Падлетак расказаў, як у Пінску міліцыянты зламалі яму руку, не дапускалі маці і ня выклікалі хуткую
Толькі праз гадзіну пасьля затрыманьня хлопцу выклікалі хуткую. Да таго моманту ён ужо ня мог самастойна дайсьці да аўтамабіля, траціў прытомнасьць. У лякарні Дзяніс праляжаў 12 дзён. Выявілі закрыты пералом са зрушэньнем. Давялося рабіць апэрацыю. Цяпер у плячы сьпіцы. Правая рука абязрушаная, а праз тыдзень у школу.
У Менску пачаўся «Марш новай Беларусі»
А 14 гадзіне каля Дому ўраду ў Менску заплянаваны пачатак чарговай акцыі прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, якія выступаюць за спыненьне гвалту сілавікоў, вызваленьне палітвязьняў і новыя прэзыдэнцкія выбары. Акцыя атрымала назву «Марш новай Беларусі». Свабода вядзе жывы відэарэпартаж з падзеі.
9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, людзі абурыліся іх вынікамі, нядопускам назіральнікаў і гвалтоўным разгонам дэманстрантаў. З 9 па 12 жніўня супраць людзей ужывалі гумавыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты і сьлезацечны газ. Паводле афіцыйных зьвестак, тры чалавекі загінулі, сотні параненыя, затрыманыя 7000 чалавек, многія зь іх заявілі пра міліцэйскі гвалт і катаваньні. Акцыі пратэсту праходзяць у Менску ды іншых гарадах вось ужо другі тыдзень штодня.
Хрэнін: «Вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй»
Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў , што «ня можа спакойна глядзець», як акцыі пратэсту праходзяць каля мэмарыялаў і помнікаў Другой сусьветнай вайны «пад сьцягамі, пад якімі фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы». Ён прыгразіў, што ў выпадку «парушэньня парадку і спакою ў гэтых месцах вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй». Заяву ён рабіў каля стэлы ў Менску, дзе 16 жніўня звыш 200 тысяч чалавек сабраліся на пратэсты пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Пры якія сьцягі ён казаў, Хрэнін не ўдакладніў, але дзяржаўная прапаганда звычайна зьвязвае з нацыстамі бел-чырвона-белы сьцяг — акупацыйныя ўлады дазвалялі выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі калябарантам у Беларусі, Расеі 🇷🇺, Украіне🇺🇦, Францыі 🇨🇵 і на іншых акупаваных тэрыторыях
Людзі зьбіраюцца на марш у Менску. Фота — каля вуліцы Аранскай
У Магілёве міліцыя выціскае людзей з плошчы перад аблвыканкамам
У Магілёве марш «За новую Беларусь» пачаўся з спробы затрымаць аднаго зь лідэраў пратэставых акцыяў Валадара Цурпанава.
Ён зьявіўся на плошчы Леніна перад аблвыканкамам першым і разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Да яго падышлі двое міліцыянтаў. Потым зьявіўся трэці ў цывільным.
З словаў актывіста, яму прапанавалі сысьці з плошчы, бо аблвыканкам — «рэжымны абʼект». Сказалі, што ён парушае парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Цяпер пратэстоўцы бароняць аднадумцу.
На плошчы з паўсотні чалавек. Міліцыянты выціскаюць людзей з плошчы. Пратэстоўцы скандуюць «Сыходзь!», «Ганьба!».
Акцыя ў Гомлі
Гомель. Удзельнікі акцыі салідарнасьці стаялі ля ўнівэрмагу «Гомель» разам з прыхільнікамі ўлады. Паміж шэрагаў хадзіла міліцыя і папярэджвала, што «дзеяньні незаконныя», але папярэджаньні адрасавала толькі пратэстоўцам. «Чырвона-зялёныя» скандавалі «За Беларусь!», а «бел-чырвона-белыя» — «За Беларусь без Лукашэнкі!». Цяпер пачалося шэсьце пратэстоўцаў уздоўж вуліцы Савецкай. Калёну пратэстоўцаў суправаджае вайсковы грузавік пад чырвона-зялёнымі сьцягамі, зь якога гучна граюць савецкія песьні
Горадня, Савецкая плошча, 23 жніўня
Перад Чырвоным касьцёлам правялі пэрформанс, ускладаюць кветкі каля партрэтаў забітых пад скульптурай каля касьцёла
Гомель. Працягваецца шэсьце — усе пляцоўкі, дзе магчымы «стаячы» збор людзей, занятыя дзяржаўнымі выставамі і забавамі, батутамі і камбайнамі
Мора людзей сьцякаецца на плошчу Незалежнасьці
У Горадні на маршы новай Беларусі некалькі тысяч чалавек
Гомель. Жанчыны з акцыі салідарнасьці казалі прыхільніцы ўлады, што «мы вас любім», а яна гучна крычала «вы малпы!»
Вайскоўцы ў мірны час затрымалі журналіста
Вайскоўцы затрымалі карэспандэнта Tut.by у Менску, каля стэлы. Але празь некалькі хвілінаў вызвалілі і загадалі не вяртацца, іначай «затрымаюць канчаткова». У мірны час вайскоўцы ня маюць права на затрыманьне грамадзянаў, адзначае выданьне
«Любіў жыцьцё і меў вялікія пляны». Жонка Мікіты Крыўцова ня верыць, што ён скончыў жыцьцё самагубствам
23 жніўня Алена Крыўцова падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа, бо не выключае ягонага выкраданьня і забойства. Алена Крыўцова, жонка знойдзенага пасьля зьнікненьня 26-гадовага Мікіты Крыўцова, ня верыць, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.
Фанат футбольнай каманды «Маладэчна» Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было. 23 жніўня знайшлося відэа, на якім Мікіта Крыўцоў стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам на плошчы ў Маладэчне. Відэа зьнялі ўвечары 9 жніўня.
З Аленай Крыўцовай пагутарыў журналіст Свабоды
Лаўроў: Сытуацыя ў Беларусі пачынае нармалізавацца
Расейская Фэдэрацыя прыме любое рашэньне Беларусі аб зносінах са сваім народам, сказаў 23 жніўня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.
Пра гэта паведамляе ТАСС, адзначаючы, што паводле Лаўрова, сытуацыя ў Беларусі пачынае нармалізавацца, але ня ўсім гэта падабаецца.
Расея лічыць, дадаў Лаўроў, што дыялёг аб рэформе канстытуцыі зьяўляецца вельмі пэрспэктыўным для нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі
Менскія плошча Незалежнасьці і праспэкт Незалежнасьці з вышыні
Вайскоўцы адгарадзілі стэлу «Менск — горад-герой» калючым дротам. ФОТА
Tut.by публікуе фота вайскоўцаў з аўтаматамі, якія стаяць ля стэлы.
Правам на затрыманьне, акрамя міліцыі ды іншых сілавых ведамстваў, у мірны час армія валодае пры рэжыме надзвычайнай сытуацыі, але такога ў Беларусі няма.
Раней міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін папярэдзіў пратэстоўцаў, што тыя будуць мець справу з арміяй.
Тыдзень таму ля стэлы сабраліся больш за 200 тысяч прыхільнікаў пераменаў. Ніякіх эксцэсаў ня здарылася.
Шматлюдная акцыя ў цэнтры Берасьця
Маштабы акцыі ў Менску на відэа ТАСС
У 15.30 карэспандэнт Свабоды ацаніў колькасьць пратэстоўцаў толькі на праспэкце Незалежнасьці ў дзясяткі тысяч чалавек, яны занялі праезную частку і тратуары праспэкту ад Кастрычніцкай плошчы, рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасьці, дзе ля Дома ўраду ўжо сабралася больш за 10 тысяч чалавек. Плыні людзей ідуць сюды і зь іншых вуліцаў у цэнтры Менску. Пакуль ніякіх інцыдэнтаў не заўважана, у тым ліку ля будынкаў МУС і КДБ.
Людзі на плошчы Незалежнасьці кажуць, што «чакаюць ад Сьвяланы Ціханоўскай больш рашучых крокаў». Каб яна пачынала аддаваць каманды і каардынаваць людзей, каб яна наважылася на больш рашучыя палітычныя дзеяньні. На плошчу Незалежнасьці надалей ідуць людзі.
Ужо 10 тысяч чалавек на мітынгу ў Горадні
Горадня. Калёна прыйшла на Савецкую плошчу. Усяго каля 10 тысяч чалавек. Людзі скандуюць. Працуе свабодны мікрафон. Выступаюць рабочыя прадпрыемстваў, якія бастуюць. Просяць іх падтрымаць. Работнік "Гроднапрамбуд" просіць падтрымаць іх на будоўлі анкацэнтру ў Пышках а 8 ранку.
На мітынгу за некалькі хвілін сабралі 3200 рублёў на апаратуру. Цяпер выступоўцы гавораць у гукаўзмацняльнік, многім не чуваць.