Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на чатырнаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

23:25 22.8.2020

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа: заявы беларускага рэжыму пра пагрозы беспадстаўныя

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляе, што выказваньні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі аб вонкавых пагрозах, зь якімі сутыкаецца Беларусь, ня маюць пад сабой ніякіх падстаў, і таму мэта такіх выказваньняў — адцягнуць увагу ад унутраных праблем.

«Рэжым любой цаной спрабуе адцягнуць увагу ад унутраных праблем Беларусі, кажучы пра меркаваныя вонкавыя пагрозы, якія ня маюць пад сабой ніякіх падстаў», — сказаў прэзыдэнт у камэнтары BNS пра выказваньні Лукашэнкі, што каля мяжы Беларусі быў зафіксаваны «сур’ёзны рух» сіл NATO, што прывяло да ўвядзеньня высокай баявой гатоўнасьці.

23:27 22.8.2020

Дэпутат Варанецкі заклікаў расьсьледаваць факты гвалту сілавікоў

Валеры Варанецкі ў сваім Фэйсбуку пракамэнтаваў заяву міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які сказаў, што не даваў «камандаў на жорсткае абыходжаньне зь людзьмі, што на вуліцах, што па шляху канваяваньня, тым больш у месцах утрыманьня».

«Менавіта таму сёньня, не адкладаючы, наша праваахоўная сыстэма, дзяржава ў цэлым павінны апэратыўна даць прававую ацэнку таму, што адбылося. Факты гвалту, зьдзекаў і катаваньняў вядомыя са шматлікіх зваротаў грамадзян, у тым ліку і да нас, дэпутатаў», — напісаў Валеры Варанецкі.

Варанецкі перакананы, што па кожным звароце пацярпелых павінна быць праведзена належная і старанная праверка ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону, і вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Таксама дэпутат заявіў, што інфармацыя пра дапушчаныя парушэньні з боку сілавікоў павінна своечасова асьвятляцца ў СМІ.

23:58 22.8.2020

«Іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“», — мітрапаліт Кандрусевіч

22 жніўня, на ўрачыстай імшы з нагоды фэсту Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся наконт падзеяў у краіне, паведамляе catholic.by. Ён сказаў, што згодна з духам Эвангельля і сацыяльнага вучэньня Касьцёла ўлада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэньня грамадзянаў.

«У сучасным дэмакратычным грамадзтве нармальнай справай павінна быць розьніца поглядаў, а іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“ ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі. Пры гэтым кожная палітычная і грамадзкая сіла павінна служыць не сваім вузкім інтарэсам і выгодам, а ўсяму народу.

Каб гэта адбылося, неабходная перамена сэрцаў. Гэта першы і самы важны крок, які мы павінны зрабіць на шляху да перамен, якіх мы чакаем. Безь перамены сэрца ня будзе сапраўднай перамены грамадзтва», — сьцьвердзіў Тадэвуш Кандрусевіч. Цалкам чытайце тут.

23:59 22.8.2020

Акцыі ў Менску і Берасьці, Лукашэнка заявіў, што 60% сьведчаньняў пра катаваньні — «пастановачныя кадры». Найважнейшае за 22 жніўня

00:00 23.8.2020

Лідэр гурту «Дай Дарогу» Юры Стыльскі выйшаў на волю.

Пра гэта піша тэлеграм-канал «Белсату» са спасылкай на свайго карэспандэнта.

Стыльскага затрымалі ў Берасьці 20 жніўня. Лідэр гурту «Дай дарогу» Юры Стыльскі выйшаў на волю, паведамляе наш карэспандэнт. Музыка быў затрыманы ў Берасьці 20 жніўня.

00:18 23.8.2020

«Я правёў бы новыя выбары», — Зяленскі пра палітычны крызіс у Беларусі

У інтэрвію тэлеканалу Euronews украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі расказаў, што зрабіў бы для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі, калі б апынуўся на месцы Аляксандра Лукашэнкі.

«Давайце ўявім, што я ўпэўнены ў сабе, я ўпэўнены ў выбары народу. Я — упэўнены чалавек. Як можна ўсіх супакоіць? Я б дакладна сказаў — празь месяц новыя выбары. Я іду. Ідзіце, хто хоча. Міжнародныя назіральнікі — я ўсіх бы запрасіў, усіх. І сказаў бы народу Беларусі: калі ласка, выбірайце. І пасьля такога выніку ніхто б ня меў пытаньняў».

XS
SM
MD
LG