Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовага Мікіту Крыўцова з Жодзіна, які 10 дзён лічыўся зьніклым бязь вестак, знайшлі мёртвым


Мікіта Крыўцоў. Фота, якое зьмясьціла ў сацыяльных сетках жонка загінулага, калі шукала яго
Мікіта Крыўцоў. Фота, якое зьмясьціла ў сацыяльных сетках жонка загінулага, калі шукала яго

22 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова знайшлі нежывым у лесе ў Партызанскім раёне Менску. Пра гэта ўжо ведае і сям’я.

«Цела Мікіты Крыўцова выявілі ў лесе, у межах сталіцы, у раёне Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі пра гэта жонцы Мікіты, яна — нам. Вядома пакуль толькі тое, што на загінулым хлопцу няма бачных цялесных пашкоджаньняў», — сказаў МЛЫН.BY Сяргей Коўган, камандзір пошукава-ратавальнага атраду «Анёл»​, які займаўся пошукамі Мікіты.

Як удакладніла Onliner прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч, труп Мікіты Крыўцова быў знойдзены 22 жніўня павешаным на дрэве ў 14:00 у раёне вуліцы Парніковай.

Мікіта Крыўцоў апошні раз выходзіў на сувязь 12 жніўня. Жонка паведамляла, што ягоны тэлефон апошні раз быў уключаны ў раёне РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску (гэта непадалёк ад вуліцы Парніковай). З 12 жніўня ён лічыўся зьніклым бязь вестак.

«Я ня ведаю, удзельнічаў ён у мітынгах ці не, ня ведаю, ці быў ён затрыманы, ці не, — сказала жонка Мікіты Алена Крыўцова сайту Onliner. — Ён 12-га жніўня перастаў выходзіць на сувязь — і ўсё: чалавек зьнік. А сёньня нам патэлефанавалі і сказалі, што яго знайшлі павешаным».

Ці ёсьць на целе мужа нейкія траўмы і сьляды зьбіцьця, Алена таксама ня ведае.

«Мы толькі заўтра паедзем у морг, міліцыю і будзем усё даведвацца, — кажа яна. — Я ўпэўненая, што сам ён ня мог гэтага зрабіць. Ён быў слабы для гэтага».

Мікіта Крыўцоў родам зь Вілейкі, але жыў у бабулі ў Маладэчне. Пасьля вясельля пераехаў да жонкі ў Жодзіна. Як расказвала Алена Крыўцова рэгіянальнаму парталу Kraj.by, пасьля зьнікненьня мужа яна разам зь яго сябрамі абзвоньвала ўсе менскія бальніцы, тэлефанавала на Акрэсьціна, у Жодзінскае, Вілейскае і Маладэчанскае РАУС — там ёй адказалі, што не затрымлівалі Мікіту. Алена хацела напісаць заяву аб зьнікненьні мужа ў Жодзінскае РАУС, але ёй сказалі, што трэба пісаць заяву па месцы прапіскі мужа, у Вілейцы, і заяву не прынялі.

19 жніўня зь ёй зьвязваліся з крымінальнага вышуку Цэнтральнага ўпраўленьня УУС. Удакладнілі інфармацыю пра мужа, сказалі, што на TUT.BY разьмешчаная інфармацыя, дзе ён лічыцца зьніклым бязь вестак. Яна пацьвердзіла гэта і сказала, што ў яе не прынялі заяву ў мясцовым РАУС.

20 жніўня Алена Крыўцова зьвярнулася па дапамогу ў пошукава-ратавальны атрад «Анёл».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG