Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неафіцыйна: паліцыя ведае, чым атруцілі Навальнага


Бальніца хуткай дапамогі ў Омску, дзе знаходзіцца Аляксей Навальны
Бальніца хуткай дапамогі ў Омску, дзе знаходзіцца Аляксей Навальны

Транспартная паліцыя Расеі знайшла рэчыва, якім атруцілі Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміў дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Іван Жданаў.

Паводле яго, супрацоўніца паліцыі адмовілася раскрыць назву рэчыва яму і жонцы Навальнага Юліі, спаслаўшыся на тайну сьледзтва. Аднак удакладніла, што гэтае рэчыва сьмяротна небясьпечнае ня толькі для Аляксея Навальнага, але і для людзей, якія яго акружаюць: «усе навокал павінны знаходзіцца ў ахоўных касьцюмах».

Аднак намесьнік галоўнага доктара омскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі № 1 Анатоль Калінічэнка паведаміў, што атруты або сьлядоў яе знаходжаньня ў арганізьме шпіталізаванага напярэдадні ў Омску Аляксея Навальнага на сёньняшні дзень ня выяўлена. Ён расказаў, што аналізы працягваюць праводзіцца як у Омску, так і ў Маскве, паведамляе «РИА Новости».

Жонка Навальнага сказала, што не давярае шпіталю хуткай дапамогі № 1 Омску, у якім знаходзіцца яе муж. Яна лічыць, што лекары ўтрымліваюць палітыка ў клініцы і не даюць дазволу на яго перавоз на лячэньне ў Эўропу, «каб тое хімічнае рэчыва, якое знаходзіцца ў арганізьме Аляксея, зьнікла».

У Омскі аэрапорт імя Дзьмітрыя Карбышава раніцай 21 жніўня прыляцеў самалёт для эвакуацыі Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў коме, на лячэньне ў Нямеччыну. Пра гэта паведамілі РБК у прэс-службе аэрапорта.

Напярэдадні раніцай Навальны вяртаўся ў Маскву з Томску. У самалёце яму стала дрэнна. Самалёт пасадзілі ў Омску. Апазыцыянэра накіравалі ў шпіталь. Ён знаходзіцца ў коме і падлучаны да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Лекары пакуль не паведамлялі дыягназу Аляксея Навальнага. Яго паплечнікі лічаць, што палітыка атруцілі таксынамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG