Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш супраць забойстваў і гвалту ў Берасьці. СТРЫМ СВАБОДЫ


Акцыя пратэсту ў Берасьці 22 жніўня
Акцыя пратэсту ў Берасьці 22 жніўня

У Берасьці праходзіць акцыя памяці памерлага ад агнястрэльнай раны жыхара горада Генадзя Шутава, удзельніка пратэстаў супраць несумленных выбараў прэзыдэнта.

Свабода вядзе жывую відэастрансьляцыю з падзеі.

На Марш супраць гвалту і забойстваў выйшлі некалькі сотняў чалавек у чорнай вопратцы і кветкамі.

«У мірны час такое недапушчальна, таму мы тут на знак памяці і салідарнасьці. У дзень пасьля выбараў у Берасьці было страшна, многія пацярпелі. 150 чалавек выпусьцілі з турмаў, але яшчэ 44 чалавекі ўтрымліваюцца ў ізалятарах», — сказала адна з удзельніц акцыі.

19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.

Яго дачка Наста паведаміла Свабодзе, што бацька крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты.

«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дзяўчына.

Цела нябожчыка дагэтуль не вярнулі сям'і.

Хто яшчэ загінуў падчас пратэстаў

Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Першай стаў Аляксандар Тарайкоўскі, які загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі акцыю пратэсту. У МУС заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы сьцьвярджаюць, што ў яго нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.

16 жніўня ў Гомлі пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхора. Маладога чалавека затрымалі ў Гомелі 9 жніўня. Родныя шукалі сына некалькі дзён, але так і не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі. А калі прыехалі ў РАУС пісаць заяву аб выкраданьні чалавека, ім паведамілі, што сын «знайшоўся» у моргу.

19-гадовага мянчука Арцёма Парукава МУС Беларусі таксама называе загінулым удзельнікам масавых пратэстаў. Па вэрсіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай частцы Партызанскага праспэкта, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад «Рэно».

Сваякі загінулага ня ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны ня вераць у афіцыйную вэрсію сьмерці хлопца і думаюць, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG