Рэпартаж Свабоды зь мітынгу «Любімую не аддамо» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Некалькі тысяч чалавек прыйшлі на плошчу Леніна ў Горадні 22 жніўня, каб паўдзельнічаць у мітынгу «Любімую не аддамо».
Цэнтар перакрылі
Увесь цэнтар гораду перад гэтым перакрылі, плошчу Леніна абнесьлі турнікетамі. Нехта павесіў на гаўбец дому побач з плошчай чырвона-зялёны сьцяг, які звычайна там не вісіць.
Напярэдадні горадзенскія актывісты, якія хацелі правесьці мітынг у цэнтры Горадні, атрымалі адказ ад уладаў, што ёсьць рашэньне, паводле якога плошчы Леніна і Савецкая не адведзеныя для масавых мерапрыемстваў.
Пры ўваходах на мітынг стаялі людзі ў цывільным адзеньні і ў масках. На ўсёй тэрыторыі было шмат людзей, падобных да супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ. На пэрымэтры плошчы стаялі пакункі з тысячамі бутэлек вады.
Тых, хто хацеў прайсьці зь бел-чырвона-белым сьцягам, не пускалі. Тлумачылі, што можна праходзіць толькі зь дзяржаўнай сымболікай. Проста пасярод плошчы лунаў сьцяг былога СССР. Было відаць некалькі чырвона-зялёных сьцягоў даўжынёй каля 10 мэтраў.
Хто прыйшоў
Удзельнікі прыходзілі на плошчу калёнамі пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. Было відаць таксама сьцягі іншых раёнаў вобласьці, прадпрыемстваў «Гроднажылбуд», «Гродна Азот», дзяржаўнага прафсаюзу, арганізацыі «Белая Русь», расейскага палітычнага аб’яднаньня «Национально-освободительное движение». Некаторыя былі ў кашульках або з налепкамі з надпісам «За Беларусь».
Удзельнікаў мітынгу прывезьлі з розных раёнаў вобласьці на аўтобусах. Іх было на плошчы Леніна некалькі тысяч чалавек.
Вядоўцы абвесьцілі, што на мітынгу прысутнічаюць аграрыі, работнікі прамысловасьці, будаўнікі, пэдагогі, музыканты, артысты.
Жывую трансьляцыю падзеі вяла расейская тэлевізія RT.
Што крычалі і казалі
«Мы за моцную, квітучую, сувэрэнную і незалежную Беларусь?», — запыталася вядучая.
«Та-а-а-ак», — закрычалі сабраныя.
«За любімую. А любімую не аддаюць».
«Не-е-е-е-е», — закрычаў натоўп і замахаў сьцяжкамі.
Паўгадзіны са сцэны выказваліся розныя людзі. Свабодны мікрафон ня дзейнічаў, выходзілі загадзя падрыхтаваныя выступоўцы. Мала хто называў сваё імя, пераважна толькі род дзейнасьці.
Людзі казалі, што беларусаў спрабуюць разьяднаць. Многія ўзгадвалі апошнюю вайну. Вядоўцы прасілі падняць рукі тых, у каго нехта ваяваў або памёр на гэтай вайне. Вэтэран Валянціна Баранава засьпявала са сцэны «День Победы».
«Калі вядомая ўсім спадарыня Алексіевіч, што ўвайшла ў каардынацыйную раду Ціханоўскай, заяўляе, што яна ўсё жыцьцё жыла ў краіне паліцаяў, мы з болем у сэрцы чуем гэта... Нацыяналізм і фашызм у Беларусі ня пройдуць», — выказалася лекарка з 30-гадовым стажам.
Гучала: «Паглядзіце, як дагледжана нашая краіна», «Сёньня гэтую прыгажосьць хочуць зруйнаваць», «Людзі, спыніцеся», «Уключыце розум», «Забастоўка — гэта галеча».
«Вы перашкаджаеце спакойнаму жыцьцю, але ў вас нічога не атрымаецца... Хутка іх стане менш за 1 працэнт, а не 3 працэнты», — казала адна з выступоўцаў, зьвяртаючыся да некага.
«Калі Бог хоча пакараць, ён забірае розум», — прамаўляў па-беларуску мужчына з райцэнтру. «За Беларусь?», — пыталіся вядоўцы. «Та-а-а-ак!» — крычалі прысутныя. «Беларусь не аддамо!» «Не-е-е-е-е!» Сабраныя скандавалі: «За Беларусь!», «Я—мы—бацька!», «Беларусь не аддамо!».
Дачакаліся Лукашэнкі
Прыкладна праз паўгадзіны прыехаў з горадзенскага палігону і выступіў са сцэны Аляксандар Лукашэнка.
Людзі падышлі ўшчыльную да сцэны. Ён прадставіў гарадзенцам новага старшыню аблвыканкаму, які перад гэтым працаваў міністрам аховы здароўя, Уладзімера Караніка. У канцы Лукашэнка запэўніў, што зьяжджае з Горадні задаволеным.