Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на чатырнаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

17:33 22.8.2020

Лукашэнка: «Субота, нядзеля на роздумы. З панядзелка хай не крыўдуюць»

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Горадню зь візытам 23 жніўня. Ён выступіў на мітынгу «Любімую не аддамо» на плошчы Леніна. Свабода сабрала асноўныя цытаты зь ягонага выступу.

  • Пра альтэрнатыўных кандыдатаў

„Вы бачыце, куды гэтыя альтэрнатыўнікі пабеглі. Іх жа ніхто не цкаваў, іх ніхто не выганяў зь Беларусі. Яны самі мяне прасілі, каб я іх выратаваў і вывез, — некаторыя. Некаторыя зрабілі кола праз Расею і Ўкраіну і там аселі“.

  • Пра каардынатараў пратэстаў

«Тыя, хто гэта ўсё каардынуе і кіруе гэтым, таксама сядзяць за мяжой у суседніх краінах і нават атрымліваюць пэўную падтрымку ад іхных уладаў. Менавіта іх я хачу тут, на апошнім мэтры нашай зямлі, я як памежнік кажу, хачу папярэдзіць: гэта ня толькі нашая мяжа, гэта мяжа „саюзнай дзяржавы“, гэта мяжа АДКБ, і адказ будзе адпаведны... Я ўдзячны тым дзяржавам, якія падтрымліваюць Беларусь, але я ўпэўнены: мы здолеем самі».

  • Пра загады вайскоўцам

«Узяць на жорсткі кантроль перасоўваньне вайсковых падразьдзяленьняў краін-суседзяў NATO... Перабіраць кожнага чалавека, які рухаецца сюды зь неправамернымі мэтамі. Ніводны баявік, ніводны правакатар, ніводны патрон не павінен трапіць на нашую тэрыторыю».

Усе цытаты чытайце ў матэрыяле па спасылцы.

17:35 22.8.2020

МУС заявіла, што затрымалі «каардынатара», датычнага да «фінансаваньня пратэстаў»

МУС Беларусі паведаміла пра затрыманьне жыхара Менску, які нібыта за грошы шукаў «масоўку» для ўдзелу ў пратэстных акцыях. «34-гадовы мянчук займаўся пошукам і фінансаваньнем новых удзельнікаў», — напісала ў Telegram прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Паводле яе, супрацоўнікі міліцыі затрымалі менчука, які расказаў пра сустрэчу з «каардынатарам» і яго просьбах сабраць масоўку для ўдзелу ў акцыі пратэсту за грошы.

«Каардынатар падышоў да яго ў адной з цэнтральных харчовых крамаў і прапанаваў сабрацца каля 10-12 чалавек для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве палітычнага характару. Пасьля атрыманьня згоды незнаёмец даў пасярэдніку 60 рублёў, а таксама купіў яму сьпіртное і прадукты», — паведамляе прадстаўніца МУС. Цалкам чытайце тут.

17:41 22.8.2020

Гомельскі ваенкам уварваўся з рупарам у лес і заклікаў дзяцей-інвалідаў на мітынг

22 жніўня валянтэры праводзілі дабрачынны пікнік для дзяцей-інвалідаў. Пікнік праходзіў у лесе на беразе ракі Сож, непадалёк ад пасёлку Чонкі.

«Раптам наш ціхі спакойны адпачынак парушыў гомельскі ваенкам Андрэй Крываносаў. Ён уварваўся да нас на пікнік і пачаў гучна заклікаць на мітынг. Тым больш казаў, каб усе зараз тэрмінова зьбіраліся і ішлі на мітынг у пасёлак Чонкі», — распавёў адзін з валянтэраў. Паводле яго, ваенкам з рупарам падыходзіў і да іншых кампаній, якія адпачывалі пад Чонкамі.

Андрэй Крываносаў стаў вядомы апошнім часам праз свой удзел у мітынгах «За «Бацьку». Ён «абараняў» «Гомсельмаш» ад забастоўкі, а таксама сарваў мітынг Марыі Калесьнікавай у Жлобіне.

17:52 22.8.2020

Беларусы Сыэтлу ў ЗША выйшлі на пікет салідарнасьці

Беларусы і амэрыканцы Сыэтлу выйшлі ў цэнтар гораду на пікет салідарнасьці, каб выказаць пратэст супраць гвалту над мірнымі дэманстрантамі і рэпрэсіямі супраць грамадзян Беларусі.

18:12 22.8.2020

Акцыя памяці Генадзя Шутава. ФОТАГАЛЕРЭЯ

У Берасьці 22 жніўня праходзіць акцыя памяці памерлага ад агнястрэльнай раны жыхара гораду Генадзя Шутава, удзельніка пратэстаў супраць несумленных выбараў прэзыдэнта.

18:24 22.8.2020

У Магілёве затрымалі некалькіх удзельнікаў шэсьця супраць гвалту

Паводле відавочцаў, прынамсі пратэстоўцаў трое знаходзяцца ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі Магілёва. Яго супрацоўнікі адмаўляюцца гаварыць, у чым абвінавачваюць затрыманых.

Як паведамілі Свабодзе відавочцы, на месцы збору ўдзельнікаў было шмат міліцыі, якая спачатку толькі назірала за падрыхтоўкай шэсьця. Потым зьявіліся «крыклівыя» пажылыя жанчыны, якія заявілі, што пратэстоўцы перашкаджаюць ім жыць. На іх лямант прыйшлі сілавікі, і тады кабеты паказалі на тых, хто, на іх думку, зьяўляецца арганізатарам шэсьця. Мужчын пасадзілі ў машыну і даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Вядома імя аднаго зь іх — Мікалай Пундзік.

20.30 Пасьля 20-ай гадзіны Магілёве актывістаў адпусьцілі зь міліцыі. Па словах аднаго зь іх, Мікалая Пундзіка, зь імі правялі прафіляктычную гутарку пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і яны падпісалі пратакол аб гэтым, таксама зь іх хацелі зрабіць арганізатараў акцыі. Актывіст лічыць, што затрыманьне было сплянаванае.

18:47 22.8.2020

Сымбаль, але ня лідэр. Ці паўплывае на пратэст нежаданьне Ціханоўскай вяртацца ў Беларусь пры Лукашэнку

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» адназначна сказала, што ня вернецца ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Яна таксама адмовілася называць сябе абраным прэзыдэнтам і не плянуе ўдзельнічаць ў новых выбарах. Асабліва нечаканымі гэтыя заявы ня сталі, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч. Цалкам чытайце па спасылцы.

Сьцісла:

  • Ціханоўская сказала, што ня вернецца, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Але яе ніхто і ня пусьціць.
  • Яе знаходжаньне ў Літве добра кладзецца ў афіцыйны канструкт, маўляў Захад арганізоўвае «каляровую рэвалюцыю».
  • Калі прызнаць перамогу Ціханоўскай, то паводле Канстытуцыі яна можа заняць пасаду прэзыдэнта не раней за 6 лістапада.
  • Прадстаўнікі Эўразьвязу не гатовыя прызнаваць Ціханоўскую прэзыдэнтам, бо немагчыма юрыдычна зафіксаваць яе перамогу.
  • Новыя выбары — адзіны выхад з гэтага праўнага тупіку.
19:07 22.8.2020

«Беларуская прапаганда хлусіць пра замежную агрэсію», — канцылярыя прэзыдэнта Польшы

Кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшы Кшыштаф Шчэрскі зрабіў заяву пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб «замежнай агрэсіі», паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Польшча — дзяржава, якая пасьлядоўна выказваецца за вяршэнства міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі. Падмуркам гэтага права ёсьць прынцып сувэрэннасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Польшча трымаецца яго на форуме ААН і рэалізуе ў сваёй замежнай палітыцы, абараняючы краіны нашага рэгіёну ад імпэрыялізму і агрэсіі, якія парушаюць гэты прынцып», — адзначыў прадстаўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі.

У сувязі з гэтым Кшыштаф Шчэрскі выказаў зьдзіўленьне тым фактам, што ў прапагандзе ўладаў Беларусі зьяўляюцца намёкі на тое, быццам Польшча мае намер парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць суседняй дзяржавы. Якраз наадварот, падкрэсьліў ён.

19:13 22.8.2020

У Горадні каля 100 чалавек выйшлі на «ланцуг салідарнасьці»

У Горадні каля ста чалавек сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на плошчы Леніна.

Яшчэ каля ста чалавек сабраліся на плошчы. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Міма езьдзяць міліцэйскія машыны і папярэджваюць, што мерапрыемства недазволенае.

У папярэднія дні на тыдні ў гэты час людзі зьбіраліся на мітынгі. Аўтамабілі сыгналяць пратэстоўцам.

Горадзенскія анархісты
Горадзенскія анархісты

Каля паловы на дзявятую мітынг пратэстоўцаў на плошчы Леніна скончыўся. Людзі выказваліся са сцэны, сьпявалі песьні, мірна скандавалі лёзунгі. Міліцыя некалькі разоў папярэджвала, што сход несанкцыянаваны. Удзельнікі дамовіліся сустрэцца ў нядзелю а 14-ай гадзіне.

Некалькі чалавек, якія ўдзельнічалі ў мітынгу, затрымалі людзі ў цывільным, пасадзілі ў мікрааўтобус без азначэньняў. Гэта адбылося ў 10 хвілінах хады ад плошчы Леніна, на Віленскім завулку.

19:36 22.8.2020

На плошчы Незалежнасьці ў Менску зноў зьбіраюцца людзі, прыйшоў Павал Латушка

Сёньня на плошчу Незалежнасьці ў Менску прыйшоў і звольнены дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка, які цяпер уваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады для трансфэру ўлады ў Беларусі.

Павал Латушка, сярод іншага, пракамэнтаваў сёньняшнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра «фэйкавыя відэа» ў сацыяльных сетках, на якіх сілавікі жорстка зьбіваюць затрыманых падчас акцый пратэсту пасьля выбараў у Беларусі.

Падтрымаць пратэстоўцаў прыехалі і раварысты.

19:41 22.8.2020

Літоўская тэлевізія зьмяніла лягатып на знак салідарнасьці зь Беларусьсю

20:00 22.8.2020

Сёньня на Браслаўшчыне. Фота даслалі чытачы Свабоды

20:06 22.8.2020

Акцыя на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Фота

Каля 20-й гадзіны на плошчу Незалежнасьці прыйшла кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава.

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

20:09 22.8.2020

Amnesty International: ва ўмовах жорсткага здушэньня мірных пратэстаў у Беларусі бізнэс нясе адказнасьць за правы чалавека

Амаль поўнае адключэньне мабільнага інтэрнэту на працягу першых трох дзён пратэстаў у Беларусі, што, паводле шырока распаўсюджанай думкі, стала вынікам умяшаньня ўладаў у працу апэратараў сувязі, нэгатыўна адбілася на правах на свабоду выказваньня думак, мірных сходаў і магчымасьці для людзей свабодна шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.

«Падзеі, якія разгортваюцца ў Беларусі, зьяўляюцца выразным напамінам: бізнэс таксама адыгрывае пэўную ролю і нясе прамую адказнасьць там, дзе гаворка заходзіць пра правы чалавека», — кажа Дзяніс Крывашэеў, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Цалкам чытайце па спасылцы.

20:43 22.8.2020

«АМАП абяцаў мне другое абразаньне». Грамадзянін Ізраілю пра жахі Акрэсьціна

«Такое я бачыў толькі ў cэктары Газа», — грамадзяніна Ізраілю Аляксандра Фурмана затрымалі падчас акцый пратэсту 10 жніўня. Мужчына расказаў, як катавалі затрыманых.

21:21 22.8.2020

«Забастоўка — адзіная форма ўплыву рабочых на ўладу», — кіраўнік бізнэс-саюзу

Палітычны крызіс акажа хваравітае ўзьдзеяньне на беларускую эканоміку, заявіў у інтэрвію Tut.by кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Аляксандар Швец.

«Такой колькасьці страху і запалохваньня ў нашай краіне я ня памятаю! Гэта вельмі кепская сытуацыя, калі людзі ня могуць бясьпечна выказваць сваё меркаваньне нават у рамках Канстытуцыі і дзейных законаў. Запыт беларускага грамадзтва на справядлівасьць, мабыць, ніколі яшчэ не быў так ярка выяўлены. І без задавальненьня гэтага запыту згоды не дасягнуць», — кажа Швец.

Адказваючы на пытаньне пра эканамічныя наступствы палітычнага крызісу, ён заўважыў, што дзеяньні сілавых ведамстваў — «вельмі нэгатыўны сыгнал для бізнэсу, як айчыннага, так і замежнага». «Мы ўжо бачым, што пачалі скарачацца інвэстыцыйныя патокі, спыняцца ўгоды, многія задумваюцца аб пераезьдзе».

Ён дадае, што забастоўка рабочых — гэта адзіная форма ўплыву на ўладу, каб паказаць, што працоўныя калектывы абураныя несправядлівасьцю і невыкананьнем заканадаўства самой уладай. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:28 22.8.2020

«Нават немцы такога не рабілі», — берасьцейскі хірург, які ратаваў параненых падчас пратэстаў 10 жніўня

Загадчык першай хірургіі ў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Берасьця Аляксей Шпока, які дзяжурыў увечары 10 жніўня, калі гарадзкая міліцыя страляла ў пратэстоўцаў, распавёў выданьню «Бинокль», што гэта дзяжурства запомніць на ўсё жыцьцё.

Паводле яго, у тую ноч бальніца нагадвала вайскова-палявы шпіталь. А 10-й вечара да іх пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным, узрост — ад 17 да 52 гадоў. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу мэдыцыны катастроф» — на тых, каго неадкладна трэба было апэрыраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў бальніцу па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, зьбітыя, у траўматычным шоку, расказвае хірург.

«Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні», — кажа Аляксей Шпока.

Паводле яго, з параненых вымалі 2 віды куль — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста «вырваныя» кавалкі плоці памерам з кулак кажуць пра тое, што стралялі ва ўпор. «Я дасьведчаны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што ў сваёй практыцы, праводзіў шмат гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе», — кажа хірург. Цалкам чытайце па спасылцы.

21:44 22.8.2020

З БТ працягваюць звальняцца тэлевядоўцы

З БТ звольніліся вядоўцы і кіраўнік жаночага ток-шоў «Дзень у вялікім горадзе». Пра гэта аведаміла на сваёй старонцы Фэйсбуку тэлевядоўца Вольга Плотнікава. Паводле яе, «Дзень у вялікім горадзе» больш ня выйдзе ў эфір на «Беларусь 1».

Разам зь ёй пакінулі «Белтэлерадыёкампанію» кіраўніца праекту Саша Сьнегіна, а таксама тэлевядоўцы Вольга Сарока і Іна Югава.

20 жніўня спартовы тэлеканал «Беларусь 5» пакінулі 4 супрацоўнікі каналу: тэлевядоўцы Арташэс Антанян, Яраслаў Пісарэнка, Уладзіслаў Татур і кіраўнік аддзелу карэспандэнтаў Андрэй Іваноў.

22:08 22.8.2020

28-гадовага Мікіту Крыўцова з Жодзіна, які 10 дзён лічыўся зьніклым бязь вестак, знайшлі мёртвым

22 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова знайшлі нежывым у лесе ў Партызанскім раёне Менску. Як удакладніла Onliner прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч, яго труп быў знойдзены 22 жніўня павешаным на дрэве ў 14:00 у раёне вуліцы Парніковай.

Мікіта Крыўцоў апошні раз выходзіў на сувязь 12 жніўня. Жонка паведамляла, што ягоны тэлефон апошні раз быў уключаны ў раёне РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску (гэта непадалёк ад вуліцы Парніковай). З 12 жніўня ён лічыўся зьніклым бязь вестак.

«Я ня ведаю, удзельнічаў ён у мітынгах ці не, ня ведаю, ці быў ён затрыманы ці не, — распавяла яна жонка Мікіты Алена Крыўцова Onliner. — Ён 12-га жніўня перастаў выходзіць на сувязь — і ўсё: чалавек зьнік. А сёньня нам патэлефанавалі і сказалі, што яго знайшлі павешаным». Цалкам чытайце тут.

23:05 22.8.2020

Некалькі сотняў берасьцейцаў прыйшлі ўвечары на месца, дзе падчас пратэстаў атрымаў сьмяротнае раненьне Генадзь Шутаў

Некалькі сотняў берасьцейцаў прыйшлі на месца забойства Генадзя Шутава 22 жніўня. Людзі скандавалі «Не забудзем, не даруем!» і іншыя лёзунгі. Айцец Ігар Кандрацьеў прачытаў на месцы забойства малітву, паведамляе «Белсат».

Прысутныя ўсклалі кветкі да месца, дзе быў паранены Шутаў. Акцыя завяршылася хвілінай маўчаньня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG