У нядзелю мерапрыемствы ў гонар гадавіны Балтыйскага шляху праходзяць пад знакам салідарнасьці з народам Беларусі, паведаміла дырэктар арганізацыі «Латвійскі грамадзянскі альянс» Крысьціна Зонбэрга. Пра гэта са спасылкай на агенцтва LETA інфармуе партал DELFI.
Дэманстрацыя ў Менску. Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў
Пасьля шэсьця ўздоўж беларускай мяжы Мейкшані-Піедруя галоўнае мерапрыемства акцыі адбудзецца ў 12.00 у пасёлку Піедруя Краславскага краю, які аддзяляе ад беларускай Друі толькі Даўгава. Удзельнікі мерапрыемства стануць у сымбалічны ланцуг і падымуць гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі, які пранесьлі падчас шэсьця амаль 70 кілямэтраў.
Арганізатары акцыі заклікаюць у 12.00 людзей і ў іншых рэгіёнах Латвіі стаць у сымбалічны ланцуг на знак падтрымкі народу Беларусі. У Рызе такі ланцуг выбудуецца ад помніка Свабоды да музэю Народнага фронту Латвіі.
Зонбэрга нагадала, наколькі важная была такая падтрымка для народу Латвіі падчас барацьбы за незалежнасьць і заклікала падтрымаць беларусаў.
Удзельнікаў акцыі заклікаюць здымаць фота і відэа і разьмяшчаць у сацыяльных сетках пад хэштэгам міжнароднай акцыі #FreedomWay.
Пасьля сымбалічных акцый у Латвіі частка ўдзельнікаў працягне шлях у сталіцу Літвы Вільню, каб далучыцца да найбуйнейшай у Балтыі акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю і стаць у чалавечы ланцуг ад Вільні да беларускай мяжы.