Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мора людзей на маршы ў Менску. Міністар абароны пагражае войскам. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

16:01 23.8.2020

Сёньняшнія акцыі прыхільнікаў пераменаў сьцерлі прапагандысцкі эфэкт праўладных мітынгаў, – меркаваньне аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка

Менск цяпер, каля плошчы Незалежнасьці
Менск цяпер, каля плошчы Незалежнасьці

Мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі арганізоўваліся як адказ на масавыя пратэсты і павінны былі нівэляваць уражаньне ад іх як у насельніцтва Беларусі, гэтак і ў міжнароднай супольнасьці.

Яшчэ ўчора некаторыя назіральнікі меркавалі, што сёньняшняя акцыя зьбярэ ня больш 10-15 тысяч чалавек – і з прычыны эмацыйнай стомленасьці, і з-за страты навізны (акцыі адбываюцца кожны дзень вось ужо больш як тыдзень).

Аднак сёньняшняя пратэстная акцыя толькі ў Менску на гэты момант сабрала ня менш як 100 тысяч чалавек і фактычна сьцерла той прапагандысцкі эфэкт, якога дамагаліся ўлады ад арганізаваных акцый падтрымкі Лукашэнкі.

Вынікі супрацьстаяньня грамадзкасьці і Лукашэнкі прадказаць па-ранейшаму цяжка, але сёньня можна сьцьвярджаць, што вуліцы і плошчы Лукашэнка прайграў, – лічыць аглядальнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык.

16:21 23.8.2020

Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў: Беларуская апазыцыя дзейнічае паводле «вэнэсуэльскага сцэнару»

Беларуская апазыцыя, дамагаючыся сыходу Аляксандра Лукашэнкі, дзейнічае паводле «вэнэсуэльскага сцэнару», заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, перадае РИА Новости.

«Перамовы зь цяперашнімі ўладамі яны прапануюць толькі з адной мэтай — абмеркаваць умовы сыходу прэзыдэнта Беларусі, прапануецца так далей прасоўваць свае праграмы. Гэта прыкладна так сама, як у Вэнэсуэле, калі легітымны прэзыдэнт аб'яўляецца выгнаньнікам», — сказаў Лаўроў на моладзевым форуме ў Маскоўскай вобласьці

16:35 23.8.2020

Менск: тысячы людзей ідуць маршам па праспэкце Незалежнасьці. АМАП атачыў адміністрыцыю прэзыдэнта

Людзі ідуць па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці праз Кастрычніцкую плошчу, паведамляе карэспандэнт Свабоды, у бок плошчы Перамогі, частка натоўпу аддзялілася і пайшла ў раён праспэкту Пераможцаў.

Тысячы чалавек, праходзячы паўз будынак МУС скандуюць: «Караева ў турму!», маючы на ўвазе міністра ўнутраных страў Юрыя Караева. Тысячы чалавек таксама скандуюць ля будынку КДБ «Не забудзем — не даруем», «Трыбунал!», «Свабоду», «Выпускай!».

Узмоцненыя сілы АМАПу атачылі адміністрацыю прэзыдэнта на вуліцы Карла Маркса.

Большая частка людзей з дэманстрацыі рушыла па вуліцы Леніна ў бок праспэкту Пераможцаў, перадае карэспандэнт Свабоды. Ля стэлы «Менск — горад-герой» стаяць вайскоўцы, вакол стэлы калючы дрот. Частка людзей рухаецца ў бок абэліску Перамогі і вяртаецца. Каардынацыі няма, мабільнага інтэрнэту ў дэманстрантаў таксама.

16:35 23.8.2020

Што адбываецца ў Магілёве

У Магілёве на плошчы Славы сабралася блізу 4 тысяч удзельнікаў маршу «За новую Беларусь». Апошні раз на найстарэйшым пляцы апазыцыйна настроеныя гараджане зьбіраліся ў 1996 годзе – на «Чарнобыльскім шляху».

Цяпер пратэстоўцы разышліся па плошчы. Частка ўдзельнічае ў мітынгу, які праводзяць прыхільнікі Сьвятланы Ціханоўскай. На ім прамаўляюць у фармаце свабоднага мікрафону. Людзі кажуць пра гвалт учынены сілавікамі пасьля выбараў, заклікаюць Лукашэнку сысьці ў адстаўку, заяўляюць, што пратэсты ня спыняць і што ўлада пакрывае сілавікоў. Прамоўцаў перарываюць воклічы «не даруем», «жыве Беларусь», «ганьба».

Іншыя ўдзельнікі маршу фатаграфуюцца зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на фоне ратушы. Утварылі ланцуг ля парапетаў на замкавай гары. Цяпер калёна зноў рухаецца ў бок плошчы Леніна скандуючы традыцыйныя для пратэстаў лёзунгі.

16:38 23.8.2020

Тысячы чалавек ідуць маршам праз цэнтар Гомля

4–5 тысяч чалавек рушаць па цэнтры гораду, калёна расьцягнулася па ўсім праспэкце Леніна.

16:53 23.8.2020

МЗС Беларусі: краіна мае патрэбу ў падтрымцы і разуменьні, а не «заежджаных парадах»

«Украіна — братэрская для нас краіна, і ўкраінскі народ — братэрскі для беларусаў. Вядома, у гэты няпросты для нашай краіны момант хацелася б адчуць падтрымку ці хаця б разуменьне, а ня слухаць ужо заежджаныя з усіх бакоў парады. Цяпер дакладна мы маем патрэбу ня ў іх», — сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Прэзыдэнт Украіны ў інтэрвію тэлеканалу Euronews заявіў, што Аляксандру Лукашэнку трэба правесьці ў краіне новыя выбары, каб супакоіць народ і расьсеяць сумневы ў выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Цалкам чытайце тут.

17:15 23.8.2020

Удзельнікі «​Маршу новай Беларусі»​ рушылі на праспэкт Пераможцаў. Там ля стэлы стаяць вайскоўцы

17.00 Людзі занялі горку ля гатэлю «Плянэта» на праспэкце Пераможцаў, паведамляе карэспандэнт Свабоды, да абгароджанай калючым дротам стэлы «Менск — горад-герой» дэманстранты не ідуць. Міліцыя ля Палацу спорту з мэгафонаў заклікае грамадзян разысьціся.

Людзі ідуць спакойна, скандуюць «Шахтары!», «Выйдзі, палічы!», выказваюцца супраць апошніх словаў Лукашэнкі, якія гучалі як пагроза на адрас дэманстрантаў.

Група дэманстрантаў падышла да агароджы каля стэлы, якую ахоўваюць вайскоўцы і АМАП, і стала выказваць свае эмоцыі. Сябры Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава і Вольга Кавалькова папрасілі пратэстоўцаў адысьці ад агароджаў і не ствараць правакацыяў. Дэманстранты прыслухаліся да парады. Вольга Кавалькова таксама зьвярнулася да сілавікоў і папрасіла не ўжываць сілу. Яна падзякавала ім за тое, што ахоўваюць людзей, — паведамляе tut.by.

Тымчасам на вуліцы Леніна музыка Піт Паўлаў залез на падпорку слупа і сьпявае пад гітару гіт «Тры чарапахі». Людзі актыўна падпяваюць, — перадае карэспандэнт Свабоды.

17.20 Вайскоўцы ачапілі музэй Вялікай Айчыннай вайны на праспэкце Пераможцаў у цэнтры Менску, перадае карэспандэнт «Інтэрфаксу», на пэрымэтры вакол музэю на скрыжаваньні праспэктаў Пераможцаў і Машэрава паставілі мэталічныя загароды, за агароджамі ў ланцугу стаяць некалькі сотняў вайскоўцаў. Яны экіпаваныя ў бронекамізэлькі, каскі, кожны мае аўтамат Калашнікава.

У парку побач з музэем прыпаркаваныя некалькі дзясяткаў вайсковых грузавікоў, паркоўка каля музэя забароненая.

У той жа час групы пратэстоўцаў дайшлі ад плошчы Незалежнасьці да праспэкту Пераможцаў, дзе знаходзіцца музэй. Галава калёны ўдзельнікаў маршу знаходзіцца ля гатэлю «Плянэта» насупраць стэлы. Тут сабраліся ўжо некалькі тысяч чалавек. Інцыдэнтаў не заўважана, перадае карэспандэнт Свабоды.

17.30 У раёне стэлы пратэстоўцы выйшлі на праезную частку вуліцы і сталі ланцугом. Іх тут некалькі тысяч. Адлегласьць да вайскоўцаў складае каля 30 мэтраў. Далей людзі не ідуць, вайскоўцы таксама стаяць у сваіх шэрагах.

17.55 Нехта з дэманстрантаў ля Стэлы ўзьняў на дроне вялікі бела-чырвона-белы сьцяг, даўжынёй каля 6 мэтраў. Стаяньне пратэстоўцаў насупраць вайскоўцаў працягваецца, перадае карэспандэнт Свабоды.

17:20 23.8.2020

Шэсьце ў Маладэчне

Маладэчанцы рушаць шэсьцем да галоўнай плошчы гораду пад вялізным бел-чырвона-белым сьцянам.

17:24 23.8.2020

На мітынг у Пружаны прыехаў паэт Андрэй Хадановіч

Пружанцы разам з аўтарам перакладу «Разбуры турмы муры» Андрэем Хадановічам сьпяваюць на мірным мітынгу.

17:34 23.8.2020

У Магілёве завяршыўся марш «За новую Беларусь»

Марш «За новую Беларусь» у Магілёве завяршыўся. Міліцыянты перакрылі плошчу Леніна, каб пратэстоўцы не вярнуліся на яе.

Супрацоўнікі ДАІ спынілі кіроўцу, які сыгналамі вітаў калёну і паказваў бел-чырвона-белы сьцяг. На мужчыну склалі пратакол за няпройдзены тэхагляд. На спыненьне машыны пратэстоўцы адрэагавалі воклічамі «Адпускай!».

Прайшоўшы праз цэнтар гораду, удзельнікі акцыі разышліся групамі са сьцягамі.

Пазьней мясцовыя правааабронцы паведамілі, што ў Магілёве затрымалі Дзьмітрыя Бакуновіча. Яго наўпрост выцягнулі з машыны каля драмтэатру, закінулі ў міліцэйскі мікрааўтобус і завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Адтуль яму далі пазваніць жонцы. Ён сказаў, што зь ім праводзяць прафіляктычную гутарку.

Пасьля гутаркі на Дзьмітрыя Бакуновіча склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемтве, канфіскавалі бел-чырвона-белы сьцяг і выпусьцілі.

Паводле Дзьмітрыя, нагодай для затрыманьня стаў ягоны сьцяг памерам 9х2 мэтры. За ім сачылі і здымалі на відэа «куратары» зь міліцыі і калі ён адышоў ад эпіцэнтру акцыі яго затрымалі. У міліцыі ён заявіў, што сваім удзелам у шэсьце адстойваў сваю грамадзянскую пазыцыю і віны ў інкрымінаваным правапарушэньні не прызнаў. Яго чакае суд.

18:05 23.8.2020

«Ярмошына нашкодзіла Лукашэнку круцей, чым хто». Пагаварылі з тым самым прамоўцам з праўладнага мітынгу

Свабода паразмаўляла з мужчынам, які на мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі ў Менску жорстка раскрытыкаваў чальцоў выбарчых камісіяў за прыпіскі на карысьць кіраўніка дзяржавы. Гэта Яўген Дабратворскі, былы першы прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі кікбоксінгу і тайляндзкага боксу, заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусі, які падрыхтаваў 24 чэмпіёны сьвету.

16 жніўня на плошчы Незалежнасьці падчас першага пасьля выбараў мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі Яўген Дабравольскі назваўся прыхільнікам кіраўніка дзяржавы, але заявіў, што палітычны крызіс у краіне стаў вынікам прыпісак выбарчых камісіяў.
«Нават калі Лукашэнка выйграў, то гэта не 80%. Нельга было пляваць у твар беларускаму народу. І гэтыя ср..лізы, якія прыстроіліся, зрабілі гэта супраць Лукашэнкі», — сказаў выступовец. Гутарку зь Яўгенам Дабравольскім чытайце па спасылцы.

18:09 23.8.2020

Менск: частка людзей накіравалася ў бок рэзыдэнцыі Лукашэнкі

18.00 Частка людзей з натоўпу дэманстрантаў, некалькі тысяч чалавек, пайшлі па праспэкце Пераможцаў у бок Палацу незалежнасьці, які зьяўляецца рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Каля 10 аўтобусаў з АМАПам накіраваліся ў той жа бок, перадае карэспандэнт Свабоды.

Дадатковае ачапленьне каля Палацу незалежнасьці ў Менску
Дадатковае ачапленьне каля Палацу незалежнасьці ў Менску

АМАП і ўнутраныя войскі перагарадзілі праспэкт Пераможцаў у раёне выставачнага цэнтру «БелЭкспа». Карэспандэнт Свабоды налічыў перад «БелЭкспа» некалькі соцень вайскоўцаў і АМАПу. Людзі занялі цалкам праспэкт, іх некалькі тысяч. Галава іх калёны знаходзіцца ля заводу «Атлянт» і бізнэс-цэнтру «Вікторыя», да шэрагаў АМАПу яшчэ мэтраў 500.

18.20 Паміж дэманстрантамі і АМАПам застаецца каля 100 мэтраў, перадае карэспандэнт Свабоды. Людзі набліжаюцца, крычаць: «Трыбунал». АМАПу са шчытамі каля 1000 чалавек, за імі вадамёты і спэцтэхніка.

Тым часам каля Стэлы дасюль стаіць натоўп:

Пратэстоўцы ля Стэлы
Пратэстоўцы ля Стэлы

18:17 23.8.2020

Павал Латушка: Неадкладнае расьсьледаваньне фактаў гвалту і новыя выбары

«Мы павінны патрабаваць расьсьледаваньня ўсіх фактаў гвалту з боку сілавых органаў у дачыненьні да мірных грамадзянаў», — заявіў былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка, сустрэўшыся з калёнай дэманстрантаў. Паводле яго інфармацыі, зь міліцыі ў Сьледчы камітэт перададзена больш за 700 матэрыялаў аб фактах гвалту над грамадзянамі.

Таксама, на перакананьне Паўла Латушкі, наебходна патрабаваць новых выбараў. Дадатковыя крокі, якія могуць стымуляваць улады, — гэта адкліканьне дэпутатаў. Дэпутаты цяпер — статысты, якія з усім пагаджаюцца і не гавораць ад імя народу, цытуе яго БелаПАН.

18:17 23.8.2020

18:30 23.8.2020

«Мы прыйшлі сюды бясплатна». Як у Горадні пасьля забароны зноў сабралася 15 тысяч чалавек

У цэнтры Горадні каля 15 тысяч пратэстоўцаў выказалі сваю нязгоду з сытуацыяй у краіне 23 жніўня. Праз радыё пракуратура папярэджвала пра адказнасьць за ўдзел у недазволеных мерапрыемствах, у цэнтры стаялі аўтазакі з амапаўцамі напагатове, аднак, нікога не затрымалі.

Тысячы гарадзенцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на Савецкай плошчы. Некалькі чалавек аб'ядналі нацыянальны і дзяржаўны сьцяг на адным тронку. Анархісты да бел-чырвона-белага сьцяга далучылі чорны. Многія падрыхтавалі ўласныя плякаты з надпісамі: «Досыць гвалту», «У нас ёсьць праца, мы прыйшлі сюды бясплатна», «Я табе не дарую», «Спыніце катаваньні».

Было відаць рабочых у працоўнай форме, работнікаў «Гродна Азоту», шмат семʼяў зь дзецьмі, раварыстаў. Побач з плошчай стаялі аўтазакі, напагатове дзяжурылі амапаўцы ў выкладцы з шаломамі. Міліцыя папярэджвала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, у адказ дэманстранты пляскалі ў ладкі і скандавалі «Жыве Беларусь». Чытайце цалкам і глядзіце фота тут.

18:33 23.8.2020

Менск: пратэстоўцы ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі крычаць АМАПу: «Апусьці шчыты»

18.25 Ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі (Палац незалежнасьці) напружана: людзі падыходзяць да ланцуга АМАПу, яны крычаць салдатам: «Апусьці шчыты, ты даваў прысягу»! Паміж імі 50 мэтраў. АМАП не рэагуе. Карэспандэнт Свабоды налічыў 3 вадамёты. На праспэкце Пераможцаў дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.

18.40 Паміж пратэстоўцамі і сілавікамі пад Палацам незалежнасьці ў Менску застаецца каля 30 мэтраў. Дэманстранты не прадпрымаюць ніякіх дзеяньняў, перадае карэспандэнт Свабоды.

Дзьве жанчыны сталі на калені з абразом паміж людзьмі і АМАПам, моляцца.

18.53 Людзі ля Палаца незалежнасьці разьвярнуліся, ідуць ад сілавікоў назад у бок Стэлы, перадае карэспандэнт Свабоды. На разьвітаньне крычаць «Кожны дзень».

Каля 19.00 З тэрыторыі Палаца незалежнасьці выляцеў верталёт урадавай расфарбоўкі, зрабіў кола над заводам «Атлянт» і вярнуўся. Людзі віталі яго крыкамі «Ўлятай!», перадае карэспандэнт Свабоды.

Як стала вядома пазьней, на ім прылятаў Аляксандар Лукашэнка
Як стала вядома пазьней, на ім прылятаў Аляксандар Лукашэнка

18:38 23.8.2020

Сытуацыя раўнавагі сіл і палітычнага тупіку, — палітычны аглядальнік

Паколькі АМАП сябе моцна здыскрэдытаваў, то сёньня дэманстратыўна супраць пратэстоўцаў было выведзена войска. Не супрацоўнікі МУС, а вайскоўцы з аўтаматамі Калашнікава стаялі каля стэлы. Такі спосаб застрашэньня, мяркуе палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Але насуперак уладным страшылкам зноў у Менску адбылася масавая акцыя, якая сабрала звыш 100 тысяч чалавек. Таксама падобныя шэсьці прайшлі ў іншых гарадах краіны.

Аднак усё вастрэй паўстае пытаньне пра пэрспэктыву. Што далей? Відавочна, стаўка на маральна-псыхалягічны ціск пратэстоўцаў на ўладу не дае выніку. Сотні тысяч людзей на плошчы Незалежнасьці ня могуць дамагчыся нават такой простай рэчы, як прымусіць улады не ўключаць на поўную моц рэпрадуктар з савецкімі песьнямі.

А якая-кольвек спроба сілавога ціску на ўлады (напрыклад, блякаваньне дзяржаўных установаў) стане падставай, каб зноў запусьціць АМАП супраць народу. Сытуацыя раўнавагі сіл і палітычнага тупіку.

18:41 23.8.2020

«Мы не прызнаем Лукашэнку прэзыдэнтам, як і не прызнаем Нікаляса Мадуру», — кіраўнік дыпляматыі ЭЗ

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз павінен надалей працаваць з Лукашэнкам як прадстаўніком улады ў Беларусі, нягледзячы на тое, што эўрасупольнасьць не прызнае яго прэзыдэнтам краіны.

«Мы не прызнаем Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, як і не прызнаем Нікаляса Мадуру [прэзыдэнтам Вэнэсуэлы]. Мы не прызнаем, што яны былі абраныя законна. Аднак, падабаецца нам гэта ці не, яны кантралююць урад, і мы павінны працягваць весьці зь імі справы, нягледзячы на тое, што не прызнаем іх дэмакратычную легітымнасьць», — заявіў Бурэль у інтэрвію газэце El Pais.

Ён таксама падкрэсьліў, што ў ЭЗ няма плянаў праводзіць у Беларусі тую ж палітыку, што і ва Ўкраіне, нягледзячы на папрокі ў гэтым з боку РФ.

18:45 23.8.2020

18:46 23.8.2020

Магілёў. Фатафакт

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG