Кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшы Кшыштаф Шчэрскі зрабіў заяву пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб «замежнай агрэсіі», паведамляе тэлеканал «Белсат».
«Польшча — дзяржава, якая пасьлядоўна выказваецца за вяршэнства міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі. Падмуркам гэтага права ёсьць прынцып сувэрэннасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Польшча трымаецца яго на форуме ААН і рэалізуе ў сваёй замежнай палітыцы, абараняючы краіны нашага рэгіёну ад імпэрыялізму і агрэсіі, якія парушаюць гэты прынцып», — адзначыў прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі.
У сувязі з гэтым Кшыштаф Шчэрскі выказаў зьдзіўленьне тым фактам, што ў прапагандзе ўладаў Беларусі зьяўляюцца намёкі на тое, быццам Польшча мае намер парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць суседняй дзяржавы.
Якраз наадварот, падкрэсьліў ён. Як было заяўлена ў супольнай пазыцыі прэзыдэнтаў краін Вышаградзкай групы, ніводная дзяржава ня мае права парушаць сувэрэнітэт Беларусі ў якой-кольвечы форме.