Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» выступіла са зваротам да органаў дзяржаўнай улады, партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, грамадзян Расеі.
У выніку грубага парушэньня дзейнай уладай Канстытуцыі, законаў і міжнародных абавязаньняў Беларусі ў галіне выкананьня асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама аб’ектыўнага і заканамернага ў гэтых умовах грамадзкага пратэсту, разьвіваецца востры палітычны крызіс, гаворыцца ў звароце.
«Дэтанатарам масавага пратэсту сталі нахабныя дзеяньні выканаўчай вэртыкалі для фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і тэрору з боку сілавых структураў. Мінімум тры чалавекі забітыя, сотні пакалечаных, 7 тысяч затрыманых. Вядомыя шматлікія факты зьверскага зьбіцьця і катаваньняў грамадзян ня толькі на вуліцах гарадоў, але і ў месцах ізаляцыі затрыманых. Сваёй цынічнасьцю і жорсткасьцю яны не саступаюць злачынствам, якія тварылі фашысты».
Нягледзячы на тое, што пратэсты ў Беларусі маюць унутраныя прычыны, з вуснаў некаторых расейскіх палітыкаў і шэрагу СМІ яны тэндэнцыйна трактуюцца як «антырасейскія». Пры гэтым менавіта Аляксандар Лукашэнка ўжо працяглы час наносіць адчувальную шкоду двухбаковым адносінам». Досыць успомніць ягоную перадвыбарчую рыторыку, абвінавачаньні Масквы ў спробах разгайдаць сытуацыю.
«Ва ўмовах, калі абсалютная большасьць беларусаў не жадае далейшага знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта, заявы некаторых расейскіх палітычных дзеячаў служаць падарункам для тых вонкавых і ўнутраных сілаў, якія імкнуцца пасварыць нашыя народы. Гэтыя безадказныя дзеяньні нароўні са спэкуляцыяй самога Лукашэнкі, які заяўляе аб поўнай і безумоўнай падтрымцы яго з боку Крамля, наносяць калясальную шкоду двухбаковым адносінам».
У гэтай сытуацыі «Справядлівы сьвет» зьвяртаецца з заклікам да органаў дзяржаўнай улады, палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі:
- Падтрымаць беларускі народ у яго патрабаваньнях адстаўкі Лукашэнкі, які выкарыстоўвае для ўтрыманьня ўлады «фашысцкія мэтады»
- Асудзіць дзеяньні беларускіх уладаў, якія дапускаюць грубы гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў і простымі грамадзянамі
- Запатрабаваць выпусьціць усіх затрыманых і палітычных зьняволеных і спыніць перасьлед паводле палітычных матываў
- Садзейнічаць кансалідацыі намаганьняў грамадзян, палітычных і грамадзкіх арганізацыяў дзьвюх краін, якія выступаюць за разьвіцьцё суседзкіх адносінаў паміж народамі Беларусі і Расеі.