прэзыдэнтка.
«Як у кіно пра канцлягер». Чатыры гісторыі пра тое, як білі і катавалі ў Віцебску
Мы пагутарылі зь віцяблянамі, якіх затрымлівалі 9 жніўня — перад выбарчым участкам, падчас шпацыру, у цэнтры гораду, каля дому. Іх зьбівалі і трымалі за кратамі. Яны расказалі пра фізычны боль і маральны ціск. Пра стаўленьне як да злачынцаў. Хоць закону яны не парушалі. Парушаліся іх правы.
Актор Алег Басілашвілі: Падтрымліваю маіх беларускіх пабрацімаў
Народны артыст СССР, актор Алег Басілашвілі выступіў з падтрымкай калектыву Купалаўскага тэатру.
«Падтрымліваю маіх беларускіх тэатральных пабрацімаў, а таксама мастацкага кіраўніка тэатра імя Янкі Купалы, рэжысэра Мікалая Пінігіна. Мы шмат працавалі зь ім на сцэне БДТ.
Без жаху немагчыма глядзець на зьдзекі ўладаў над мірным народам. У любога нармальнага чалавека сэрца абліваецца крывёй, калі ён глядзіць на пакуты людзей, якія адважыліся ажыцьцявіць сваё канстытуцыйнае права — выказаць сваю думку».
АБСЭ зноў прапанавала ўладам Беларусі пасярэдніцтва
У лісьце да Аляксандра Лукашэнкі дзейны кіраўнік арганізацыі, прэмʼер Альбаніі Эдзі Рама і яго пераемніца, кіраўнік МЗС Швэцыі Ан Ліндэ заявілі, што АБСЭ «пільна і з занепакоенасьцю» сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Яны адзначылі, што гатовыя прыехаць у краіну, каб выслухаць думкі пра цяперашнюю сытуацыю і абмеркаваць надзённыя выклікі. Першы раз Рама і Ліндэ прапанавалі супрацоўніцтва яшчэ 17 жніўня, але тая прапанова не была прынятая.