«Ланцуг пакаяньня» ад Курапатаў да Акрэсьціна, заблякаваныя дзясяткі проксі-сэрвэраў. Найважнейшае за 21 жніўня.
Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзі сталі ў 13-кілямэтровы «ланцуг пакаяньня».
Сьвятлана Ціханоўская і Ганна Канапацкая падалі скаргі ў Вярхоўны суд аб прызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. Гвалт трэба спыніць, палітычных зьняволеных — выпусьціць на волю, трэба правесьці свабодныя выбары, — сказала Ціханоўская. Яна спадзяецца, што Лукашэнка пачуе жаданьне народу, пойдзе на дыялёг і правядзе новыя выбары — празрыстыя і справядлівыя.
Аляксандар Лукашэнка сёньня пацьвердзіў, што замест журналістаў БТ, якія звольніліся на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў, беларускія ўлады запрасілі журналістаў з Расеі. Таксама, паводле яго, разглядаецца варыянт запрасіць шахтароў з Украіны замест працаўнікоў, якія страйкуюць на «Беларуськаліі».
МУС паведаміла, што ў першыя дні пасьля 9 жніўня былі сотні зваротаў аб зьнікненьні людзей. Паводле МУС, цяпер засталося ўсяго некалькі дзясяткаў. Міністэрства паведамляе, што большасьць тых, каго лічылі зьніклымі, знайшліся на адміністрацыйным арышце ці былі вызваленыя.
У Беларусі афіцыйна заблякавалі онлайн-плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў і дзясяткі проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх пры адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9–11 жніўня некаторыя карыстальнікі адкрывалі папулярныя мэсэнджары.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зьвярнуўся да калегаў-міністраў з краінаў Эўразьвязу. Ён наракаў, што пры «першых сур’ёзных выпрабаваньнях для станаўленьня нашай краіны» яны зноў адразу заклікаюць да санкцыяў. «Гэта ня першыя санкцыі ў нашай гісторыі. І наша гісторыя на гэтым ня скончыцца. Мы іх пройдзем гэтак жа, як і папярэднія. Вынік іх дзеяньня вам вядомы. Усе разам мы дакладна страцім час», — заявіў міністар.
У МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Караеў паскардзіўся мітрапаліту Кандрусевічу на СМІ і сказаў, што пратэсты не былі мірнымі.
«Беларуськалій» працуе, але сытуацыя на прадпрыемстве незразумелая, заявіў старшыня нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Юры Захараў. Паводле яго, з аднаго боку, дзейнічае страйкам, з другога, людзі ходзяць на працу. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што прафсаюз не вядзе страйку.
Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што Каардынацыйная рада не выступае супраць выхаду Беларусі з Саюзнай дзяржавы і ЭАЭС. «Мы проста не разглядаем гэтых пытаньняў, гэтага няма ў парадку дня нашых дыскусій, у нас іншы парадак дня, унутраны. А то цяпер пачнуць гаварыць, што мы нібыта прарасейскія. Мы прабеларускія», — заявіў ён.