Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на чатырнаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

14:38 22.8.2020

У Глыбокім звольнілася 28-гадовая ідэоляг райвыканкаму і расказала пра тамтэйшыя норавы

У горадзе Глыбокае 21 жніўня звольнілася з працы 28-гадовая Марына Сакалоўская, намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі райвыканкаму.


Яна расказала TUT.BY, што падала заяву 10 жніўня, на наступны дзень пасьля выбараў прэзыдэнта, але кіраўніцтва адправіла яе ў адпачынак за свой кошт на 10 дзён — у спадзяваньні, што маладая спэцыялістка «адумаецца». Але дзяўчына свайго рашэньня не зьмяніла.

14:39 22.8.2020

Да прыезду Лукашэнкі ў Горадні арганізавалі мітынг у яго падтрымку «Любімую не аддамо»

Цэнтар Горадні перакрыты, як і раён Фолюш, празь які, як мяркуецца, праедзе Аляксандар Лукашэнка. 22 жніўня ён наведвае Гожаскі палігон.

Плошчу Леніна агарадзілі турнікетамі. На падыходах стаяць людзі ў цывільным адзеньні і ў масках.

На плошчу вялікімі калёнамі заходзяць людзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі, сьцягамі БРСМ і прафсаюзу. Куды ім станавіцца, кіруюць людзі на ўваходзе. Некаторыя ўдзельнікі ў кашульках або з налепкамі «За Беларусь».

Паставілі сцэну, гучаць песьні пра Беларусь.

14:39 22.8.2020

Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы Менску на акцыю супраць гвалту

14:50 22.8.2020

Лукашэнка пасьля масавых мітынгаў у Горадні звольніў кіраўніка аблвыканкаму, яго замяніў міністар Каранік

Замест Уладзімера Краўцова кіраваць уладай на Горадзеншчыне будзе экс-міністар здароўя Ўладзімер Каранік.

Горадня разам зь Менскам і Берасьцем была адным з цэнтрам супраціву гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі выбараў.

Уладзімер Каранік у Горадні (справа)
Уладзімер Каранік у Горадні (справа)

На патрабаваньне пратэстоўцаў тут неўзабаве выпусьцілі ўсіх затрыманых, мясцовае тэлевізія дала слова апанэнтам улады, было дазволена ладзіць акцыі пратэсту. Горадню нават назвалі «вольным горадам».

Аднак неўзабаве старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой у адмысловым відэазвароце заявіў, што «адліга заканчваецца», недазволеныя масавыя захады забараняюцца.

На сваёй пасадзе звольнены кіраўнік аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў працаваў ад 2013 году.

14:51 22.8.2020

Быхаўцаў палохаюць крымінальнай адказнасьцю за ўдзел у пратэстах. Міліцыя просіць пратэстоўцаў задумацца пра асабістую бясьпеку

У Быхаве (Магілёўская вобласьць) на ўдзельнікаў пратэставых акцыяў мясцовая міліцыя пачала складаць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а ў пракуратуры выпісваюць папярэджаньні аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Вядома, што пад адміністрацыйны перасьлед трапілі сама меней пяцёра пратэстоўцаў.

15:18 22.8.2020

Менск. „Ланцуг салідарнасьці“ рушыў на праспэкт Незалежнасьці

15:21 22.8.2020

Чым запомніўся Ўладзімер Каранік на пасадзе міністра аховы здароўя

Быў прызначаны міністрам 11 чэрвеня 2019 году. 22 жніўня 2020-га стаў кіраўніком Горадзенскай вобласьці.

Падчас эпідэміі каранавірусу ў Беларусі грамадзкасьць ставіла пад пытаньне афіцыйную статыстыку. Міністэрства адмаўлялася даваць статыстыку па гарадах, а пра першыя сьмерці ад вірусу паведамлялі журналісты.

Недахоп сродкаў засьцярогі для мэдычнага пэрсаналу вымусіў беларусаў пачаць маштабную кампанію падтрымкі ByCovid-19.

12 жніўня Ўладзімер Каранік назваў акцыю мэдыкаў супраць гвалту «зрэжысаваным мерапрыемствам». Пасьля акцыі быў затрыманы і зьбіты доктар-рэаніматоляг Багдан Шыльнікоўскі. З турмы на Акрэсьціна ён трапіў у рэанімацыю ў коме.

17 жніўня Каранік выйшаў да дактароў, якія пратэставалі перад Міністэрствам аховы здароўя. Людзі сустрэлі яго воклічамі «У адстаўку!». Міністар сышоў ад пратэстоўцаў.

15:31 22.8.2020

КДБ і МУС мусяць забясьпечыць парадак. Лукашэнка выступіў на мітынгу ў Горадні

«Людзі стаміліся. Мы прывыклі жыць у спакойнай талерантнай краіне. Людзі стаміліся, просяць спакойнага жыцьця. Мы павінны з гэтым заканчваць. Таму КДБ і МУС мусяць забясьпечыць парадак на вуліцах Горадні і ў іншых гарадах вобласьці».

Пра страйкі

«Вы сёньня спынілі „Гроднажылбуд“, вы спынілі будоўлю. Мы абыдземся сёньня без „Гроднажылбуду“, у нас дастаткова будаўнікоў у Беларусі.

Навошта сваімі рукамі сёньня зламаць тое, што мы стваралі дзесяцігодзьдзямі! Мы мусім спакойна жыць і разьвівацца. Я прашу „мэра“ і „губэрнатара“: калі нехта ня хоча працаваць, не прымушайце. Павесілі замок на браму... І разьбярыцеся з тымі».

«Тут ёсьць прыватныя прадпрыемствы, якія падштурхоўваюць людзей да страйку... У нас ёсьць усё тэлефонныя размовы. „Лавіць мянтоў“... Гэта вашыя людзі. Калі яны недзе ў нечым памыліліся, даруйце ім».

Што яшчэ сказаў Лукашэнка.

15:33 22.8.2020

БПЦ адмежавалася ад словаў горадзенскага архіяпіскапа пра беззаконьне ў Беларусі

Менская мітраполія Беларускай праваслаўнай царквы адмежавалася ад казані архіяпіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (Кішчанкі), які заявіў пра беззаконьне прадстаўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі.

«Любыя заявы ў сувязі зь цяперашняй няпростай сытуацыяй у Рэспубліцы Беларусі, зробленыя асобнымі прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы, зьяўляюцца формай выказваньня іх асабістай грамадзянскай пазыцыі і адлюстроўваюць выключна асабісты погляд заяўнікаў на тое, што адбываецца», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце БПЦ.

Арцемі выступіў з казаньню 16 жніўня. Ён сказаў, што царква не займаецца палітыкай, але «чыніцца беззаконьне». «Нашы людзі ператварыліся ў зьвяроў і разьдзіраюць сваіх жа братоў», — сказаў Арцемі. «Таму ў гэтым пасланьні мы кажам: Спыніцеся! Вы паступаеце не паводле Эвангельля! Вы паднялі руку на Хрыста і вам ня будзе прабачэньня! І справа ваша ніколі ня ўстоіць!»

15:42 22.8.2020

Tribuna: Старэйшы брат Дзевятоўскага зьдзейсьніў спробу суіцыду

Свабода паведамляла, што напярэдадні старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі зрабіў рэзанансны допіс у Фэйсбуку: «Аляксандар Лукашэнка — ня мой прэзыдэнт».

Колішні малатабоец і дэпутат Палаты прадстаўнікоў вядомы як шчыры прыхільнік палітыкі Лукашэнкі, ён шмат і ўхвальны выказваўся пра афіцыйнага кіраўніка.

У размове са спартовым парталам Tribuna.com Дзевятоўскі пацьвердзіў напісанае, сказаў, што ніхто ягоную старонку ня ўзламваў. Пазьней у камэнтары для «Нашай нівы» растлумачыў, што гэты запіс яго папрасіў зрабіць старэйшы брат Алег.

Паведамлялася, што Алег Дзевятоўскі — галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай у водных лыжах — 21 жніўня ў цяжкім стане быў дастаўлены ў лякарню. «Трыбуне» стала вядома, што ён зьдзейсьніў спробу суіцыду, перарэзаўшы сабе вены. Цяпер мэдыкі ацэньваюць ягоны стан як здавальняючы.

15:48 22.8.2020

Марш супраць забойстваў і гвалту ў Берасьці. УЖЫВУЮ

22 жніўня жыхары Берасця ідуць вуліцамі гораду ў памяць аб загінулых і пацярпелых падчас акцый пратэсту. 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.​


16:07 22.8.2020

Пасьля адмовы Ціханоўскай ад прэзыдэнцтва Захад можа сканцэнтравацца на патрабаваньні новых выбараў, — аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

Да сёньняшняга дня шмат якія краіны былі перад дылемай: прызнаваць Сьвятлану Ціханоўскую абраным прызыдэнтам ці не. З аднаго боку, вынікі галасаваньня там, дзе падлік быў без парушэньняў, сьведчаць пра яе пераканаўчую перамогу. З другога, няма колькі-небудзь канкрэтнай агульнай лічбы.

Акрамя таго, прызнаньне Ціханоўскай стварыла б унікальную для Эўропы апошніх дзесяцігодзьдзяў сытуацыю. Дастаткова сказаць, што новапрызначаныя паслы мусілі б уручаць даверчыя граматы не Лукашэнку, а Ціханоўскай, прычым ня ў Менску, а ў Вільні.

Знаходжаньне Ціханоўскай у статусе „прэзыдэнта ў выгнаньні“ на тэрыторыі ЭЗ увогуле спарадзіла б праблемы, якіх, магчыма, не пабаяўся б Чэрчыль (які ў свой час прыняў у Лёндане польскі ўрад), але якія для цяперашніх лідэраў былі б невыноснымі.

Адмовіўшыся лічыць сябе абраным прэзыдэнтам у інтэрвію „Белсату“, Ціханоўская дазволіла заходнім палітыкам захаваць аблічча, а таксама дала ім магчымасьць сканцэнтравацца на вызваленьні палітвязьняў і дамагацца новых выбараў у Беларусі, — лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

16:09 22.8.2020

Акцыя салідарнасьці ў Менску. Сотні пратэстоўцаў ідуць у калёне па вуліцах гораду

16:30 22.8.2020

Флэш-моб «Твая камэра» у Менску

На плошчы Перамогі праходзіць флэшмоб. Як кажуць арганізатары, мэта – нагадаць пра жудасныя падзеі 9-11 жніўня, нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў турме. Твая камэра – бо ў ёй можа апынуцца абсалютна любы чалавек, нават выпадковы, які выйшаў пакарміць коцікаў, проста сядзеў у машыне, ці прыехаў у РУУС высьветліць, куды забралі тваё дзіця.

16:52 22.8.2020

У Горадні падчас мітынгу за Лукашэнку затрымалі журналістаў

У Горадні на мітынгу з удзелам Аляксандра Лукашэнкі сілавікі затрымалі некалькі незалежных журналістаў.

У прыватнасьці міліцыянты затрымалі Ірыну Новік, рэдактарку спэцпраектаў рэсурсу Hrodna.life. Яе даставілі ў Ленінскі РАУС. Затрымалі таксама і ейнага мужа Анатоля Новіка. Абодва былі з дронам на плошчы Леніна падчас мітынгу з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

17.00 Ірыну Новік выпусьцілі з РАУС, правялі прафіляктычную размову, тэхніку аддалі, відэа з дрону выдалілі.

16:54 22.8.2020

Кадры зьбіцьця Лукашэнка назваў «пастановачнымі» і паабяцаў ад панядзелка «новыя парадкі»

Аляксандар Лукашэнка падчас мітынгу ў Горадні заявіў, што 60% фатаграфіяў і відэазапісаў са сьлядамі зьбіцьця сілавікамі затрыманых падчас пратэстаў — «пастановачныя кадры». «У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі, гэтыя 60% — пастановачныя кадры. Сёньня ня час пра гэта казаць, каб не трывожыць людзей. Пройдзе час, мы спакойна вам пра гэта скажам і пакажам», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка прыгразіў, што спробы ціску і пагрозы з боку праціўнікаў улады будуць жорстка спыняцца ўжо «ад панядзелка». У прыватнасьці, намякнуў на дзейнасьць Каардынацыйнай рады.

«Зьявілася так званая чорная сотня. Ужо дзе-нідзе сталі ўзьнікаць асобныя цэнтры, пакуль не завяла пракуратура крымінальную справу. Як толькі распачалі, палова ці больш разьбегліся, а іншыя схаваліся пад плінтус. Мы іх выцягнем. Субота, нядзеля на роздум. З панядзелка хай ня крыўдзяцца. Улада павінна быць уладай», — паабяцаў наступствы Лукашэнка. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:59 22.8.2020

Сьледчага, які звольніўся з СК на знак пратэсту супраць гвалту, затрымалі ў Расеі, — крыніца

Сьледчага Партызанскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Менску, капітана юстыцыі Андрэя Астаповіча затрымалі расейскія паліцыянты ўвечары 22 жніўня ў Пскове, паведаміла Свабодзе жанчына, якая дапамагала яму падчас перабываньня ў Расеі.

«Цяпер ён у паліцэйскім участку № 1 горада Пскова. Раніцай да яго не пусьцілі адваката і нічога не сказалі, чаму ён затрыманы і што зь ім будзе далей, — расказала жанчына праз тэлефон. —Дапамажыце. Вельмі страшна за жыцьцё Андрэя і свае жыцьці таксама».

Дзяжурны 1-га аддзелу паліцыі ўпраўленьня ўнутраных справаў Расеі ў Пскове адмовіўся пацьвердзіць затрыманьне Андрэя Астаповіча.

16 жніўня старэйшы Андрэй Астаповіч напісаў рапарт на звальненьне са Сьледчага камітэту і заклікаў беларусаў «змагацца да пераможнага канца, выганяючы дыктатара і безадказнасьць разам зь ім». Цалкам чытайце па спасылцы.

17:01 22.8.2020

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „Маёр крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго на гэта прамы загад“

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Юры, грузчык:

„Гэта было 10 жніўня, каля пяці вечара мы вярталіся з майго дня нараджэньня. Маршрутка спынілася каля Менгарвыканкаму, кіроўца сказаў, што далей не паедзе, праспэкт перакрыты. Мы з жонкай акуратна дайшлі да цырку, хацелі пайсьці на Нямігу, сесьці на грамадзкі транспарт і паехаць дадому. Каля парку Янкі Купалы чую крык: «Гэтага браць!».

На мяне накінуліся людзі ў формк і заламалі. Жонка спрабавала мяне трымаць, яе білі дубінкай па руцэ. Я крычу: Маша, сыходзь, хутчэй бяжы, дома трое дзяцей, будзе бяда!

Лупцаваць пачалі адразу, падвёўшы да жоўтага аўтобуса. У аўтобусе было чалавек дзесяць затрыманых. Сьледам за мной пачалі біць жанчыну, лупцавалі па галаве, яна страчвала прытомнасьць. Мы патрабавалі выклікаць «хуткую», але ўсіх, хто падаваў голас, жорстка зьбівалі, крычалі, што прыбыла «сьвежае мяса». Заштурхалі ў так званыя «стаканы» ў аўтазаку па пяць чалавек.

Нас прывезьлі ў РУУС Савецкага раёна, паставілі ўздоўж сьцяны. Усяго стаяла каля 80 чалавек. Пасьля гэтага мы роўна суткі «віселі на плоце»: з рукамі за галавой, тыльным бокам далоняў да патыліцы. Пэрыядычна ў двор выходзіў маёр, крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго ёсьць для гэтага прамы загад. Ён праходзіў уздоўж шэрагу людзей і зьбіваў іх дубінкай, некаторыя падалі, самлеўшы. Побач са мной стаяў чалавек са зламанай рукой, ніякай дапамогі яму не аказвалі. Ужо ноччу нам часам дазвалялі прысесьці на 15 хвілін, пасьля зноў падымалі.

Але самы кашмар пачаўся на наступны дзень, калі прыехалі аўтазакі развозіць затрыманых па турмах. Людзей білі сьмяротным боем, кожнага паасобку прымушалі бегчы ўздоўж плота, пакуль чалавек бег, яго зьбівалі. На гэтым усё ня скончылася. Нас паклалі на падлогу аўтазака, рукі заламвалі за сьпінай і зацягвалі петлямі так, што немагчыма было паварушыцца. Далей чытайце па спасылцы.

17:11 22.8.2020

Менск. Флэшмоб «Твая камэра». ФОТАГАЛЕРЭЯ

Акцыя пачалася а 16.00 на плошчы Перамогі, каля выхаду да вуліцы Захарава. Як кажуць арганізатары, мэта — нагадаць пра жудасныя падзеі 9–11 жніўня, нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў турме.

Твая камэра — бо ў ёй можа апынуцца абсалютна любы чалавек, нават выпадковы, які выйшаў пакарміць коцікаў, проста сядзеў у машыне ці прыехаў у РУУС высьветліць, куды забралі дзіця.

17:30 22.8.2020

Як трапіць на заблякаваны сайт і што такое VPN. Крок за крокам

У Беларусі масава заблякавалі сайты, якія ўлады палічылі непажаданымі: ад зьвязаных з выбарчай кампаніяй сайтаў «Голас» і Zubr.in да сайтаў выданьняў «Белсат», Радыё Свабода, Эўрарадыё, нават спартовай «Трыбуны». У першыя дні пасьля выбараў у Беларусі блякавалі практычна ўвесь «вонкавы» інтэрнэт. Як трапіць на заблякаваны сайт, чытайце наш пакрокавы гайд па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG