Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн у найбліжэйшай будучыні наведае Літву і Расею. Тэмай перамоваў будзе мірнае вырашэньне крызісу ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на ананімнага былога высокапастаўленага супрацоўніка Дзярждэпартамэнту ЗША. Паводле гэтай крыніцы, у Вільні Бігэн сустрэнецца са Сьвятланай Ціханоўскай. Іншая крыніца паведаміла агенцтву, што Бігэн накіруецца ў Маскву, каб не дапусьціць расейскага ўмяшаньня ў беларускі крызіс.
Раней дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заклікаў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які абвясьціў сябе пераможцам выбараў і жорстка душыць мірныя масавыя пратэсты, прыняць міжнародную дапамогу ў перамовах з апазыцыяй. Ён таксама папярэдзіў Расею аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў справы Беларусі.